Ацэтылхалін — воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіялагічных функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і іншых растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некаторых раслінных ядах.
Фізіялагічнае значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстрыйскім вучоным Ота Лёві (1921). Ацэтылхалін — хімічны перадатчык нервовых імпульсаў у месцах кантактаў нервовых валокнаў з нервовымі клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нервовай сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нервовай сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш. Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Нейрамедыятары