Крышто́ф Мікала́й Радзіві́л (1590 — , Балоння, Папская вобласць) — князь, прадстаўнік нясвіжскай лініі роду Радзівілаў, сын Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі». Памёр у юнацтве ад воспы падчас навучання ў Балонскім універсітэце.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1590 годзе ў сям’і ардыната Нясвіжскай ардынацыі, вялікалітоўскага дзяржаўнага дзеяча Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі» і яго жонкі Альжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх. Меў старэйшых братоў Яна Ежы і Альбрэхта Уладзіслава.

Атрымаў выдатную адукацыю. Навучаўся ў езуіцкіх калегіумах у Бранева і Нясвіжы, пасля ў Віленскай акадэміі і ў Аўгсбургу. У 1605 годзе разам з братамі выправіўся ў Італію, дзе працягнуў навучанне ў Балонскім універсітэце. У Балонні вывучаў права, філасофію і логіку пад наглядам апекуна, каноніка Жагеля.

Хвароба і смерць Як сведчыць канонік Жагель у сваім падрабязным апісанні хваробы князя «De processu morbi quo affectus fuit illustrissimus princeps Christophorus Nicolaus Radziuil», да пачатку хваробы Крыштоф Мікалай быў здаровым і поўным сіл юнаком. Аднак яшчэ да выяўлення першых сімптомаў ён здаваўся «запаволеным» (phlegmaticus), «азызлым» (plenus humoribus) і «бледным» (pallidus). У час Вялікага посту перад Вялікаднем 1607 года ён старанна пасціўся, ужываючы толькі рыбу, што магло аслабіць яго арганізм.

Першыя сімптомы Праз 5-6 дзён пасля Вялікадня, які ў 1607 годзе прыпаў на 15-16 красавіка, стан маладога князя пачаў імкліва пагаршацца. Ён пакутаваў ад моцных галаўных боляў (dolor capitis), высокага потавыдзялення (sudor) і поўнай страты апетыту. Неўзабаве да гэтых сімптомаў дадаліся моцны боль у плячы і спіне, млоснасць і ваніты жоўтай сліззю. Нягледзячы на пагаршэнне стану, Крыштоф Мікалай спрабаваў працягваць навучанне нават лежачы ў ложку, просячы апекуна чытаць яму творы Марка Аўрэлія.

Дыягназ і лячэнне 28 красавіка пачаўся «першы дзень падзення», а ўжо праз два дні, у нядзелю, на досвітку на твары, грудзях і плячах з’явіліся маленькія чырвоныя пухіры (pustulas). Лекары, якія аглядалі князя, зразумелі, што хвароба вельмі сур’ёзная. У той жа дзень у яго пачалася моцная ліхаманка, а пухіры хутка распаўсюдзіліся па ўсім целе. На чацвёрты дзень хваробы ўрачы паставілі канчатковы дыягназ — воспа (variolae). Пухіры змянілі колер з чырвонага на цёмна-сіні, што сведчыла пра цяжкую форму хваробы.

Лячэнне праводзілася ў адпаведнасці з тагачаснай гумаральнай тэорыяй і было накіравана на «ачышчэнне» арганізма ад «шкодных сокаў». Напачатку князю прапісалі слабільнае (medicinam purgantem), а для зняцця болю ў плячах і грудзях ужывалі мазь з міндальнай мукі. Калі з’явіліся пухіры, былі пастаўлены медыцынскія банкі (cucurbitules). На чацвёрты дзень, пасля пастаноўкі дыягназу, пачалі выкарыстоўваць больш моцныя, «экзатычныя» сродкі: безааравы камень, які прынёс лекар кардынала Бенедэта Джустыніяні, і напой з тоўчанага ізумруду. Аднак гэтыя лекі не палегчылі пакут хворага. У апошні дзень былі ўжыты клізмы (clisteria applicantur) і «сярэбраныя інструменты», магчыма, для ўскрыцця гнойных пухіроў.

Ізмучаны цяжкай хваробай, Крыштоф Мікалай Радзівіл памёр у пятніцу, 4 мая 1607 года, у Балонні.

Памяць

Цела князя было перавезена ў Нясвіж і 7 жніўня 1608 года пахавана ў сямейнай крыпце Радзівілаў у касцёле Божага Цела. Яго бацька, Мікалай Крыштоф «Сіротка», заказаў для сына рэнесанснае надмагілле з бюстам юнака, выкананае, як мяркуецца, венецыянскім скульптарам Чэзарэ Франка. На пліце быў выбіты надпіс:

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Памерлі ад воспы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1590 годзе Катэгорыя:Памерлі 4 мая Катэгорыя:Памерлі ў 1607 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Балонні