Юзаф Франк (пол. Józef Frank, 23 снежня 1771, Раштат - 18 снежня 1842, Кома ) — нямецкі ўрач, доктар медыцынскіх навук (1791); у 1804–1824 гадах жыў у Вільні, з 1805 года прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта.Wrzosek Adam. Frank Józef // Polski Słownik Biograficzny. T. VII. S. 85-87.
Біяграфія Яго бацькам быў аўстрыйскі лекар Ёган Петэр Франк.
Пачаў вучобу ва ўніверсітэце Гётынгена, адкуль перавёўся ва ўніверсітэт Павіі, дзе атрымаў ступень доктара медыцыны.
У 1804 г. бацька і сын Франкі, якія на той час абодва працавалі ў Вене, былі запрошаны рэктарам Віленскага універсітэта Геранімам Страйноўскім і куратарам Віленскай навучальнай акругі Адамам Чартарыйскім прыехаць выкладаць у Віленскі універсітэт. Юзаф Франк толькі што здзейсніў доўгую навуковую падарожжу па англійскіх і шатландскіх універсітэтах і шпіталях, а затым па нямецкіх і французскіх медыцынскіх цэнтрах, пасля чаго меў намер апублікаваць «апісанні і нататкі пра шпіталі і клінікі», якія ён агледзеў. Па вяртанні ў Вену ён атрымаў прапанову ад Падуанскага ўніверсітэта, але адмовіўся ад яе, не жадаючы расставацца з сям'ёй і старым бацькам.
Каб завабіць славутых дактароў у Вільню і апярэдзіць канкурэнтаў, прафесарская рада прапанавала абодвум Франкам выключныя ўмовы. Ёгану Петэру Франку прапанавалі дзве прафесарскія пасады, два аклады і службовы дом, а таксама гарантыю таго, што яго сын атрымае ў спадчыну гэтыя кафедры. Юзафу Франку абяцалі кафедру паталогіі і дадатковы курс агульнай тэрапіі. Чакалася, што ён дапаможа арганізаваць медыцынскую клініку ва ўніверсітэце.Elena, Vishlenkova, Sergiei, Zatravkin. "Polish medicine in the Russian Empire in the first third of the 19th century" Quarterly Journal of the History of Science and Technology. Jun 27, 2019.
У 1804 г. Віленскі універсітэт купіў у сына віцебскага ваяводы Антона Празора дом на Вялікай вуліцы №1, які быў адрэстаўраваны архітэктарам Міхалам Шульцам, абсталяваўшым у доме 10 жылых кватэр. Адам Чартарыйскі адну кватэру аддаў сям'і Юзафа Франка. Яго кватэра знаходзілася ў паўночнай частцы вулічнага корпуса.
Прыехаўшы ў Вільню, бацька і сын Франкі пачалі выкладаць у Віленскім універсітэце. Ёган Петэр Франк у 1804 г. заснаваў ва універсітэце тэрапеўтычную клініку, кіраўніцтва якой пасля яго ад'езду ў Санкт-Пецярбург узяў на сябе яго сын Юзаф Франк. Гэта была навацыя, паколькі большасць еўрапейскіх універсітэтаў у той час не мелі клінік. Клініка спачатку мела дзве палаты па 6 ложкаў. Пры ёй дзейнічала амбулаторыя. У гэтай клінцы Франк чытаў практычны курс клінічнага лячэння, падкрэсліваючы цесную сувязь клінічных дысцыплін з медыцынскай тэорыяй. Вялікую ўвагу ён надаваў клінічнай дыягностыцы. У 1805–1806 гг. у клінцы лячыліся 135 хворых. Бедных і дзяцей лячылі бясплатна.
12 снежня 1805 г. у кватэры Юзафа Франка, на Вялікай вул., 1, было заснавана Віленскае медыцынскае таварыства. Яго заснавальнікамі былі Юзаф Франк, Анджэй Снядэцкі, Аўгуст Людвік Бекю, Фердынанд Шпіцнагель і інш. Першымі членамі таварыства, акрамя заснавальнікаў, былі Людвіг Генрых Баянус, Ян Фрыдрых Нішкоўскі, Канстанцін Парцянка, Мікалай Мяноўскі, Ян Фрыдрых Вольфганг, Ян Лобенвейн і інш. Таварыства падрыхтавала і выдала настановы аб некаторых інфекцыйных хваробах, імкнулася пазбавіць медыцынскую навуку ад забабонаў.
У 1808 г. Юзаф Франк выдаў у Лейпцыгу першы том свайго твора «Acta instituti clinici caesareae universitetatis Vilnensis» («Працы клінічнага інстытута Імператарскага Віленскага універсітэта»). У гэтым творы Франк шмат месца прысвяціў кіраванай ім клініцы ўнутраных хвароб. У тым жа годзе выйшаў II том, у якім апісаны хваробы параненых у вайне 1807 г. Усяго было выдадзена тры тамы гэтай кнігі. Найважнейшая праца Юзафа Франка — 14-томны трактат па практычнай медыцыне «Praxeos medicae universae praecepta» (1811-1843).
Даследаваў у Вільні захворвальнасць і смяротнасць мясцовага насельніцтва, выявіў сувязь паміж распаўсюдам хваробаў і кліматам.
Па ініцыятыве Юзафа Франка ў Вільні пачалі выдавацца медыцынскія часопісы. У іх Франк апублікаваў артыкулы пра грудную жабу, хваробы горла, каклюш і інш.
Пры Віленскім універсітэце сфарміравалася «франкаўская» медыцынская школа. Пад яго навуковым кіраўніцтвам былі выхаваны першыя прафесары медыцыны, ураджэнцы Беларусі - Канстанцін Парцянка, Міхаіл Гамаліцкі, Фелікс Рымкевіч, Вінцэнт Герберскі. Абаев Ю.К. Истоки медицинского образования в Беларуси (XVIII–XIX вв.). Медицинский журнал. 2026;(3):149-156.
У 1808 г. пры тэрапеўтычнай клінцы Юзаф Франк разам з Аўгустам Людвікам Бекю заснаваў Інстытут вакцынацыі. У Вільні і яе ваколіцах пачалі шчапіць людзей ад воспы. Лабарантамі ў інстытуце працавалі студэнты універсітэта.
У тым жа годзе Юзаф Франк заснаваў Анатамічны музей.
У 1808 г. па ініцыятыве Юзафа Франка была адкрыта хірургічная клінка на 13 ложкаў з дзвюма палатамі (адна палата прызначалася для мужчын, другая — для жанчын).
У Медыцынскім інстытуце, заснаваным па ініцыятыве Юзафа Франка, за дзяржаўны кошт утрымлівалася 30 студэнтаў, пазней колькасць студэнтаў павялічылася. Франк быў кіраўніком гэтага інстытута.
У 1809 г. па ініцыятыве Юзафа Франка ў Вільні быў заснаваны Інстытут мацярынства, прызначэннем якога было аказанне дапамогі бедным маці і ўдовам. Парадзіхам дапамагала акушэрка. За час свайго існавання інстытут дапамог 398 парадзіхам.
У 1815 г. у памяшканнях тэрапеўтычнай і хірургічнай клінік Юзаф Франк адкрыў акушэрскую клінку, у якой праводзіліся практычныя заняткі па акушэрстве.
Кіраваў медыцынскай клінкай да 1823 г. Летам 1823 г., ужо стаўшы сапраўдным жыхаром горада Вільні пасля 20 гадоў жыцця тут, Юзаф Франк вырашыў выехаць з Вільні. У сваіх успамінах ён пісаў: «Найцяжэй развітвацца з хворымі, сябрамі і горадам, у якім я зазнаў шмат добрага.»
Пакінуўшы Вільню, Юзаф Франк пасяліўся ў Італіі, дзе на французскай мове напісаў успаміны пра сваё жыцце, вялікая частка ўспамінаў прысвечана жыцці ў Вільні (выкуплены ў нашчадкаў Райнальдам Тызенгаўзам і перададзены Віленскаму медыцынскаму таварыству). Юзаф Франк памёр 18 снежня 1842 г. у Ламбардыі, на поўначы Італіі. Пахаваны ў 20-метровай пірамідзе ўласнага дызайну.
Сям'я Жонка Юзафа Франка, Крысціна Герардзі Франк, была вядомай спявачкай, вучаніцай кампазітара Франца Юзафа Гайдна. Гайдн у 1798 г. напісаў для яе галоўную партыю ў араторыі «Стварэнне свету». У Вене выступала разам з Людвігам ван Бетховенам.
У Вільні Крысціна Франк арганізоўвала дабрачынныя канцэрты, яе віленскія канцэрты сталі модным сродкам дапамогі бедным жыхарам.
Франкі запрашалі ў Вільню знакамітых еўрапейскіх музыкантаў, якія на просьбу Франкаў, давалі ў Вільні канцэрты. Атрыманыя даходы Юзаф Франк накіроўваў на дапамогу і лячэнне хворых. Першы такі канцэрт быў праведзены 6 студзеня 1805 г.
Дзякуючы супругам Франкам у Віленскім гарадскім тэатры, які тады размяшчаўся ў былой ратушы, 17-18 лютага 1809 года была пастаўлена араторыя Гайдна "Стварэнне свету", дзе Крысціна выконвала партыі Арханёла Гаўрыіла і Евы.
Працы
Acta Instituti Clinici Caesareae Universitatis Vilnensis. 1808, ann. 1
Acta Instituti Clinici Caesareae Universitatis Vilnensis. 1808, ann. 2
Acta Instituti Clinici Caesareae Universitatis Vilnensis. 1812, ann. 3-6
Discours sur la police médicale des prisons lû a la séance genérale de l'Academie de Vilna le 28 juin 1806. Vilna : impr. J. Zawadzki, 1806.
O poznawaniu i leczeniu choroby zapalenia krtani croup zwaney. Wilno: J. Zawadzki, 1808
Mémoire sur l'origine et la nature de la plique polonoise : lû à la séance litteraire privée de l'Université Imperiale de Vilna le 16 janvier 1814. Vilna, 1814.
Listy Józefa Franka do Gotfryda E. Grodka. Lwów : [s.n.], 1929
Публікацыі дзённіка Рукапіс дзённіка ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта
Pamiętniki dra Józefa Franka. T. 1. Wilno: Tow. Udziałowe "Kurier Litewski", 1913.
Pamiętniki dra Józefa Franka. T. 2. Wilno: Tow. Udziałowe "Kurier Litewski", 1913.
Pamiętniki dra Józefa Franka. T. 3. Wilno: Tow. Udziałowe "Kurier Litewski", 1913.
Frankas Jozefas. Atsiminimai apie Vilnių. Vilnius: Mintis, 2001.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў 1842 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1771 годзе Катэгорыя:Выкладчыкі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Медыкі Аўстрыі Катэгорыя:Медыкі Германіі Катэгорыя:Члены Віленскага медыцынскага таварыства