Го́мельскае духо́ўнае вучы́лішча (да 1804 года — Го́мельская духо́ўная гімна́зія) — пачатковая духоўна-навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў Гомелі з 1781 па 1919 гады і давала вучням як духоўную, так і свецкую адукацыю.

Гісторыя У канцы XVIII стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, пачало актыўна развівацца школьнае навучанне. Цэнтрам праваслаўнага жыцця ў той час з'яўляўся Магілёў. У 1781 годзе па благаславенні архіепіскапа Магілёўскага Георгія Каніскага былі выдаткаваны сродкі ў памеры ста рублёў на арганізацыю школ для дзяцей духавенства, дзе яны маглі б навучацца расійскай грамаце. У гэтым жа годзе гомельскім протаіерэем Спаса-Праабражэнскай царквы Васілём Трусевічам быў пабудаваны будынак, і ўстанова пачала дзейнічаць як Гомельская духоўная гімназія.

Мэтай установы з'яўлялася адукацыя дзяцей праваслаўнага духавенства. Першым і адзіным настаўнікам у той час быў звольнены з пасады выкладчыка рыторыкі Магілёўскай духоўнай семінарыі Іосіф Бекарэвіч. На пачатковым этапе свайго існавання ў гімназіі навучалася каля 13 вучняў, але ўжо да 1798 года іх колькасць узрасла да 65. Галоўнай прычынай такога росту сталі строгія ўказы Магілёўскай духоўнай кансісторыі, якія пагражалі святарам штрафамі і нават забаронай на вядзенне набажэнстваў у іх прыходах за неаддачу дзяцей у гімназію. Першы час навучальная ўстанова ўтрымлівалася толькі за кошт збораў на навучанне, пазней частка сродкаў вылучалася з сумы, прызначанай для Невельскай гімназіі, а таксама ад уладальніка Гомеля графа Румянцава. З-за недахопу фінансавання адбывалася частая змена выкладчыцкага складу. У канцы XVIII стагоддзя дырэктарам і выкладчыкам быў выхаванец Магілёўскай семінарыі Фёдар Галадкоўскі. У 1801 годзе настаўнікам стаў Іван Львоўскі, а пасля яго — Гаўрыіл Цытовіч і Афанасій Гамонка.

У 1804 годзе пры садзейнічанні М. П. Румянцава духоўная гімназія была перайменавана ў духоўнае вучылішча, а пасада дырэктара — у наглядчыка (). Праз пяць гадоў, у 1809 годзе, вучылішча было ператворана ў павятоваеРДГА. Фонд 801. Воп. 1. Спр. 502. Арк. 42.. З 1810 па 1820 год пасаду рэктара Гомельскага павятовага вучылішча займаў протаіерэй Іаан Грыгаровіч. Паводле рапарта архімандрыта Амвросія, які з'яўляўся рэвізорам духоўных вучылішчаў Магілёўскай епархіі ў 1811 годзе, протаіерэй Грыгаровіч выдатна праявіў сябе на гэтай пасадзеРДГА. Фонд 801. Воп. 1. Спр. 502. Арк. 42, 46, 47.. Ён клапаціўся пра матэрыяльны стан установы і нават прапанаваў за кошт епархіяльных сродкаў пабудаваць дом для вучняў з бедных сем'яўРДГА. Фонд 801. Воп. 1. Спр. 502. Арк. 84..

У жніўні 1820 года па хадайніцтве Дзяржаўнага канцлера М. П. Румянцава рэктарам вучылішча быў прызначаны сын папярэдняга кіраўніка — вядомы гісторык і археограф, протаіерэй Іаан Іаанавіч Грыгаровіч. Дзякуючы яго намаганням, пры падтрымцы міністра асветы і духоўных спраў, навучальныя ўстановы Гомеля былі ўзбуйнены да двухгадовага прыходскага і пяцігадовага павятовага вучылішчаўПерапіска протаіерэя Іаана Грыгаровіча з графам М. П. Румянцавым // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете. 1864. Апрель — Июнь. Книга 2. С. 32..

У адпаведнасці са Статутам 1867 года вучылішчы, якія належалі ведамству Свяцейшага Сінода, былі рэарганізаваны. Утрыманне ўстановы ажыццяўлялася за кошт дапамогі ад Сінода, сродкаў епархіі і платы ад заможных вучняў. З 1876 года наглядчыкам вучылішча быў Цімафей Тарноўскі, а сярод вядомых выкладчыкаў працаваў Аляксандр Бяляеў, які пазней стаў першым рэдактарам газеты «Гомельскае слова»Могилевские епархиальные ведомости. Часть официальная. 1900. № 27. С. 259.. На 1910 год у Гомельскім духоўным вучылішчы навучалася больш за 140 вучняў, пераважная большасць з якіх былі дзецьмі святароў. Многія гарадскія чыноўнікі канца XIX — пачатку XX стагоддзяў з'яўляліся выпускнікамі гэтай установы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новая атэістычная ўлада пачала маштабныя пераўтварэнні ў галіне адукацыі. Выкладанне Закона Божага было адменена, а царква аддзелена ад навучальнага працэсу. У жніўні 1918 года Магілёўская духоўная семінарыя і прылеглыя вучылішчы былі закрыты. Аднак Гомельскае духоўнае вучылішча працягвала сваю дзейнасць яшчэ некаторы час, паколькі горад знаходзіўся пад акупацыяй нямецкіх войскаў. 21 лютага 1919 года, пасля аднаўлення ўлады бальшавікоў, установа была канчаткова закрыта рашэннем павятовага рэўкама. Навучэнцам прапанавалі напісаць заявы аб пераходзе ў працоўную школу. Апошнім наглядчыкам вучылішча быў протаіерэй Уладзімір Зубараў, які займаў гэтую пасаду з 1906 годаМогилевские епархиальные ведомости. Часть официальная. 1908. № 20. С. 12..

У 1919—1920 гадах у апусцелым будынку вучылішча размяшчаліся 23-ія Мінскія пяхотныя курсы, затым падраздзяленні ВЧК і ДПУ. У 1920 годзе рашэннем НКУС РСФСР будынак перайшоў ва ўласнасць гарадскога камунальнай гаспадаркі. Сёння ў адным з найстарэйшых збудаванняў Гомеля праходзяць заняткі для студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Вучэбны працэс На першых этапах навучанне доўжылася 3 гады і ўключала як свецкія, так і духоўныя дысцыпліны: Закон Божы, расійскую і лацінскую мовы, чытанне, пісьмо, граматыку, логіку, рыторыку, катэхізіс і іншыя. Пазней курс быў значна пашыраны, дадаліся нотныя царкоўныя спевы, усеагульная і расійская гісторыя, геаграфія, арыфметыка, паскалія, пачаткі грэчаскай мовы.

Праграма навучання ўключала чатыры асноўныя класы і адзін падрыхтоўчы. Пасля заканчэння курса лепшыя выхаванцы пераводзіліся ў 1-ы клас Магілёўскай духоўнай семінарыі, астатнія маглі працягнуць службу ў грамадзянскіх установах. Бібліятэка вучылішча была вельмі багатай для свайго часу: на 1910 год яна налічвала каля 1000 відаў рознай літаратуры і 177 вучэбных дапаможнікаў.

Будынкі вучылішча

Канкрэтныя даныя аб тэрытарыяльным размяшчэнні вучылішча ў пачатку яго станаўлення адсутнічаюць, вядома толькі, што яно мясцілася ў арэндным драўляным будынку. Граф Мікалай Румянцаў распачаў будаўніцтва спецыяльнага мураванага будынка для ўстановы, які праектаваў архітэктар Іван Дзьячкоў. Збудаванне знаходзілася на скрыжаванні вуліц Румянцаўскай і Базарнай (сучасныя Савецкая і Працы). Аднак у 1826 годзе граф памёр, і будаўніцтва, на завяршэнне якога патрабавалася каля 15 тысяч рублёў, спынілася. Пазней будынак перайшоў ва ўласнасць ваеннага ведамства. Толькі ў 1839 годзе ён быў перададзены духоўнаму вучылішчу. Гэты будынак быў выкананы ў стылі класіцызму з высокімі калонамі. На першым паверсе размяшчаліся сталовая, буфет, кватэры настаўнікаў і пакоі вучняў, а на другім — класы і бібліятэка. Беларускі гісторык архітэктуры В. Ф. Марозаў сцвярджае, што першапачаткова гэтае збудаванне прызначалася для «даходнага вучылішча».

Згодна з «Справаздачай аб рэвізіі духоўна-навучальных устаноў Магілёўскай епархіі», складзенай у 1874 годзе саветнікам М. Грыгарэўскім, з-за пажару на папярэднім месцы, вучылішча было перамешчана ў будынак Гомельскай інжынернай дыстанцыі. Раней гэта быў зімовы дом графа Румянцава па вуліцы Мільённай (цяпер вуліца Білецкага, 11).

Дамавая царква У студзені 1896 года пры вучылішчы была ўрачыста асвечана дамавая царква ў гонар Ушэсця Гасподняга. Да гэтай падзеі гомельскае духавенства ішло каля 15 гадоў, пастаянна адкладваючы адкрыццё з-за недахопу фінансавання. Іканастас быў выкананы ў рускім стылі, а іконы для яго былі выраблены ў майстэрні А. Мурашкі ў Кіеве. Асвячэнне здзейсніў благачынны айцец Г. Петрашэнь разам з іншымі святарамі. Адміністрацыя вучылішча адправіла кіраўніцтву епархіі наступную тэлеграмуГ. Гомель (Корреспонденция) // Могилевские епархиальные ведомости. Часть неофициальная. 1896. № 4. С. 62–63.:

Пасля рэвалюцыі дамавая царква была закрыта, а яе памяшканне ў 1918 годзе было пераабсталявана ў адзін з пакояў для пяхотных курсаў, а пазней выкарыстоўвалася як аўдыторыя медуніверсітэта.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:З’явіліся ў 1781 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1919 годзе Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Гомеля Катэгорыя:Духоўныя вучылішчы Расійскай імперыі