61-е Венецыянскае біенале — 61-я міжнародная выстаўка сучаснага мастацтва, якая праходзіць у Венецыі (Італія) з 9 мая па 22 лістапада 2026 года (прэв’ю для прэсы і спецыялістаў пачаліся 6 мая). Выстаўка сабрала прадстаўнікоў з 99 краін свету. Сёлетняе біенале адзначылася маштабным крызісам, шэрагам палітычных спрэчак, забастоўкамі мастакоў і беспрэцэдэнтнай адстаўкай міжнароднага журы ў поўным складзе напярэдадні адкрыцця.

Беларусь на біенале прадстаўлена незалежным праектам «Official. Unofficial. Belarus», арганізаваным Беларускім свабодным тэатрам і незалежнымі мастакамі.

Тэма і цэнтральная выстаўка Тэма цэнтральнай выстаўкі — «У мінорных танальнасцях» (). Яна была абрана мастацкім кіраўніком біенале, камерунскай куратаркай Коё Куо, якая з’яўлялася дырэктаркай Музея сучаснага мастацтва Афрыкі імя Цайца ў Кейптаўне. Аднак у маі 2025 года Куо раптоўна памерла ад раку печані, таму яе бачанне рэалізоўвала каманда суаўтараў: Габэ Бекхерст Фейжу, Мары Элен Перэйра, Раша Салці, Сідхартха Мітэр і Роры Цапаі.

Тэкст куратарскай канцэпцыі абапіраўся на літаратурныя творы, такія як «Каханая» Тоні Морысан і «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсіі Маркеса. Паводле задумы Коё Куо, мінорныя танальнасці супрацьпастаўляюцца аркестраваму шуму і ваенным маршам, ажываючы ў прыглушаных танах і паэзіі. Цэнтральная экспазіцыя сканцэнтравана вакол шасці матываў: Алтары, Працэсіі, Школы, Цуд, Прастора для адпачынку і Перформанс.

На цэнтральную выставу былі запрошаны 110 мастакоў і калектываў, сярод якіх Лоры Андэрсан, Нік Кейв, Марсель Дзюшан (пасмяротна), Вангечы Муту і іншыя.

Нацыянальныя павільёны У біенале бяруць удзел 99 нацыянальных прадстаўніцтваў (павільёнаў), размешчаных у садках Джардзіні, Арсенале і іншых гістарычных будынках Венецыі. Сярод краін, якія ўпершыню прадставілі ўласныя павільёны на біенале: Гвінея, Экватарыяльная Гвінея, Наўру, Катар, Сьера-Леонэ, Самалі, В’етнам і Сальвадор.

Беларускі ўдзел: «Official. Unofficial. Belarus» Беларусь не ўдзельнічае ў біенале на дзяржаўным узроўні пасля палітычнага крызісу 2020 года, калі афіцыйны адбор быў раптоўна адменены Міністэрствам культуры. Аднак у 2026 годзе краіна прадстаўлена маштабным незалежным праектам «Official. Unofficial. Belarus» (бел.: Афіцыйна. Неафіцыйна. Беларусь), які прайшоў строгі конкурсны адбор і быў уключаны ў афіцыйную паралельную праграму 61-га біенале.

Выстаўка размешчана ў старадаўнім каталіцкім касцёле Сан-Джавані Евангеліста. Яе ініцыятарамі выступіў Беларускі свабодны тэатр, а куратаркамі сталі Даніэла Каляда і Наталля Каляда. Праект мае імерсіўны характар і прапануе гледачу фізічна і эмацыйна адчуць атмасферу таталітарызму, несвабоды і пастаяннага сачэння. Адкрыццё выстаўкі наведалі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка і Святлана Ціханоўская.

У праекце ўзялі ўдзел вядомыя беларускія творцы: Сяргей Грыневіч прадставіў манументальныя жывапісныя палотны, прысвечаныя тэмам падпарадкавання, прыгнёту і кантролю. Для мастака гэты ўдзел стаў кропкай невяртання — ён выехаў з Беларусі за дзень да абвяшчэння праекта. Сярод яго прац — карціна з пшанічным полем, якая суседнічае з 3D-інсталяцыяй. Уладзімір Цэслер стварыў інсталяцыю з традыцыйнымі беларускімі абярэгамі — саламянымі «павукамі», якія, аднак, зробленыя не з саломы, а з металічных турэмных рашотак. Яны навісаюць над полем пшаніцы. Мікалай Халезін стаў аўтарам канцэпцыі 2,5-метровай сферы, складзенай з 336 забароненых у Беларусі кніг (якія ляжаць на каўшы бульдозера). Сярод іх — творы Святланы Алексіевіч, Эн Эплбаўм, Уладзіміра Набокава, Маржан Сатрапі, Джэрома Сэлінджэра, Змітра Лукашука, Сашы Чарнухі і Евы Вежнавец. Вольга Падгайская напісала 20-хвілінную арганную і гукавую кампазіцыю (саўндскейп) спецыяльна для прасторы касцёла, якая спалучае рэзануючую цішыню з трывожнымі крэшчэнда. Расмус Мунк, зорны дацкі шэф-кухар рэстарана «Alchemist», стварыў гастранамічную метафару турэмнага зняволення. Гэта аплаткі колеру беларускай турэмнай робы з даданнем спецый, якія выклікаюць часовае здранцвенне языка і твару, сімвалізуючы страту надзеі і ізаляцыю.

Ключавымі візуальнымі і архітэктурнымі элементамі выстаўкі сталі крыж, цалкам сабраны з камер відэаназірання з чырвонымі індыкатарамі, а таксама інтэрактыўная канфесіянал-споведзь, дзе твар гледача счытваецца сістэмай распазнавання. Аўдыявізуальная частка ўключае галасы былых палітвязняў і лісты, якія зачытваюць сусветна вядомыя акцёры Стывен Фрай і Джыліян Андэрсан. Праект ствараўся пры актыўным удзеле былых беларускіх палітвязняў, якія пажадалі застацца ананімнымі з меркаванняў бяспекі сваіх блізкіх.

Паводле ацэнкі беларускага мастака і даследчыка Сяргея Шабохіна, праект працуе як «вялікая сцэнаграфічная пастаноўка» і дакладнае site-specific уварванне ў сакральную архітэктуру, эмацыйна і плакатна перадаючы траву цэнзуры і палітычнага гвалту.

Спрэчкі, пратэсты і крызіс біенале 61-е Венецыянскае біенале праходзіла на фоне беспрэцэдэнтнага палітычнага напружання і шматлікіх скандалаў, звязаных з удзелам прадстаўнікоў Расіі, Ізраіля, ЗША і іншых краін.

Адстаўка міжнароднага журы 22 красавіка 2026 года журы біенале абвясціла, што з маральных меркаванняў адмаўляецца разглядаць і ўзнагароджваць павільёны тых краін, чые кіраўнікі знаходзяцца пад ордарамі на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда, што напрамую тычылася Уладзіміра Пуціна і Біньяміна Нетаньяху. Гэта выклікала юрыдычны канфлікт з кіраўніцтвам біенале. 30 красавіка, за дзевяць дзён да адкрыцця, журы ў поўным складзе (Саланж Алівейра Фаркаш, Заі Бат, Эльвіра Д’янгані Асэ, Марта Кузьма і Джавана Дзапэры) падало ў адстаўку. З-за адсутнасці журы традыцыйная цырымонія ўручэння ўзнагарод (Залатых Львоў) была перанесена з дня адкрыцця на дзень закрыцця біенале (22 лістапада), а кіраўніцтва ўвяло дзве альтэрнатыўныя ўзнагароды — «Львы наведвальнікаў» (). «Залаты леў» за прыжыццёвыя дасягненні сёлета не ўручаўся ў сувязі са смерцю куратаркі Коё Куо.

Удзел Расіі Пасля прапушчаных біенале ў 2022 і 2024 гадах з-за ўварвання ва Украіну, Расія вярнулася на выставу ў 2026 годзе як уласнік свайго гістарычнага павільёна ў Джардзіні з выстаўкай «Дрэва сыходзіць каранямі ў неба». Гэтае рашэнне выклікала жорсткую крытыку. Міністр культуры Італіі Алесандра Джулі заявіў пра байкот цырымоніі адкрыцця — упершыню ў гісторыі біенале. Еўрапейская камісія прызнала допуск Расіі парушэннем санкцыйнага рэжыму і пазбавіла Фонд біенале гранта ў памеры 2 мільёнаў еўра.

Пад ціскам грамадскасці расійскі павільён быў закрыты для шырокай публікі і працаваў толькі ў дні прэв'ю для прэсы. На адкрыцці 6 мая каля будынка адбылася акцыя пратэсту з удзелам актывістак расійскага гурта Pussy Riot і ўкраінскага руху Femen. Актывісткі запалілі фаеры з фіялетавым дымам, а Надзея Талаконнікава выкрыквала лозунгі: «Мастацтва Расіі — гэта кроў» і «Курыруецца Пуціным, уключаючы трупы». Сярод прысутных на акцыі пратэсту была заўважана былая беларуская палітзняволеная Марыя Калеснікава. Удзел Ізраіля і забастоўка мастакоў Прысутнасць на выстаўцы Ізраіля (чый павільён размясціўся ў Арсенале) сутыкнулася з пратэстамі руху «Мастацтва супраць генацыду» (ANGA). Актывісты апублікавалі адкрыты ліст, які падпісалі больш за 200 удзельнікаў біенале. 5 мая адбыўся перформанс «Хор дронаў салідарнасці», а 6 мая — масавы мітынг з патрабаваннем закрыць «павільён генацыду». 8 мая мастакі і куратары абвясцілі забастоўку: у знак пратэсту супраць удзелу Ізраіля цалкам закрыліся павільёны Аўстрыі, Японіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Егіпта, Паўднёвай Карэі, Чэхіі і Славакіі.

Іншыя інцыдэнты ПАР: Міністр культуры ПАР скасаваў выставу мастачкі Габрыэль Галіяф «Элегія», відэаінсталяцыю, прысвечаную памяці ахвяр у Газе, палічыўшы яе занадта «супярэчлівай». Пасля гэтага краіна адклікала свой афіцыйны ўдзел, а мастачка паказала сваю працу незалежна ў венецыянскай царкве Сант-Антанін. ЗША і Аўстралія: Працэс выбару мастака ад ЗША (Альма Ален) быў раскрытыкаваны з-за нетыповага адбору ў абыход незалежнай камісіі. Брытанскі мастак Аніш Капур заклікаў выключыць ЗША з біенале з-за іх «палітыкі нянавісці і распальвання войнаў». Аўстралія першапачаткова адмяніла ўдзел свайго прадстаўніка Халеда Сабсабі, але пасля пратэстаў мастацкай супольнасці ён быў адноўлены ў правах.

Крыніцы

Катэгорыя:Венецыянскае біенале Катэгорыя:2026 год у мастацтве Катэгорыя:2026 год у Італіі Катэгорыя:Падзеі ў Італіі Катэгорыя:Падзеі ў Венецыі