Маста́цкая галерэ́я імя́ Ю. М. Пэ́на — былая музейная ўстанова ў Віцебску, якая існавала ў 1939—1941 гадах. Была прысвечана творчасці мастака і педагога, аднаго з заснавальнікаў айчыннай школы жывапісу Юрыя Майсеевіча Пэна (1854—1937), а таксама захоўвала творы іншых мастакоў.
Гісторыя стварэння і дзейнасць Праз два гады пасля смерці майстра, у чэрвені 1939 года, у Віцебску адкрылася карцінная галерэя, названая яго імем. Экспазіцыя размясцілася ў былой кватэры мастака на Гогалеўскай вуліцы (цяпер вуліца Леніна) ў доме № 1/2. Першым дырэктарам установы стаў Пётр Абросімаў, вядомы ў будучыні дыпламат і намеснік старшыні Савета Міністраў БССР. Праз паўгода яго на пасадзе змяніла Любоў (Люба) Эстрына. Пасаду навуковага супрацоўніка з 16 жніўня 1939 года займала Яўгенія Сумнік, былая выкладчыца мастацкага тэхнікума.
Згодна з актам ад 29—31 мая 1939 года, які захаваўся ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці, у галерэю было перададзена 793 творы, якія да гэтага захоўваліся ў мясцовым гістарычным музеі. Аднак насупраць чатырох работ былі зроблены адзнакі аб тым, што яны раней не былі прыняты самім музеем, таму фактычна ў галерэю паступіла 789 твораў. Паводле спісаў Я. Сумнік, складзеных у 1940 годзе, у публічнай экспазіцыі галерэі знаходзілася 119 работ (у тым ліку палотны «Развод», «Гадзіншчык», «Дзяўчына з брошкай», «Сват», «Булачнік-хлебапёк», «Апошняя субота», «Швачка» і іншыя), а 707 палотнаў размяшчаліся ў запасніку (усяго 826 твораў). Артыкул у газеце «Советская Белоруссия» ад 2 сакавіка 1941 года сведчыў, што напярэдадні вайны ў галерэі захоўвалася ўжо 830 работ. Экспазіцыя карысталася вялікай папулярнасцю: у перадваенныя гады яе агледзела звыш 35 тысяч наведвальнікаў.
10 чэрвеня 1941 года ў памяшканні галерэі адкрылася перасоўная выстаўка, на якой, акрамя твораў Ю. М. Пэна, былі прадстаўлены работы мінскіх мастакоў Л. Альпяровіча і Я. Кругера.
Эвакуацыя калекцыі Дзейнасць галерэі была перапынена нападам Германіі на СССР. У першых чыслах ліпеня 1941 года дырэктар Л. Эстрына і навуковы супрацоўнік Я. Сумнік разам з іншымі работнікамі дэманціравалі экспазіцыю, спакавалі карціны ў драўляныя скрыні і даставілі іх на чыгуначную станцыю. Некаторыя палотны былі зняты з падрамнікаў і скручаны ў рулоны. Эвакуацыя калекцыі ажыццяўлялася ў адным вагоне разам з фондамі Віцебскага абласнога гістарычнага музея, якія суправаджала навуковы супрацоўнік А. Саламонік.
Пад Невелем эшалон трапіў пад бамбардзіроўку, аднак вагон з каштоўнасцямі не пацярпеў. Пасля доўгага шляху праз Куйбышаў віцебская галерэя апынулася ў Саратаве, куды карціны прыбылі 6 верасня 1941 года. Там творы Ю. М. Пэна, Л. Альпяровіча і Я. Кругера былі здадзены на часовае захоўванне ў Саратаўскі дзяржаўны мастацкі музей імя А. М. Радзішчава і размешчаны ў бамбасховішчы.
Значную ролю ў зберажэнні калекцыі адыграла будучая дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава, якая эвакуіравалася ў Саратаў з Мінска. На новым месцы ёй прапанавалі пасады намесніка дырэктара па навуцы і галоўнага захавальніка ў музеі імя А. М. Радзішчава, дзе яна ўсяляк спрыяла захаванню віцебскіх палотнаў.
Згодна з дакладной запіскай А. В. Аладавай сакратару ЦК КП(б)Б па прапагандзе ад 15 лістапада 1943 года і актам прыёму ад 29 верасня 1941 года, у саратаўскі музей паступіла 200 работ Ю. М. Пэна, 13 работ Я. Кругера, 28 работ Л. Альпяровіча (усяго 241 мастацкі твор, хоць па фактычным падліку нумароў іх было 240), а таксама 2 дываны з беларускім арнаментам і скрутак архіўных дакументаў. Сярод выратаваных палотнаў былі такія вядомыя творы Пэна, як «Развод», «Гадзіншчык», «Ліст у Амерыку», «Рогат смерці», дзве карціны пад назвай «Дзяўчына з незабудкамі» (ці «Дзяўчына з браткамі»), а таксама партрэты М. Шагала, В. Меклера, І. Туржанскага, М. Левашовай.
Лёс пакінутай спадчыны У выніку паспешлівай эвакуацыі ў акупаваным Віцебску засталося звыш 600 карцін, эцюдаў, эскізаў і графічных работ. Сярод іх былі не толькі палотны Ю. М. Пэна (у тым ліку каля 30 палотнаў у жанры «ню», карціны «Пасля забастоўкі ў 1905 годзе», «Завод Метпрам», «Сястра міласэрнасці», «Жанчына ля лесвіцы», «Дворнік выганяе жабрачку», «Адам і Ева», невядомы другі партрэт М. Шагала памерам 69x49 см і іншыя), але і акварэльны партрэт самога Пэна пэндзля М. Шагала, а таксама творы Л. Шульмана, Ю. Вінаградава, Ю. Клевера, Ладзіна і іншых мастакоў.
У гістарыяграфіі доўгі час існавала версія, што пакінутыя карціны загінулі ў ліпені 1941 года падчас пажару ці бамбардзіровак. У прыватнасці, краязнаўцы М. Рыўкін і А. Шульман сцвярджалі: «Астатнія экспанаты галерэі, як можна судзіць па словах відавочцы, загінулі яшчэ да ўступлення немцаў у Віцебск... Згарэў і дом на рагу вуліц Замкавай і Гогалеўскай, у якім жыў Ю. Пэн».
Аднак даследчык І. М. Багачоў на аснове архіўных дакументаў абверг гэты міф: будынак галерэі (дом № 1/2) і суседнія дамы не пацярпелі ад суцэльнага пажару летам 1941 года. Згодна з актам ад 21 кастрычніка 1941 года, маёмасць у «доме Пэна» знаходзілася ў здавальняючым стане і была прыстасавана акупацыйнымі ўладамі пад кафэ. Будынак быў разбураны значна пазней, падчас адступлення фашысцкіх войск у 1944 годзе.
Найбольш імавернай версіяй знікнення 600 палотнаў з'яўляецца іх мэтанакіраваны захоп і вываз нямецкімі акупантамі. Вываз музейнай маёмасці сістэматычна ажыццяўляўся прадстаўнікамі Аператыўнага штаба рэйхсляйтара Розенберга. Дырэктар Мінскага краязнаўчага музея ў гады акупацыі А. А. Шукелойць сведчыў, што атрымаў загад падрыхтаваць да вывазу ўсе работы яўрэйскага паходжання. Паводле яго слоў, карціны Ю. М. Пэна, Я. Кругера, С. Юдовіна і М. Шагала былі ўключаны ў спецыяльныя спісы і павінны былі быць накіраваны ў Аўстрыю, дзе нацысты планавалі стварэнне спецыяльнага музея яўрэйскай культуры (у Інстытуце гебраістыкі).
Існуе таксама асобная легенда, агучаная І. Малевічам, згодна з якой за мастацкімі архівамі Віцебскай школы (імаверна ўключаючы творы К. Малевіча і Ю. Пэна) прылятаў спецыяльны нямецкі атрад з тайнай арганізацыі «Анэнэрбэ», аднак яна не мае дакладнага дакументальнага пацверджання.
Рээвакуацыя і сучасны стан Працэс вяртання выратаванай часткі калекцыі з Саратава ў Беларусь праходзіў у некалькі этапаў і не аднамомантна. Напрыканцы 1943 года супрацоўніца Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР Алена Аладава адабрала ў Саратаве 37 палотнаў (19 работ Ю. М. Пэна, 14 работ Л. Альпяровіча і 4 работы Я. Кругера) і разам з рэстаўратарам саратаўскага музея І. Васільевым даставіла іх у Дзяржаўную Траццякоўскую галерэю ў Маскве для юбілейнай выстаўкі, прысвечанай 25-годдзю БССР. Пазней гэтыя работы былі перададзены ў Мінск.
Другі этап адбыўся ў маі 1946 года, калі начальнік Віцебскага абласнога аддзела мастацтваў Самсон Хазан атрымаў даверанасць на вяртанне астатняй часткі калекцыі. Згодна з вопісам, ён прыняў з саратаўскага музея 195 твораў жывапісу, сярод якіх былі 173 карціны Ю. М. Пэна, 12 работ Л. Альпяровіча, 9 карцін Я. Кругера і 1 работа невядомага аўтара, а таксама 2 дываны. Доўгі час яны ляжалі нераспакаванымі ў віцебскім Доме народнай творчасці. У 1947 годзе гэтыя экспанаты былі перададзены ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР у Мінску.
Трэці этап завяршыўся ў жніўні 1947 года, калі навуковая супрацоўніца музея імя А. М. Радзішчава П. Хасіна даставіла ў Маскву, а адтуль у Беларусь, яшчэ 7 забытых твораў: работы Ю. М. Пэна «Мужчына з парасонам» (карціна «Сват»), «Штукатур», «Шавец з газетай», «Партрэт Бетховена», і малюнкі Л. Альпяровіча «Краўчыха», «Аголены мужчына», «Дзяўчына».
У першыя пасляваенныя гады віцебскія ўлады мелі намер аднавіць галерэю імя Ю. М. Пэна ў родным горадзе мастака і нават запытвалі на гэта фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту (111 тысяч рублёў у 1947 годзе), аднак ідэя не была рэалізавана. Доўгі час выратаваныя палотны знаходзіліся ў запасніках Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, і толькі з 1960 года іх пачалі паступова перадаваць у Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Сёння ў дзяржаўных музеях Беларусі захоўваецца 224 мастацкія творы Ю. М. Пэна, з якіх 183 прадстаўлены ў Віцебскім мастацкім музеі.
Лёс астатніх 600 выкрадзеных карцін дагэтуль застаецца невядомым. У маі 2022 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была створана спецыяльная рабочая група з ліку мастацтвазнаўцаў і архівістаў для вывучэння абставін знікнення ў гады вайны карцін беларускіх мастакоў і пошуку страчанай калекцыі Ю. М. Пэна.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Музеі Віцебска Катэгорыя:З’явіліся ў 1939 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1941 годзе Катэгорыя:Мастацкія музеі Беларусі Катэгорыя:1939 год у Віцебску