Пяча́ткі Андрэ́я Альге́рдавіча — свінцовыя прывясныя пячаткі (маліўдавулы), якія належалі старэйшаму сыну вялікага князя літоўскага Альгерда, полацкаму і пскоўскаму князю Андрэю Альгердавічу. На сённяшні дзень вядомы два асобнікі гэтых пячатак, знойдзеныя падчас даследаванняў у Пскове і каля вёскі Вялікі Азярэцк у Беларусі. Пячаткі з’яўляюцца важнымі помнікамі сфрагістыкі Вялікага Княства Літоўскага XIV стагоддзя, якія сведчаць пра захаванне старажытнарускай традыцыі выкарыстання свінцовых бул і фарміраванне мясцовай полацкай протагеральдыкі.

Гісторыя знаходак Першы вядомы асобнік пячаткі быў выяўлены ў студзені 2018 года падчас археалагічных раскопак у пераадкладзеным пласце на Запскоўі, каля падмуркаў Варлаамаўскай вежы (пабудова канца XV — XVI стагоддзяў) у Пскове. Знаходка адбылася па-за тэрыторыяй Крома (пскоўскага дзядзінца), у месцы, якое не трапляла ў межы гарадскіх умацаванняў XIV стагоддзя.

Другі асобнік быў знойдзены выпадкова ў кастрычніку 2021 года мясцовым жыхаром В. В. Азекам. Пячатка знаходзілася на ворным полі на поўнач ад вёскі Вялікі Азярэцк Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Месцазнаходжанне вёскі ў Вiцебскай зямлi, але практычна на самай яе мяжы з Полацкай, мяжуючы адначасова з Лукомскiм княствам выглядае стратэгічна адметным з ваенна-палітычнага пункту гледжання.

Характарыстыка

Матэрыял і памеры Пячатка з Вялікага Азярэцка выраблена са свінцовага сплаву з пераважным утрыманнем свінцу. Паводле даследаванняў на шматканальным спектрометры і партатыўным рэнтген-флуарысцэнтным апараце, утрыманне свінцу (Pb) складае 95,88 % — 95,95 %. Памеры азярэцкай булы складаюць 30,06 × 32,01 мм, таўшчыня з рэльефам — ад 3,15 да 3,40 мм, маса пасля расчысткі — 21,30 г. На гурце выразна заўважныя сляды ўваходнай і выходнай адтуліны канала для шнура, якім пячатка мацавалася да дакумента. Шырыня канала ў тоўшчы булы не аднолькавая: яна пашыраецца ў пачатку і ў канцы. Дыяметр пскоўскага асобніка складае каля 28 мм.

Аверс Аверс пячатак фарміруе пяцірадковая кірылічная лінейная легенда. Тэкст на абодвух асобніках адрозніваецца ў дэталях, што сведчыць пра выкарыстанне розных матрыц. На пскоўскім асобніку надпіс утрымлівае імя па бацьку і чытаецца як: «пєча|ть кнѧж|а андрѣѥ|ва олиг(є)|рдович(а)».

На азярэцкім асобніку аб’ектная частка тытула вызначае падуладную тэрыторыю: «пєча|ть кнѧж|а *ндрѣє|ва поло|цкого».

Абедзве легенды маюць адметнасці графікі, напрыклад, выкарыстанне спецыфічнай формы літары «ч» (у выглядзе «» на азярэцкай) і розныя варыянты напісання літар у імені («ѥ» або «є»). Фанетычная і арфаграфічная варыятыўнасць («олиг(є)рдович» замест тыповага «Ольгердович») не з’яўляецца выключнай для тагачаснай сфрагістыкі.

Рэверс На адваротным баку абедзвюх пячатак змешчана выява ўзброенага вершніка на кані, скіраванага геральдычна налева. Ваяр узброены дзідай, скіраванай амаль вертыкальна, і мае адметны конусападобны шалом. Такая форма галоўнага засцерагальнага ўбору характэрная для парадна-баявых шаломаў усходнееўрапейскай эліты XIV стагоддзя: падобныя шаломы адлюстраваны на манетах Ягайлы і пячатках мазавецкіх князёў.

На выяве азярэцкага сфрагіса больш дасканала прапрацаваны дэталі: выразна бачна сядло з чапраком (вальтрапам). Важнай асаблівасцю з’яўляецца поўная адсутнасць німба над галавой вершніка, што сведчыць на карысць свецкага, а не рэлігійнага матыву выявы (у адрозненне ад традыцыйных выяў святых заступнікаў). Гэта дае падставы разглядаць выяву як партрэтную або сімвалічную дэкларацыю самога князя-эмітэнта. На ўмоўным рэверсе маліўдавула над хвастом каня таксама заўважна графема «Θ», падобная на сакральную лагаграму адаптаванага грэчаскага слова «ἅγιος».

Датаванне і атрыбуцыя Грунтуючыся на тэксце легенд і характэрнай для XIV стагоддзя тыпалогіі і іканаграфіі, даследчыкі ўпэўнена адносяць абедзве пячаткі да полацкага князя Андрэя Альгердавіча. Наяўнасць розных тытулаў (па бацьку на пскоўскай і геаграфічнага на азярэцкай) можа сведчыць пра іх выкарыстанне ў розныя перыяды або для розных юрысдыкцый.

Выраб матрыцы азярэцкага маліўдавула датуецца перыядам пасля ўваходжання Андрэя на полацкі сталец. Яго папярэднік Глеб-Нарымонт Гедымінавіч загінуў 2 лютага 1348 года, пасля чаго полацкім князем стаў Андрэй. Тэрмінам заканчэння (terminus ante quem) выкарыстання гэтай пячаткі лічыцца канец мая 1377 года (смерць Альгерда) і наступная зіма 1377/1378 гадоў, калі Андрэй Альгердавіч хутка страціў уладу над Полацкам і быў вымушаны збегчы ў Пскоў, а потым у Маскву.

Значэнне Выяўленне свінцовых маліўдавулаў Андрэя Альгердавіча з’яўляецца важным адкрыццём, якое даказвае, што ў XIV стагоддзі ў Полацкай зямлі не перарывалася старажытнаруская традыцыя выкарыстання свінцовых бул у дзяржаўным і прыватным дакументаабароце. У гэты ж перыяд у княжацкім асяроддзі Полацка сфарміравалася ўласная рэгіянальная протагеральдыка — выява ўзброенага вертыкальнай дзідай вершніка на кані, якая сістэматычна выкарыстоўвалася на пячатках полацкіх князёў, у тым ліку Глеба-Нарымонта і Сямёна-Лугвена.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Сфрагістыка Катэгорыя:Вялікае Княства Літоўскае Катэгорыя:Полацкае княства Катэгорыя:З’явіліся ў XIV стагоддзі Катэгорыя:Андрэй Альгердавіч