Аляксандра Аляксандраўна Мамаева () — беларуская грамадская і палітычная актывістка, прадстаўніца беларускай дыяспары ў Славеніі. Удзельнічала ў стварэнні Народных амбасадаў Беларусі, з’яўляецца прадстаўніцай гэтай арганізацыі ў Славеніі. Кіраўніца Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады. У 2025 годзе ўзначальвала прадстаўнічую дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Біяграфія і грамадская дзейнасць Грамадскую дзейнасць пачала ў 1998 годзе ў Брэсце ў няўрадавай арганізацыі «Цэнтр гуманітарных даследаванняў і інфармацыі „Форум“». Пазней далучылася да Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўзначальвала яе моладзевую структуру ў Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе ўдзельнічала ў кампаніі па прыцягненні моладзі да прэзідэнцкіх выбараў.

Скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці, звязанай з гісторыяй і сацыяльна-палітычнымі дысцыплінамі. У 2004 годзе спыніла актыўную палітычную дзейнасць і выехала з Беларусі. Жыла ва Украіне і Расіі, дзе займалася палітычнымі кампаніямі, арганізацыяй мерапрыемстваў і турыстычным бізнесам. У 2012 годзе пачала займацца яхтавым бізнесам. У 2015 годзе пераехала ў Славенію.

Народныя амбасады і дзейнасць у Славеніі Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года далучылася да дзейнасці беларускай дыяспары. У жніўні 2020 года брала ўдзел у арганізацыі акцый салідарнасці ў Трыесце і Любляне, а пазней увайшла ў ініцыятыўную групу па стварэнні Народных амбасадаў Беларусі.

У 2024 годзе на III Канферэнцыі беларусаў свету прапанавала вылучаць для дыяспары тры асноўныя напрамкі дзейнасці: дапамогу беларусам унутры і за межамі краіны, захаванне беларускай культуры і ўмацаванне арганізацыйных структураў на выпадак палітычных зменаў.

У сакавіку 2024 года прадстаўнікі Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі ўдзельнічалі ў працы па ўдакладненні для беларусаў працэдуры атрымання пашпарта замежніка ў Славеніі пасля спынення беларускіх консульскіх паслуг за мяжой. У краіне быў зафіксаваны першы выпадак выдачы такога дакумента беларускаму дзіцяці.

У кастрычніку 2024 года правяла акцыю Camino for Belarus — 300-кіламетровую пілігрымку да Санцьяга-дэ-Кампастэла ў падтрымку беларускіх палітвязняў у межах кампаніі «Галасы праз межы».

Зялёная эканоміка У 2022—2023 гадах удзельнічала ў праекце Belarus’ Green Economy: Opportunities for Reform and Development, які рэалізоўваў даследчы цэнтр CASE у супрацоўніцтве з эканамічнай камандай Офіса Святланы Ціханоўскай. У 2023 годзе была пазначана як каардынатарка па зялёнай эканоміцы эканамічнай каманды Офіса Святланы Ціханоўскай.

Спробы вербавання Мамаева паведамляла, што з 2021 года атрымлівала паведамленні ад асоб, якіх яна звязвала з беларускім КДБ. Паводле яе слоў, ёй прапаноўвалі супрацоўніцтва ў абмен на бяспечнае вяртанне ў Беларусь. У 2024 годзе адна з такіх асоб, паводле Мамаевай, спрабавала ўвайсці ў давер пад выглядам кліента яхтавага бізнесу і цікавілася беларускімі дыяспарнымі ініцыятывамі.

Пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і затрымання Рамана Пратасевіча ў 2021 годзе Мамаева звярнулася ў славенскую паліцыю і падала дакументы на міжнародную абарону. У 2025 годзе пасля знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яна паўторна звярнулася да славенскіх праваахоўнікаў. Пасля гэтага мясцовая паліцыя правяла для яе інструктаж па бяспецы.

Каардынацыйная рада Мамаева з’яўляецца прадстаўніцай фракцыі «Еўрапейскі выбар» у Каардынацыйнай радзе і кіраўніцай яе Міжнароднай камісіі. У 2025 годзе Бюро Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы зацвердзіла яе старшынёй прадстаўнічай дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у ПАРЕ. У лістападзе 2025 года таксама брала ўдзел у дыскусіі Рады Еўропы, прысвечанай транснацыянальным рэпрэсіям супраць беларусаў у выгнанні. У маі 2026 года ўдзельнічала ў выбарах у Каардынацыйную раду ад спісу «Еўрапейскі выбар».

Вотум недаверу ад фракцыі 6 чэрвеня 2026 года фракцыя паведаміла пра вынясенне Мамаевай вотуму недаверу. У паведамленні фракцыі рашэнне тлумачылася «абгрунтаванымі перасцярогамі» ў інтарэсах бяспекі спісу і фракцыі.

Мамаева адхіліла абвінавачванні і заявіла, што ёй не прадставілі доказаў. Сярод прэтэнзій, паводле яе тлумачэнняў, былі сцвярджэнні пра нібыта перасылку ўнутранай перапіскі трэцім асобам, прысваенне вынікаў чужой працы і кансультацыі пра будучую працу Міжнароднай камісіі без належнага ўзгаднення. Мамаева заявіла, што не перадавала закрытую інфармацыю і што кансультацыі праводзіла ў межах сваіх паўнамоцтваў кіраўніцы Міжнароднай камісіі.

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан заявіў, што ўнутраныя рашэнні фракцыі не пазбаўляюць Мамаеву мандата дэлегаткі Каардынацыйнай рады. Для пазбаўлення мандата, паводле яго, патрабуецца рашэнне самой Каардынацыйнай рады, а не асобнай фракцыі.

Крыніцы

Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі Катэгорыя:Члены фракцыі Еўрапейскі выбар Катэгорыя:Члены Аб’яднанай грамадзянскай партыі