Даданіцкая мова, таксама вядомая як ліх’янская, — старажытная, меркавана самастойная мова семіцкай моўнай сям’і. Выкарыстоўвалася ў аазісе Дадан (сучасны горад Аль-Ула) і каралеўстве Ліх’ян на паўночным захадзе Аравійскага паўвострава, верагодна, у другой палове першага тысячагоддзя да нашай эры. Звесткі пра мову грунтуюцца на корпусе эпіграфічных (накаменных) надпісаў, выкананых арыгінальным аднайменным пісьмом.

Гісторыя даследаванняў

Адкрыццё

Даданіцкія надпісы ў асноўным засяроджаныя ў аазісе Аль-Ула на паўночным захадзе Аравіі і ў ягоных ваколіцах. У старажытнасці гэтае паселішча было вядома як Дадан і, верагодна, з’яўлялася сталіцай каралеўстваў Ліх’ян (Дадан).

Першым еўрапейскім даследчыкам, які скапіяваў гэтыя надпісы падчас сваіх падарожжаў па рэгіёне ў 1876 годзе, быў брытанскі пісьменнік і падарожнік Чарльз Мантэгю Даўці. Пазней ягоную працу працягнулі іншыя навукоўцы, сярод якіх Шарль Юбер, Юліус Ойтынг, Антанін Жасэн і Рафаэль Савіньяк. На сённяшні дзень тэксты працягваюць даследавацца і сістэматызавацца ў межах буйных інтэрнэт-баз дадзеных, такіх як OCIANA («Інтэрнэт-корпус надпісаў Паўночнай Аравіі»).

Наменклатура

Да 1937 года ўсе надпісы, выкананыя рознымі формамі шрыфтоў у старажытным Дадане, абагульнена называліся «ліх’янскімі» (хаця часам некаторыя кароткія тэксты памылкова прылічвалі да мінейскага пісьма). Тэрмін «даданіцкае» ўпершыню выкарыстаў у 1932 годзе Губерт Грымэ, прапанаваўшы вылучыць асобную групу тэкстаў на аснове наяўнасці згадак цара Дадана, нетыповага для семіцкіх пісьменнасцяў кірунку пісьма (злева направа) або парадку чытання радкоў знізу ўверх.

У 1937 годзе Ф. В. Уінет прапанаваў уласны падзел на аснове формы літар: надпісы з паралельнымі вертыкальнымі лініямі ён лічыў раннімі («даданіцкімі»), а з лініямі, што сыходзяцца — пазнейшымі («ліх’янскімі»). У 1954 годзе Вернер Каскель паспрабаваў ускладніць гэтую сістэму, прывязаўшы яе да гістарычных перыядаў. Аднак высветлілася, што абедзве формы літар часта сустракаюцца ў адных і тых жа надпісах, што абвяргае храналагічную розніцу паміж імі.

У 2000 годзе лінгвіст Майкл К. А. Макдональд прапанаваў аб’яднаць усе гэтыя надпісы адзіным тэрмінам «даданіцкія» ў гонар старажытнай назвы аазіса, дзе знойдзена пераважная большасць тэкстаў. Макдональд падкрэсліваў, што гаворка ідзе пра лінгвістычную з’яву, а не пра прыналежнасць да пэўнай культуры або этнасу (па аналогіі з парай «араб» і «арабская мова»).

Сістэма пісьма

Даданіцкае пісьмо належыць да паўднёвасеміцкай сям’і шрыфтоў і ўтрымлівае такі ж набор з 28 фанем (гукаў), што і арабская мова. Ягонай унікальнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што даданіцкае пісьмо — адзіны старажытны прадстаўнік паўднёвасеміцкай сям’і, у якім выкарыстоўваліся matres lectionis («маці чытання» — практыка прымянення зычных літар для абазначэння доўгіх галосных гукаў, што значна палягчала прачытанне тэксту).

Лінвістычная класіфікацыя Граматыка даданіцкай мовы дагэтуль вывучана слаба, і для дакладнага вызначэння яе месца ў семіцкай моўнай сям’і патрабуюцца дадатковыя даследаванні. Нягледзячы на геаграфічную блізкасць, шэраг прыкмет даказвае, што яна не належыць да арабскай групы. Даданіцкая мова захавала некалькі архаічных формаў, якія, верагодна, былі страчаны яшчэ на стадыі фарміравання пратаарабскай мовы: Займеннікі: Захоўваецца анафарычнае (адсылачнае да папярэдняга кантэксту) выкарыстанне займенніка 3-й асобы hʾ. Таксама выкарыстоўваецца парны займеннік hmy (*/humay/). Часціцы: Адсутнічае інавацыйная форма *ḥattay (якая адпавядае класічнай арабскай ḥattā), аднак замест яе захоўваецца старажытная ʿdky (верагодна, вымаўлялася як */ʿadkay/). Назоўнікі: Не ўніфікуецца жаночы канчатак -at. Напрыклад, структура слова mrʾh (*/marʾah/ < *marʾat — «жанчына») адрозніваецца ад слова qrt (*/qarīt/ — «горад», «паселішча»; для параўнання, у арабскай — qaryatun). Дзеясловы: У некаторых помніках прысутнічае так званая C-аснова (каўзатыўная, або пабуджальная форма дзеяслова), якая пачынаецца з літары h-, а не з ʾ- (hafʿala замест ʾafʿala). У пратаарабскай мове ў гэтай форме адбыўся гістарычны пераход гуку h у ʾ. Артыклі: У тэкстах назіраецца варыятыўнасць пэўнага артыкля — сустракаюцца як форма h(n), так і ʾ(l). Фанетыка: Адбываецца спецыфічная дысіміляцыя (распападабненне) гуку *ṯ у /t/ у слове «тры»: пішацца tlt замест ṯlṯ.

Фаналогія і варыятыўнасць Аналіз корпуса тэкстаў паказвае, што ў Дадане магла існаваць розніца паміж строгай пісьмовай і паўсядзённай гутарковай мовамі. Напрыклад, шэраг надпісаў указвае на зліццё гукаў ẓ і ṭ у даданіцкай мове. Сумеснае выкарыстанне розных формаў дзеясловаў (каўзатываў на ʾ- і h-) у адных і тых жа надпісах сведчыць пра тое, што ў аазісе паралельна існавалі і ўжываліся розныя моўныя варыянты.

Калі гук ẓ сапраўды зліўся з ṭ, гэта дае падставы меркаваць, што ягоны рэфлекс у даданіцкай мове быў глухім. Падобная з’ява сустракалася ў старажытнаарабскай мове і, верагодна, уласцівая для дахілальскіх магрыбскіх дыялектаў.

Прыназоўнікі У корпусе даданіцкіх надпісаў засведчаны наступныя прыназоўнікі: ФормаЗначэннеʿly, ʿl«на», «дзеля»bʿd (*/bi-ʿad/)«дзеля»l«да», «для», паказчык прыналежнасці (роднага склону), «падчас»b«у», «на», «пры» (або паказчык інструментальнага склону / «кім», «чым»)qbl«перад»ḫlf«пасля», «за»mʿ«з» (разам з)mn (*/mina/)«з», «ад»ʿdky (*/ʿadkay/)«да», «аж да»ldy«з-за», «з прычыны», «на падставе»

Большасць вызначаных даданіцкіх прыназоўнікаў маюць прамыя этымалагічныя адпаведнікі (кагнаты) у іншых семіцкіх мовах, такіх як арабская і іўрыт, што дэманструе іхняе агульнае паходжанне: Прыназоўнікі ʿly / ʿl («на») дакладна адпавядаюць арабскаму ʿalā (على) і іўрыцкаму ʿal (עַל). Прыназоўнік mn («з», «ад») ідэнтычны арабскаму min (من) і іўрыцкаму min (מִן). Прыназоўнік qbl («перад») роднасны класічнаму арабскаму qabla (قبل). Прыназоўнік mʿ («з») мае кагнаты ў выглядзе арабскага maʿa (مع) і іўрыцкага ʿim (עִם).

Як і ў многіх іншых старажытных і сучасных семіцкіх мовах, адналітарныя даданіцкія прыназоўнікі, такія як b («у», «на») і l («да», «для»), з’яўляліся праклітыкамі. Гэта азначае, што на пісьме яны далучаліся непасрэдна да пачатку наступнага слова (назоўніка), да якога яны адносіліся. Гэтая асаблівасць злітнага напісання дагэтуль захоўваецца ў сучаснай арабскай мове (напрыклад, bi-khayr — بخير) і ў іўрыце (напрыклад, be-yisrael — בישראל).

Некаторыя прыназоўнікі ў даданіцкай мове маюць складаную марфалагічную будову і ўтварыліся ў выніку гістарычнага зліцця некалькіх асобных элементаў. Напрыклад, прыназоўнік bʿd («дзеля») паходзіць ад канструкцыі */bi-ʿad/, якая ўяўляе сабой спалучэнне праклітычнага прыназоўніка b- і кораня ʿd, у той час як складаны прыназоўнік ʿdky («аж да») сфарміраваўся з базы */ʿadkay/ — імаверна, праз аб’яднанне таго ж кораня ʿd і дадатковай часціцы ky.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Заходнесеміцкія мовы Катэгорыя:Мёртвыя мовы Азіі