БРЭЛЛ — электрычнае кальцо, якое аб’ядноўвала ў 2001—2025 гадах энергетычныя сістэмы пяці краін — Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы — з адзінай частатой току 50 Гц.
Паўстала з развалам СССР, калі ў 1992 годзе быў створаны электраэнергетычны савет (ЭЭС) Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Краіны Балтыі, якія адмовіліся ўваходзіць у СНД, да ЭЭС не далучыліся. Нягледзячы на гэта, іх энергасістэмы працягвалі працаваць паралельна з расійскай і беларускай. Аснову БРЭЛЛ склала Пагадненне аб паралельнай працы энергасістэм, падпісанае 7 лютага 2001 года. Яго заключылі нацыянальныя кампаніі-аператары: Белэнерга, «ЕЭС России», Eesti Energia, Latvenergo, Lietuvos energija. З 2001 па 2010 год бакі заключылі шэсць дадатковых пагадненняў, якія ўносілі змены ў зыходнае. Згодна з дакументам, краіны сфармавалі кальцо для паралельнай працы па электрасетках 330, 500 і 750 кВт. Пагадненне прадугледжвала ўзгадненне працы энергасістэм, магчымасць абмену электраэнергіяй і падтрымку рэзервамі пры аварыйных сітуацыях. Кальцо таксама забяспечвала электразабеспячэнне Калінінградскай вобласці, у якой няма сухапутных межаў з іншымі рэгіёнамі Расіі.
Вышэйшым органам была сустрэча кіраўнікоў бакоў пагаднення, рабочым органам, які рыхтаваў рэгламенты паралельнай працы, — Камітэт энергасістэм БРЭЛЛ.
У той жа час прыбалтыйскія рэспублікі ўзялі курс на інтэграцыю з Еўрапейскім Саюзам, што патрабавала перавязаць электрасістэмы з постсавецкіх краін на Еўрапейскую сетцу сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (European Network of Transmission System Operators for Electricity — ENTSO-E). Афіцыйна пра падобныя планы было ўпершыню заяўлена ў чэрвені 2007 года. З сярэдзіны 2010-х краіны Балтыі сталі будаваць энергамасты з іншымі членамі ЕС — да 2015 года Эстонія ўвяла ў эксплуатацыю два падводных энергакабеля Estlink (магутнасць — 1000 МВт), Літва — падводную лінію NordBalt са Швецыяй (700 МВт) і наземны электрамост з Польшчай LitPol Link (500 МВт).
У 2019 годзе краіны Балтыі падпісалі пагадненне аб сінхранізацыі з энергасістэмай Еўрасаюза. З пачаткам баявых дзеянняў ва Украіне ў 2022 годзе прыбалтыйскія рэспублікі загаварылі, што працэс трэба паскорыць, і дамовілася аб тым, каб завяршыць сінхранізацыю не пазней за люты 2025 года. У ліпені 2024 года Рыга, Вільнюс і Талін афіцыйна паведамілі Маскве і Мінску, што пагадненне аб БРЭЛЛ яны падаўжаць не будуць. Дакумент мінаў 7 лютага 2025 года, і краіны Балтыі аўтаматычна перасталі ў ім удзельнічаць 8 лютага, а ўжо 9 лютага ENTSO-E абвясціла аб паспяховай сінхранізацыі іх электрасістэм з сістэмай кантынентальнай Еўропы.
Гл. таксама Канфлікт вакол Беларускай АЭС
Спасылкі БРЭЛЛ: что это такое и что изменилось после выхода стран Прибалтики
Катэгорыя:ЭлектраэнергетыкаКатэгорыя:Беларуска-літоўскія адносіныКатэгорыя:Беларуска-латвійскія адносіныКатэгорыя:Беларуска-эстонскія адносіныКатэгорыя:Беларуска-расійскія адносіныКатэгорыя:Энергетыка Беларусі