Стары горад Аль-Ула, таксама вядомы як Ад-Дзіра ( — «Вёска»), — старажытнае арабскае паселішча (цяпер бязлюднае) ў мухафазе Аль-Ула правінцыі Эль-Медына, Саудаўская Аравія. З’яўляецца рэдкім узорам традыцыйнай ісламскай урбаністыкі, дзе глінабітныя і каменныя будынкі засталіся некранутымі пасля таго, як жыхары пакінулі іх у XX стагоддзі. Сёння Ад-Дзіра лічыцца важным аб’ектам культурнай спадчыны, а яе гісторыя налічвае больш за семсот гадоў. Горад месціцца ўсяго за 22 кіламетры ад знакамітага археалагічнага помніка Мадаін-Саліх (Хегра).
Архітэктурнае аблічча Старога горада ўнікальнае сваёй шчыльнасцю: каля тысячы дамоў пабудаваны настолькі блізка адзін да аднаго, што паселішча выглядае як адзіная масіўная крэпасць. Такая планіроўка забяспечвала не толькі эфектыўную абарону, але і стварала натуральную прахалоду ў вузкіх і звілістых завулках. Уся тэрыторыя горада традыцыйна падзелена на два асноўныя кварталы — Аш-Шакік у паўночнай частцы і Аль-Хаф у паўднёвай. Унутры захаваліся не толькі жылыя дамы, але і старадаўнія мячэці і рынкі, якія стагоддзямі служылі цэнтрам грамадскага жыцця аазіса.
Сёння праводзяцца работы па захаванні і рэканструкцыі помніка, у тым ліку дзеля турыстычных мэт.
Гісторыя
Аль-Ула была заснавана арабамі-мусульманамі ў непасрэднай блізкасці ад мясцовага аазіса. Тутака ж побач знаходзіліся руіны старажытнага горада Дадана, які калісьці быў сталіцай аднайменнага царства і насяляўся рознымі неарабскімі семіцкімі плямёнамі. Пры ўзвядзенні будынкаў Аль-Улы мясцовыя будаўнікі паўторна выкарыстоўвалі каменныя блокі з руін Дадана як будаўнічы матэрыял. Паселішча была пабудавана на ўзвышанай частцы даліны, каб пазбегнуць паводак, якія здараюцца ў сезон дажджоў.
Перыяд росквіту горада прыпадае на XII—XV стагоддзі (VI—IX стагоддзі па хіджры). Гэтаму паспрыяў задняпад суседняга цэнтра Карх (вядомага сёння як Аль-Мабіят), размешчанага на поўдзень ад Аль-Улы. Горад стаў важным пунктам на гандлёвых шляхах, што злучалі поўдзень Аравійскага паўвострава з поўначчу. Акрамя гандлю, Аль-Ула мела значную рэлігійную ролю: пачынаючы з VII—VIII стагоддзяў, яна з’яўлялася адной з асноўных станцый на шляху паломнікаў з Дамаска ў Меку. Значэнне горада як транспартнага і духоўнага вузла захоўвалася да пачатку XX стагоддзя, пакуль будаўніцтва Асманскай імперыяй Хіджазскай чыгункі не змяніла лагістычную структуру рэгіёна.
Пісьмовыя згадкі Географ Якут аль-Хамаві тлумачыў паходжанне назвы і рэлігійнае значэнне горада наступным чынам: «Аль-Ула (з „дамай“ над першай літарай і вымаўляецца коратка) — форма множнага ліку ад „Аль-Уля“ (Вышэйшая). Гэта назва мясцовасці ў даліне Вадзі аль-Кура паміж гэтай далінай і Шамам. Тут спыняўся Прарок (мір яму і благаславенне Алаха) на сваім шляху ў Табук і пабудаваў мячэць на тым месцы, дзе здзяйсняў малітву».
Цытата Ібрагіма ібн Шуджа аль-Ханафі, датаваная пачаткам XIII стагоддзя, якая дае ўяўленне пра ландшафт і побыт горада: «Аль-Ула — гэта пясчаная зямля паміж дзвюма высокімі гарамі, за якімі ідзе цясніна, потым даліна з багатай расліннасцю, а за ёй — крыніцы і сам горад Аль-Ула. Пасярод даліны расце шмат пальмаў і пладовых дрэў. Горад невялікі, размешчаны на вяршыні малага пагорка, мае прэсныя крыніцы для земляробства і свайго эміра. Падарожнікі пакідаюць там свае рэчы на захаванне».
Архітэктура і планіроўка
Большасць будынкаў Старога горада Аль-Ула датаваны XII—XV стагоддзямі. Жылыя дамы тут звычайна мелі два паверхі. Першы паверх адводзіўся пад вестыбюль для прыёму гасцей і гаспадарчыя памяшканні, якія выкарыстоўваліся як сховішчы для харчовых запасаў сям’і. Другі паверх быў цалкам жылым: там знаходзіліся пакоі для адпачынку і сну, кухня, туалет і невялікі адкрыты дворык. Асаблівасцю мясцовай архітэктуры былі асобныя пакоі, якія будаваліся прама над пешаходнымі вулачкамі (зукак), ствараючы своеасаблівыя крытыя пераходы.
У горадзе налічвалася пяць мячэцяў: тры зусім невялікія і дзве буйныя, прызначаныя для пятнічнай малітвы. Адну з іх — Масджыд ас-Сахра (; «Мячэць Скалы») — узвёў мясцовы фундатар Ахмед ібн Юсра на месцы дамоў, спецыяльна знесеных для гэтай мэты. Мячэць была перададзена ў карыстанне вернікам як вакуф (бестэрміновы рэлігійны дар). Другая вялікая мячэць лічылася галоўнай у паселішчы і была вядомая як Масджыд аль-Куда (; «Мячэць Суддзяў»). Сваю назву яна атрымала ў гонар уплывовай сям’і правазнаўцаў Аль-Куда, якая гістарычна кіравала ўсімі справамі мячэці, уключаючы заклік да малітвы, чытанне пропаведзяў і кіраўніцтва малітвамі.
Захаваныя помнікі Гістарычная крэпасць Аль-Улы (таксама вядомая як крэпасць Мусы ібн Нусайра). Тантура — гістарычны сонечны гадзіннік (мізола), які адзначаў пачатак сельскагаспадарчага сезона і з’яўляўся незаменным арыенцірам для паўсядзённага жыцця, сезонных цыклаў земляробства і рэгулявання часу размеркавання вады. Яна таксама дала назву фестывалю «Зіма ў Тантуры» (). Сонечны гадзіннік у паўднёвай частцы паселішча.
Крыніцы
Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты ў Саудаўскай Аравіі Катэгорыя:Аазісы Саудаўскай Аравіі Катэгорыя:Аль-Ула