Лютэранская кірха Святога Мікалая — пратэстанцкі храм у Мінску ў стылі класіцызм.

Будаўніцтва пачалося ў 1840 годзе, асвечана ў 1842 годзе. Размяшчалася на Новым Горадзе, на месцы цяперашняга дома па праспекце Незалежнасці, 22 з уваходам на станцыю метро Кастрычніцкая. Будынак знесены пасля Другой сусветнай вайны.

Гісторыя Афіцыйна лютэранскі прыход створаны ў Мінску ў 1798 годзе і ахопліваў цалкам тэрыторыю Мінскай губерні. У пачатку XIX ст. прыходу перадалі драўляны будынак так званай «мітрапалітаўскай царквы» на Замчышчы. У 1801 годзе мінскі губернскі архітэктар Фёдар Крамер распрацаваў праект рэканструкцыі гэтай царквы пад кірху. У 1811 годзе на Навамесцкай плошчы (вуліца Дамініканская, цяпер Леніна) пабудаваны мураваны будынак кірхі, 1 студзеня 1811 года асвечаны пад тытулам святых Паўла і Аляксандра. Гэты будынак разам з архівам, пастаратам і школай згарэў 30 мая 1835 года. Новы будынак кірхі ўрачыста закладзены на Захар’еўскай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) 28 красавіка 1840 года. Аўтар праекта невядомы. Будаўніцтва скончана ў 1842 годзе, кірха асвечана пад тытулам святога Мікалая. Афіцыйна праект лютэранскай кірхі Святога Мікалая ў Мінску быў распрацаваны Камісіяй праектаў і каштарысаў. Праектныя чарцяжы мінскай кірхі захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Сакнт-Пецярбургу.Князева Е. Е. Лютеранские церкви и приходы в Белоруссии, Молдавии, Закавказье и Средней Азиии XVIII—XX вв.: Исторический справочник. Ч. III. СПб., 2006. — С. 55—57.

У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве (ф. 1662, воп. 1, спр. 270, арк. 27) захоўваецца літаграфія Ф. Фалька «Фасад лютэранскай царквы з пастаратам у г. Мінску», якая адлюстроўвае будынак кірхі разам з пастаратам. На адвароце літаграфіі змешчана эпіграма на мінскага губернатара і паэта М. В. Сушкова.

Лютэранскія могілкі заснавалі ў пачатку XIX ст. за горадам, ва ўрочышчы Нядзевежына. У XIX ст. на могілках пабудавалі невялікую драўляную капліца, а ў 1834 годзе вакол могілак паставілі драўляную агароджу з брамай.

У 1930-я гады савецкія ўлады ліквідавалі лютэранскую абшчыну, а храм закрылі і перарабілі на першы ў Беларусі дзіцячы гукавы кінатэатр «Навіны дня».

Будынак пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, па вайне знесены.

Архітэктура Прамавугольны ў плане асноўны аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з васьмю калонамі тасканскага ордара і паўсферычным купалам. Сцены будынку рытмічна расчлянёны атыкамі. З паўночнага ўсходу да кірхі быў прыбудаваны двухпавярховы будынак, дзе жыў пастар. Яго сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад выходзіў на вуліцы Захар’еўскую (цяпер праспект Незалежнасці) і быў завершаны ступеньчатым атыкамУ. М. Дзянісаў. Мінская кірха // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 320..

Літаратура

Князева Е. Е. Лютеранские церкви и приходы в Белоруссии, Молдавии, Закавказье и Средней Азиии XVIII—XX вв.: Исторический справочник. Ч. III. СПб., 2006. — С. 55—57. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі. — Мінск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. — ISBN 978-985-16-0092-8.

Спасылкі Кірха (Менск) на Radzima.org

Кірха на Мінск стары і новы

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Саборы Беларусі Катэгорыя:Колішнія кірхі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі класіцызм Катэгорыя:З’явіліся ў 1846 годзе Катэгорыя:1842 год у Мінску Катэгорыя:Храмы Мінска