«Граматыка беларускай мовы» — фундаментальная двухтомная акадэмічная апісальна-нарматыўная граматыка сучаснай беларускай літаратурнай мовы, падрыхтаваная ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Першы том — «Марфалогія» — выйшаў у Мінску ў 1962 годзе, другі — «Сінтаксіс» — у 1966 годзе.Граматыка беларускай мовы. Т. 1: Марфалогія / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. К. К. Атраховіч (Крапіва), М. Г. Булахаў. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1962. — 540 с.Граматыка беларускай мовы. Т. 2: Сінтаксіс / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. К. К. Атраховіч (Крапіва), М. Г. Булахаў, П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 756 с.
Выданне было першай двухтомнай акадэмічнай граматыкай сучаснай беларускай літаратурнай мовы; наступнай працай такога тыпу стала Беларуская граматыка 1985—1986 гадоў.Шакун Л. М. Вывучэнне беларускай мовы ў 1976—1985 гг. // Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1976—1985) / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч; навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мінск, 1993. — С. II—III. У Беларускай энцыклапедыі праца характарызуецца як фундаментальная акадэмічная граматыка.
Падрыхтоўка і задачы
Неабходнасць стварэння абагульняльнай граматычнай працы аўтары звязвалі з патрэбай сістэмнага навуковага апісання граматычнага ладу сучаснай беларускай літаратурнай мовы і ўдакладнення яе граматычных норм. У прадмове да першага тома праца непасрэдна вызначалася як апісальна-нарматыўная: яе мэтай было не толькі апісаць граматычную сістэму, але і вызначыць літаратурныя нормы ў выпадках варыянтнасці формаў і канструкцый.
Пры вызначэнні нормы асноўным крытэрыем аўтары лічылі ступень пашыранасці формы або канструкцыі ў тагачаснай агульналітаратурнай мове. Разам з сучаснай вуснай і пісьмовай практыкай улічваліся асаблівасці беларускай літаратурнай мовы другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя і адхіленні ад літаратурнай нормы пад уплывам народных гаворак.
Пры пабудове першага тома аўтарскі калектыў арыентаваўся на прынцыпы тагачаснай акадэмічнай граматычнай традыцыі, у тым ліку на структуру «Грамматики русского языка» 1952—1954 гадоў. У прадмове такі падыход тлумачыўся структурнай блізкасцю беларускай і рускай моў.
Падрыхтоўка другога тома праводзілася ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 1961—1965 гадах пад кіраўніцтвам М. Г. Булахава. Аўтары адзначалі, што да яго выхаду асобныя пытанні беларускага сінтаксісу ўжо разглядаліся ў працах Яўхіма Карскага, манаграфіях, падручніках і дыялекталагічных даследаваннях, аднак абагульняльнай працы, прысвечанай сінтаксічнаму ладу сучаснай беларускай літаратурнай мовы, не існавала.
Структура і змест
Том 1. Марфалогія
Першы том «Марфалогія» выйшаў у 1962 годзе ў Выдавецтве Акадэміі навук БССР пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Крапівы) і М. Г. Булахава. Аб'ём выдання склаў 540 старонак.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны ўказальнік (1825—1965 гг.) / склад. А. Д. Васілеўская, М. Л. Жыдовіч, Я. М. Рамановіч, А. К. Юрэвіч; рэд. Л. М. Шакун. — Мінск: Навука і тэхніка, 1967. — № 2086.
Нягледзячы на назву тома, яго змест не абмяжоўваўся ўласна марфалогіяй. У ім разглядаліся агульныя пытанні граматыкі і яе сувязей з іншымі мовазнаўчымі дысцыплінамі, словаўтварэнне, сістэма часцін мовы, іх граматычныя катэгорыі і формы, а таксама пытанні акцэнтуацыі. У прадмове да другога тома змест першай часткі працы быў абагульнена ахарактарызаваны як аналіз марфалагічнай сістэмы, акцэнталагічных норм і словаўтварэння сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
У граматыцы вылучаліся дзесяць часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціца і выклічнік. Пры характарыстыцы часцін мовы ўлічваліся іх лексіка-граматычнае значэнне, сістэма форм, словаўтварэнне і асаблівасці сінтаксічнага ўжывання.
Раздзелы першага тома былі размеркаваны паміж васьмю аўтарамі: М. Г. Булахаў — «Уводзіны» і «Прыметнік»; А. І. Наркевіч, Л. І. Бурак і З. Ф. Краўчанка — розныя часткі раздзела «Назоўнік»; Б. С. Лапаў — «Лічэбнік», «Займеннік» і частка раздзела «Дзеяслоў»; П. П. Шуба — частка раздзела «Дзеяслоў» і «Прыслоўе»; А. М. Базыленка — «Прыназоўнік», «Часціцы» і «Выклічнік»; П. М. Гапановіч — «Злучнік».
Агульнае кіраўніцтва аўтарскім калектывам першага тома ажыццяўляў М. Г. Булахаў.
Том 2. Сінтаксіс
Другі том «Сінтаксіс» выйшаў у 1966 годзе ў выдавецтве «Навука і тэхніка» пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Крапівы), М. Г. Булахава і П. П. Шубы. Аб'ём тома склаў 756 старонак.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1966—1975) / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч; рэд. М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — № 2225.
Задачай аўтарскага калектыву было дастаткова поўна апісаць сінтаксічныя сродкі тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, структуру і ўжыванне сінтаксічных адзінак і прынцыпы арганізацыі выказвання. Матэрыялам служылі тэксты розных функцыянальных стыляў, пры гэтым улічваліся вынікі дыялекталагічных даследаванняў і развіццё сінтаксічных норм беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стагоддзях.
Значнае месца ў томе займае вучэнне пра словазлучэнне. Аўтары распрацавалі падрабязную класіфікацыю назоўнікавых, прыметнікавых, займеннікавых, лічэбнікавых, дзеяслоўных і прыслоўных словазлучэнняў, даследавалі граматычныя сувязі паміж іх кампанентамі, а таксама структуру простага і складанага сказа. У бібліяграфічным аглядзе беларускага мовазнаўства 1966—1975 гадоў другі том характарызаваўся як найбольш поўнае на той час апісанне беларускага сінтаксісу ў межах вялікай апісальна-нарматыўнай граматыкі.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1966—1975) / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч; рэд. М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — С. 31—32.
Пры класіфікацыі некаторых сінтаксічных з'яў аўтары свядома адыходзілі ад ранейшых схем. У прадмове асобна адзначаліся новыя падыходы да вылучэння структурна-граматычных тыпаў выказніка, канструкцый з далучальнай сувяззю і класіфікацыі складаназалежных сказаў.
Аўтарамі раздзелаў другога тома былі М. Г. Булахаў, Л. І. Бурак, І. К. Германовіч, З. Ф. Краўчанка, Б. С. Лапаў, А. І. Наркевіч і П. П. Шуба. М. Г. Булахаў падрыхтаваў раздзел пра прыметнікавыя словазлучэнні; Л. І. Бурак — раздзелы пра адасобленыя даданыя члены, складаназлучаныя і бяззлучнікавыя складаныя сказы, устаўныя канструкцыі і сказы з параўнальнымі зваротамі; І. К. Германовіч — пра галоўныя члены сказа; З. Ф. Краўчанка — пра аднародныя члены сказа. Б. С. Лапаў апісаў лічэбнікавыя і займеннікавыя словазлучэнні, віды простых сказаў, парадак слоў і спосабы перадачы чужой мовы; А. І. Наркевіч — агульнае вучэнне пра словазлучэнне, назоўнікавыя і дзеяслоўныя словазлучэнні, даданыя члены сказа, зваротак і пабочныя канструкцыі; П. П. Шуба — прыслоўныя словазлучэнні і складаназалежныя сказы.
Нарматыўныя прынцыпы
Адной з асноўных задач граматыкі было ўстанаўленне і кадыфікацыя граматычных норм беларускай літаратурнай мовы. Аўтары зыходзілі з рэальнага ўжывання граматычных форм і канструкцый, але адначасова імкнуліся ацэньваць наяўную варыянтнасць і адрозніваць агульналітаратурныя з'явы ад вузкадыялектных і іншых абмежаваных ва ўжыванні форм.
Нарматыўная задача была істотнай і для сінтаксічнага тома. Пры яго падрыхтоўцы даследаваліся змены ў сінтаксічнай сістэме беларускай літаратурнай мовы на працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў: аўтары адзначалі канструкцыі, якія выйшлі з ужытку або змянілі стылістычную характарыстыку, а таксама новыя мадэлі, што пашыраліся ў тагачаснай моўнай практыцы.
Такім чынам, праца мела адначасова апісальны і кадыфікацыйны характар: яна сістэматызавала граматычныя сродкі беларускай літаратурнай мовы і давала нарматыўную ацэнку іх ужыванню.
Значэнне
«Граматыка беларускай мовы» стала адной з асноўных абагульняльных прац беларускага мовазнаўства другой паловы XX стагоддзя. У Беларускай энцыклапедыі яна ўключана ў лік фундаментальных акадэмічных прац Інстытута мовазнаўства і названа сярод найважнейшых вынікаў даследавання сучаснай беларускай мовы.
У прадмове да акадэмічнай «Кароткай граматыкі беларускай мовы» 2007 года «Граматыка беларускай мовы» і «Беларуская граматыка» 1985—1986 гадоў названы фундаментальнымі працамі, якія адыгралі істотную ролю ва ўнармаванні беларускай літаратурнай мовы. Там жа адзначана, што яны сталі тэарэтычнай і факталагічнай базай вучэбнай літаратуры па беларускай мове для розных узроўняў адукацыі.Кароткая граматыка беларускай мовы: у 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія / навук. рэд. А. А. Лукашанец. — Мінск: Беларуская навука, 2007. — 351 с. — С. 3—4.
Матэрыялы двухтомніка працягвалі выкарыстоўвацца і ў наступных акадэмічных выданнях і даведачных працах. У прыватнасці, «Граматыка беларускай мовы» ўваходзіць у спіс асноўнай літаратуры ў энцыклапедычным артыкуле пра граматыку беларускай мовы, а ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» 1977—1984 гадоў абодва тамы выкарыстоўваліся як адна з крыніц граматычнага матэрыялу.
Рэцэнзіі
На першы том пасля яго выхаду была апублікавана рэцэнзія П. У. Сцяцко ў «Настаўніцкай газеце» 17 жніўня 1963 года. На двухтомнае выданне ў 1967 годзе адгукнуўся Н. Шэўчык у артыкуле «Агрэхі грунтоўнай працы» ў газеце «Літаратура і мастацтва».
Крыніцы
Гл. таксама
Граматыкі беларускай мовы Беларуская граматыка (1985—1986) Беларускае мовазнаўства Граматыка Марфалогія (мовазнаўства) Сінтаксіс Інстытут мовазнаўства НАНБ
Катэгорыя:Граматыкі беларускай мовы Катэгорыя:Кнігі 1962 года Катэгорыя:Кнігі 1966 года Катэгорыя:Кнігі на беларускай мове
Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Граматыка