Мікала́й (свецкае імя Нікадзі́м Фё́даравіч Раду́та; (паводле іншых звестак ) — ) — дзеяч Рускай праваслаўнай царквы, гісторык, архімандрыт. Ігумен Жыровіцкага Успенскага манастыра (1852—1884) і наглядчык Жыровіцкага духоўнага вучылішча (1850—1870). Унёс значны ўклад у аднаўленне і добраўпарадкаванне Жыровіцкага манастыра пасля скасавання царкоўнай уніі.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1815 годзе (паводле даных Валерыя Пазднякова — у 1821 годзе) у сям'і ўніяцкага святара Фёдара Адамавіча Радуты (нар. 1787), які служыў адміністратарам царквы ў вёсцы Хляўно Быхаўскага павета, а пазней — у вёсцы Нізгалава Лепельскага павета. Маці — Ганна Маркіяновіч.

Атрымаў адукацыю ў Полацкай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1841 годзе са званнем студэнта. Пасля гэтага працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, аднак у 1842 годзе вымушана перапыніў вучобу па стане здароўя. У тым жа годзе, 22 кастрычніка, быў пасвечаны ў святара да Успенскай царквы сяла Дабрыгор Лепельскага павета, а праз пяць дзён атрымаў прызначэнне лепельска-бешанковіцкім благачынным. З красавіка 1845 года служыў у Ільінскай царквы ў Бешанковічах, а ў студзені 1848 года быў пераведзены ў Віцебск да Рынкава-Васкрасенскай царквы. Акрамя прыходскага служэння, малады святар займаўся выкладчыцкай дзейнасцю: працаваў законавучыцелем у школе для бедных дзяўчат і ў Віцебскім дзявочым высакародным пансіёне. З ліпеня 1848 года выконваў абавязкі наглядчыка Віцебскага духоўнага вучылішча.

Аўдавеўшы, 21 лістапада 1848 года ў Віцебскім Свята-Мікалаеўскім кафедральным саборы прыняў манаскі пострыг ад архіепіскапа Полацкага і Віцебскага Васіля (Лужынскага) з імем Мікалай. У жніўні 1849 года быў узведзены ў сан ігумена Полацкай Барысаглебскай абіцелі. У студзені 1850 года працягнуў служэнне ў Вільні як выконваючы абавязкі наглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча.

Служэнне ў Жыровічах

Наглядчык вучылішча 1 снежня 1850 года ігумен Мікалай быў прызначаны наглядчыкам Жыровіцкага духоўнага вучылішча, а таксама стаў старшынёй праўлення гэтай установы. У вучылішчы ён выкладаў катэхізіс, свяшчэнную гісторыю, геаграфію, рускую і царкоўнаславянскую мовы, царкоўныя спевы і царкоўны ўстаў. Яго дзейнасць на гэтай пасадзе ацэньвалася сучаснікамі неадназначна: з аднаго боку, ён спрыяў развіццю ўстановы, з іншага — часта дзейнічаў на карысць манастыра на шкоду вучылішчу. Напрыклад, у 1852 годзе ён памяняў дзялянку дрэннай манастырскай зямлі на добры ўчастак, які належаў вучылішчу, а пазней завалодаў некаторымі вучылішчнымі памяшканнямі для патрэб манахаў. Гэта выклікала незадаволенасць часткі духавенства Літоўскай епархіі, якое нават патрабавала перавесці вучылішча ў Кобрын. Не маючы магчымасці працягваць кіраванне вучылішчам з-за пагаршэння здароўя і маючага адбыцца капітальнага рамонту будынкаў, 20 красавіка 1870 года Мікалай (Радута) быў звольнены з пасады наглядчыка па ўласным прашэнні, застаўшыся ігуменам манастыра. Тым не менш, ён працягваў клапаціцца пра адукацыю і ў 1880 годзе ахвяраваў у бібліятэку вучылішча больш за сто кніг і брашур.

Ігумен манастыра 15 жніўня 1852 года ігумену Мікалаю было даручана кіраванне Жыровіцкім Успенскім манастыром з захаваннем пасады наглядчыка вучылішча. 25 ліпеня 1853 года ён быў афіцыйна зацверджаны ігуменам, а 22 лютага 1859 года ўзведзены ў сан архімандрыта.

Архімандрыт Мікалай карыстаўся вялікай павагай мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі). Ігумен вызначаўся выключнай энергічнасцю і гаспадарчасцю. Пры ім пачалі апрацоўвацца і прыносіць карысць раней бясплодныя ўзгорыстыя землі манастыра. Былі праведзены маштабныя рэканструкцыі: у 1854 годзе на сродкі дабрачынцаў адрамантавана Яўленская царква, а ў 1859 годзе пабудаваны новы царкоўны калідор Успенскага сабора. У 1867—1869 гадах пад кіраўніцтвам Мікалая адбылася капітальная рэканструкцыя сабора, які набыў выразны праваслаўны выгляд (былі знятыя іконы на медных дошках з фасада, знікла вежа з гадзіннікам і інш.). Мітрапаліт Антоній (Мельнікаў) пазней назаве яго вялікім будаўніком Жыровіцкага манастыра, які ператварыў паўразбураную абіцель у цудоўны куток Святой Русі. Узрос і матэрыяльны дабрабыт абіцелі: манастыр атрымаў у арэнду млыны ў Ражане і ўрочышчы Вялікі Млын, павялічыліся даходы ад царкоўных сум.

Мікалай (Радута) вёў актыўную барацьбу супраць яўрэйскіх гандляроў і ўладальнікаў корчмаў у Жыровічах, лічачы іх прысутнасць шкоднай для маральнага стану мясцовых жыхароў, паломнікаў і вучняў духоўнага вучылішча, якім яны ўпотай прадавалі тытунь і іншыя забароненыя рэчы. Ён дабіваўся іх высялення, звяртаючыся да генерал-губернатара М. М. Мураўёва, аднак гэтая барацьба мела зменлівы поспех.

У адносінах да мясцовых жыхароў і манахаў ігумен вызначаўся вялікай строгасцю. Захаваліся звесткі пра скаргі сялян на жорсткія цялесныя пакаранні з яго боку, а таксама выпадкі, калі ён адмаўляў у прычасці сялянам, якія не хацелі адпрацоўваць на карысць манастыра. Братыі манастыра ён выдаваў жорсткія прадпісанні наконт прысутнасці на набажэнствах і недапушчальнасці ўмяшання ў справы суседніх прыходаў.

Падчас яго кіраўніцтва Жыровіцкі манастыр стаў адным з галоўных цэнтраў праваслаўя ў рэгіёне, штогод прыцягваючы тысячы паломнікаў. Мікалай стаў адным з ініцыятараў адраджэння Праабражэнскага праваслаўнага брацтва ў Слоніме (1866) і быў абраны старшынёй яго савета. Мэтай брацтва абвяшчалася супрацьдзеянне каталіцкай прапагандзе, падтрыманне храмаў і дабрачыннасць. Ён таксама актыўна ўдзельнічаў у асвячэнні новых і рэканструяваных праваслаўных цэркваў на Слонімшчыне, у тым ліку ў Пжавалоцы, Котчыне, Езярніцы, а таксама капліцы ў памяць аб рускіх воінах, загінулых у барацьбе з паўстанцамі 1863—1864 гадоў пад Мілавідамі.

Апошнія гады і смерць Доўгія гады архімандрыт Мікалай пакутаваў ад рэўматызму. 3 лютага 1884 года ўказам Свяшчэннага Сінода, згодна з пададзеным прашэннем, ён быў вызвалены ад пасады ігумена Жыровіцкага манастыра і пакінуты на спакоі. У апошнія гады жыцця ён быў паралізаваны і не мог самастойна перасоўвацца. Памёр 27 ліпеня (15 ліпеня паводле старога стылю) 1889 года. Пахаваны з усходняга боку ад Крыжаўзвіжанскай царквы манастыра. Яго магіла захавалася да нашых дзён.

Пасля яго смерці застаўся сын Мікалай (народжаны да прыняцця Мікалаем манаства), для якога архімандрыт набыў маёнтак Хмяльніца. Асабістыя рэчы і матэрыялы па гісторыі Жыровічаў, сабраныя архімандрытам, перайшлі да сваякоў і бясследна зніклі.

Узнагароды Набедранік (1846). Аксамітавая фіялетавая скуф'я (1847). Сінадальны крыж (1855). Бронзавы крыж на Уладзімірскай стужцы ў памяць аб Крымскай вайне 1853—1856 гадоў (1857). Бронзавы медаль на Андрэеўскай стужцы ў памяць аб вайне 1853—1856 гадоў (1858). Ордэн Святой Ганны 3-й ступені (1862). Ордэн Святой Ганны 2-й ступені (1865). Бронзавы медаль у памяць аб здушэнні паўстання 1863—1864 гадоў (1866). Ордэн Святой Ганны 2-й ступені з Імператарскай Каронай (1872). Ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені (1881).

Працы Архімандрыт Мікалай быў вядомы не толькі як гаспадарнік, але і як гісторык і краязнавец. Ён збіраў гістарычныя звесткі пра Жыровіцкую абіцель і публікаваў артыкулы, накіраваныя на папулярызацыю праваслаўнай гісторыі краю: О Жировицкой чудотворной Иконе Божией Матери и о Жировицкой обители (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1863). Материалы для истории Жировицкого монастыря (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1864). Копия подлинной грамоты, данной местечку Жировицам (перевод с польского) (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1864). Воззвание настоятеля с братиею Жировицкого монастыря к усердию благотворителей (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1865). Речь произнесенная настоятелем Жировицкого монастыря и смотрителем д. училища архимандритом Николаем при открытии Слонимского Преображенского братства (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1866). Жировицкая чудотворная икона Божией Матери и Жировицкая обитель (асобная кніга, Вільня, 1867). Поучение в день Нового Года (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1883). Речь пред совершением панихиды, в 300 летнюю годовщину смерти первого русского печатника, диакона Ивана Феодорова (Літоўскія епархіяльныя ведамасці, 1883).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1815 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёўскай губерні Катэгорыя:Памерлі 27 ліпеня Катэгорыя:Памерлі ў 1889 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Жыровіцах Катэгорыя:Праваслаўныя святары Беларусі Катэгорыя:Архімандрыты Катэгорыя:Выпускнікі Полацкай духоўнай семінарыі