Вільгельм з Эбельхальта, таксама Гіём з Парыжа або Вільгельм абат Святога Фамы пры Святым Духу (Параклеце) () — французскі аўгусцінец-канонік. З 1164 года абат кляштара Эскільсё на паўночным усходзе дацкай Зеландыі, з 1175 года — аўгусцінскага кляштара Эбельхальт.

Праз добрыя адносіны з Абсалонам, названым братам дацкага караля Вальдэмара I, уплывовым біскупам Роскіле і пазней архібіскупам Лунда, Вільгельм адыграў важную ролю ў скандынаўскай палітыцы і дацка-французскіх сувязях. Захаваліся многія яго лісты. Шанаванне пачалося адразу па смерці, а ў 1224 годзе яго кананізавалі.

Біяграфія

Раннія гады З заможнай французскай сям’і. Дата нараджэння не вядома, думаюць, каля 1127, а легенда кажа пра 1105 год). Бацькі вызначылі яму духоўную кар’еру, выхоўваўся Гіём у свайго дзядзькі Гуга, абата Сен-Жэрмэн-дэ-Прэ. Стаў вядомым праз строгасць жыцця ўжо ў маладосці, але праз яе ж меў праблемы з іншымі канонікамі. Думаў далучыцца да больш строгага ордэна цыстэрцыянцаў, але дзядзька, нягледзячы на малады ўзрост пляменніка, у 1147 годзе забяспечыў яму дыяканскую прэбенду, таму Гіём уступіў як секулярны канонік у капітул Сент-Жэнеўеў у Парыжы.

Сент-Жэнеўеў

У 1148 годзе Сугерый, абат Сен-Дэні, падпарадкаваў капітул Сент-Жэнеўеў канонікам-аўгусцінцам Святога Віктара. Большасць ранейшых членаў капітула пайшлі, бо не хацелі падпарадкоўвацца строгаму статуту Святога Аўгусціна, а Гіём застаўся. Капітул Сент-Жэнеўеў быў цэнтрам адукаванасці. Тут Гіём пазнаёміўся з навучэнцам капітулу Абсалонам, дацкім арытакратам з роду Відэ, прыблізна аднаго з ім узросту.

Каля 1161 года Гіём напісаў Tractatus de revelacione capitis et corporis beate Genouefe, гісторыю адкрыцця рэліквій святой Жэнеўевы з Парыжа, патронкі капітулу.

Як субпрыёр, праз сваю рэлігійную строгасць, быў у канфлікце з прыёрам, той наклаў на яго цяжкае і зневажальнае пакаранне за непаслушэнства. У 1162 годзе Гіём уцёк да Папы Аляксандра III, той адправіў яго назад у капітул, але ў 1164 годзе змякчыў пакаранне.

Абат Эскільсё

Тым часам Абсалон вярнуўся ў Данію, дзе падтрымаў свайго названага брата Вальдэмара I у барацьбе за спадчыну стальца і пасля перамогі ў 1157 годзе быў прызначаны біскупам Роскіле. Кафедральнаму сабору Роскіле быў падпарадкаваны капітул канонікаў у імя апостала Фамы на востраве Эскільсё ў Роскіле-фіёрдзе, якім кіраваў непасрэдна біскуп. У заняпалым капітуле заставалася толькі шэсць канонікаў. Абсалон быў незадаволены ні іх адукацыяй, ні іх ладам жыцця, таму запрасіў свайго сябра па вучобе ў Сент-Жэнеўеў рэфармаваць капітул. Пасля некалькіх месяцаў падарожжа Гіём з трыма іншымі манахамі 18 жніўня 1165 года прыбыў у Рынгстэд, дзе яго прынялі кароль і біскуп. Як абат Эскільсё ён увёў там статут святога Аўгусціна і заснаваў манастырскі сад. І тут таксама ён стаў непапулярны праз сваю строгасць, два дацкія канонікі пакінулі капітул, а астатнія пазней нават замахнуліся на яго жыццё. Сам Вільгельм цярпеў ад нязвыклага марскога клімату і аддаленасці свайго беднага кляштара.

Абат Эбельхальта

Перанос кляштара Каб утрымаць Вільгельма, Абсалон у 1171 годзе надаў кляштару вялікае зямельнае ўладанне на Зеландыі ў прыходзе Цьёрэбю каля галоўнай дарогі паміж Роскіле і Хельсінгёрам. На гэтым месцы пачалі будуваць новы кляштар, калі першыя жылыя будынкі і невялікая капліца ў імя апостала Фамы былі ўзведзены, канвент перасяліўся з вострава Эксільсё. Будаўніцтва манастырскай царквы зацягнулася да смерці Вільгельма. Таму манахі, імаверна, спачатку карысталіся асвечанай у імя Параклета мясцовай прыходскай царквой, якую інкарпаравалі ў кляштар, як месцам для літургій гадзін. У новай назве капітула — monasterium sancti Thomæ de paraclito (кляштар Святога Фамы пры Святым Духу) — аб’ядналі тытулы кляштара на Эскільсё і царквы ў Цьёрэбю.

Абсалон і яго стрыечны брат Сунэ Эбесен, уладальнік суседняга маёнтка Кнардруп, рэгулярна падтрымлівалі манастыр. Пры абаце Вільгельме ён хутка ператварыўся ў найбуйнейшы і найбольш значны манастыр Даніі. Праз некалькі гадоў у капітуле ўжо жылі 25 канонікаў, якія што дня кармілі больш за сто жабракоў. Шпіталь, заснаваны Вільгельмам, прыцягваў хворых з наваколля. Па прыкладзе караля, які аддаў свайго сына, будучага караля Кнуда VI, на выхаванне Вільгельму, арыстакраты давяралі вучонаму абату сваіх дзяцей для навучання. Сунэ Эбесен таксама аддаў сваіх сыноў Андэрса і Пэдэра на навучанне Вільгельму, перад тым як адправіць у Парыж і Балонню для завяршэння адукацыі. З Пэдэрам, які ў 1192 годзе стаў пераемнікам Абсалона на месцы біскупа Роскіле, Вільгельм усё жыццё падтрымліваў добрыя адносіны, што адлюстроўвае іх перапіска.

Дыпламатыя Вядомы адукацыяй і міжнароднымі кантактамі Вільгельм некалькі разоў ездзіў з каралеўскімі даручэннямі да папскага двара. У 1177 годзе дамогся для Абсалона дазволу заставацца біскупам Роскіле пасля прызначэння архібіскупам Лунда.

Падчас войнаў баглераў у Нарвегіі Эйрык Іварсан, архібіскуп Тронхейма, і некалькі іншых нарвежскіх біскупаў у 1190 годзе ўцяклі ў саюзную Данію і некалькі гадоў заставаліся ў Вільгельма ў Эбельхальце. Пасля вяртання біскупаў у Нарвегію Вільгельм падтрымаў стварэнне аўгусцінскага капітула ў Кунгахэле і накіраваў туды некалькіх канонікаў з капітула Эбельхальта.

У справе шлезвігскага біскупа Вальдэмара, якога кароль Кнуд VI зняволіў у 1192 годзе, Вільгельм, наадварот, стаяў на баку караля супраць рымскай курыі. Акрамя таго, ён здолеў вывесці заснаваны Вальдэмарам кляштар ў Гульдхальме з падпарадкавання біскупу. У сувязі з гэтым захаваліся некалькі лістоў Вільгельма да Папы Цэлесціна III.

Вясной 1193 года Вільгельм разам з біскупам Стэфанам з Турнэ падтрымаў сватаўство французскага караля Філіпа II Аўгуста да Інгеборгі, сястры дацкага караля Кнуда VI. Як пасаг Інгеборгі, акрамя вялікай сумы грошай і прэтэнзій на Англію, на грунце паходжання ад Кнуда Вялікага, абяцаўся гадавы ўдзел дацкага войска ў вайне французскага караля супраць Анжуйскай дзяржавы. Разам са сваім былым вучнем Пэдэрам Сунесенам Вільгельм суправаджаў прынцэсу ва Францыю. Аднак пасля шлюбнай ночы Філіп II Аўгуст адверг сваю жонку і патрабаваў ануляваць шлюб. Каб прадухіліць гэта, карод Кнуд VI накіраваў Вільгельма ў 1195 годзе разам з канцлерам Андэрсам Сунесенам у Рым. Праца Вільгельма «» даказала, што не было блізкага кроўнага сваяцтва, якое паводле царкоўнага права перашкоджала шлюбу, як гэта сцвярджаў французскі бок. Але Філіп II Аўгуст загадаў зняволіць дацкую дэлегацыю, якая ад імя Папы патрабавала прыняць жонку назад, а саму Інгеборгу саслаў у кляштар і перашкаджаў атрымліваць лісты, якія Вільгельм пісаў ёй.

Смерць і шанаванне

Па вяртанні з Францыі Вільгельм прасіў дацкага караля дазволіць яму з’ехаць на спакой ва Францыю, але дазволу не атрымаў. Вільгельм перажыў караля Кнуда VI і архібіскупа Абсалона і памёр у Велікодную нядзелю 1203 года ў Эбельхальце. Яго пахавалі перад алтаром святога Фамы, імаверна, у капліцы, бо царкву яшчэ не дабудавалі. Шанаванне як святога пачалося адразу. Паведамлялі пра шматлікія цуды, якія адбываліся на яго магіле. Акрамя таго, у шпіталі карысталіся двума яго зубамі як лячэбнымі сродкамі. Паведамлялі, што кантакт з вадой, у якую апускалі адзін з зубоў, вылекаваў дзяўчынку ад запалення вачэй. Былы вучань Вільгельма, Андэрс Сунесен, стаў пераемнікам Абсалона на месцы архібіскупа Лунда, ініцыяваў кананізацыю свайго настаўніка, Папа Ганорый III патрабаваў правесці расследаванне. Адзін з вучняў Вільгельма напісаў жыціе святога з доказамі дадатковых цудаў, на гэтым грунце Вільгельма кананізавалі 21 студзеня 1224 года.

Перанясенне яго рэліквій да галоўнага алтара ўрэшце завершанай манастырскай царквы адбылося толькі 16 чэрвеня 1238 года. Іншыя цэрквы таксама атрымалі часткі яго цела і адзення для шанавання. Цэлую руку перадалі ў сабор Роскіле. Ваўняную шапку перадалі кафедральнаму сабору Лунда. Капітул у Эксільсё ў народзе называлі Кляштарам Святога Вільгельма. З нагоды перанясення рэліквій абвясцілі індульгенцыю ўсім, хто штогод 16 чэрвеня наведваў святую імшу ў царкве Эбельхальта. Вернікі з іншых месцаў і паломнікі маглі шанаваць святога цэлы год у маленькай капліцы за межамі клаўзуры.

Дзень памяці

Дзень памяці Вільгельма ў каталіцкім календары святых — дзень яго смерці, 6 красавіка. 16 чэрвеня, дзень перанясення рэліквій, да Рэфармацыі ў Даніі адзначаўся кірмашом у кляштары Эбельхальт. Пасля расфарміравання кляштара ў 1561 годзе кірмаш перанесены ў замак Фрэдэрыксборг, пабудаваны з цэглы знесенага манастыра.

Зборнік лістоў

Зборнік лістоў Вільгельма — унікальны літаратурны помнік дацкага Сярэднявечча. Лісты напісаны пераважна ў 1190-я гады як копіі адпраўленай Вільгельмам карэспандэнцыі. Яны адначасова гістарычныя крыніцы і форма аўтабіяграфіі. Зборнік, магчыма, перапрацаваны пасля смерці Вільгельма, таксама задумваўся як узор для напісання лістоў.

Творы

Wilhelmus in Dania Abbas: Epistolae. Edition der Briefe (= Migne. Patrologia Latina. Band 209). Sp. 635—728 (Latein, documentacatholicaomnia.eu [PDF; abgerufen am 3. Juli 2024]).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Абаты