Майсей Шапшалевіч Ляхавіцкі () — яўрэйскі савецкі пісьменнік, інжынер-энергетык і вынаходнік. Пісаў на ідышы. Аўтар летапісу яўрэйскага мястэчка Шчадрын.

Біяграфія Нарадзіўся 27 лістапада 1893 года ў мястэчку Шчадрын, якое цяпер знаходзіцца ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці.

У юнацтве пераехаў у Екацерынаслаў. У 1917 годзе экстэрнам скончыў курс гімназіі. Удзельнічаў у палітычным жыцці, быў членам сацыял-дэмакратычнай яўрэйскай партыі «Паалей Цыён».

У 1921 годзе пераехаў у Маскву, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Стаў інжынерам-энергетыкам, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Зарэгістраваў шэраг вынаходстваў і быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Памёр 16 снежня 1991 года. Пахаваны на Вастракоўскіх могілках у Маскве.

Літаратурная дзейнасць Пісаць пачаў пасля выхаду на пенсію ва ўзросце 78 гадоў. Ствараў творы на ідышы, друкаваўся ў літаратурным часопісе «Саветыш Геймланд». Напісаў чатыры аповесці, займаўся зборам яўрэйскага фальклору.

Найбольш вядомы яго летапіс пра малую радзіму — «Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына». Твор быў апублікаваны на ідышы ў часопісе «Саветыш Геймланд» у 1982 годзе, а ў 1993 годзе — па-руску ў яўрэйскай газеце «Родник».

Крыніцы

Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Інжынеры СССР