Афратро́піка  — біягеаграфічны рэгіён, да якога адносяцца часткі Афрыкі, якія знаходзяцца на поўдзень ад пустыні Сахара. Раней ён называўся эфіопскай экалагічнай зонай.

Геаграфія Прыродныя ўмовы вызначаюцца рэльефам і геаграфічным становішчам: клімат пераважна трапічны і субтрапічны. Раслінны і жывёльны свет мае шмат сувязей і пераходных ступеней з суседнімі біягеаграфічнымі абласцямі — Інда-Малайскай, Старажытнага Міжзем’я, у меншай ступені — з Неатрапічнай і Карыбскай.

Мадагаскар і прылеглыя астравы складаюць у ім асобы, выразна адрозніваемы падрэгіён, у якім існуюць шматлікія эндэмічныя віды жывёл, напрыклад, лемуравыя. Гэта абумоўлена тым, што Мадагаскар і Сейшэльскія астравы адкалоліся ад Індыі некалькі дзясяткаў мільёнаў гадоў таму і на іх эвалюцыйныя працэсы пайшлі асобным шляхам, зведаўшы даволі моцны ўплыў кантынентальнай Афрыкі. Іншыя астравы ў Індыйскім акіяне, такія як Каморскія ці Маскарэнскія астравы, з’яўляюцца астравамі вулканічнага паходжання, і іх узрост меншы.

Яшчэ адным асобным субрэгіёнам Афратропікі з’яўляецца Капская вобласць на поўдні кантынента, ахарактарызаваная кліматам, падобным на міжземнаморскі. Там таксама існуюць шматлікія эндэмічныя віды.

Флора Большая частка тэрыторыі занята саваннамі і трапічнымі лясамі. У саваннах пераважаюць: з дрэвавых парод — акацыі, дрэвападобныя малачаі, алоэ, баабаб, маслінавая пальма; бязлесныя ўчасткі ўкрыты зараснікамі злакаў (слановая трава, імперата і інш.), шмат цыбульных — лілейныя, амарылісавыя і інш. У лясах каля 600 відаў дрэвавых раслін; наогул з кветкавых трапляецца больш за 11 тысяч відаў.

Фаўна Жывёльны свет багаты і разнастайны. Сярод млекакормячых (больш за 38 сямействаў) эндэмічныя атрады даманаў, трубказубаў, выдраных землярыек, золатакратоў, гіпапатамы, жырафы, даўганогі, іглахвостыя (шыпахвостыя) палятухі, каля 40 родаў антылоп, кафрскі буйвал, алянькі, насарогі, зебры, гіены, гіенавыя сабакі, віверы, ліс, леў, гепард, леапард, дзікабразы, паўмалпы (нота, талага), мартышкі, чалавекападобныя малпы (гарыла, шымпанзэ) і інш. З птушак (89 сям.) характэрны страус афрыканскі, птушка-сакратар, турака, кітагалоў, цацаркі (больш за 20 відаў), ткачыкі, нектарніцы, птушкі-насарогі, птушкі-мышы, піты, зімародкі і інш. Сярод паўзуноў — хамелеоны, геконы, яшчаркі (у т.л. нільскі варан, даўж. да 2 м), шматлікія змеі (ядавітых больш за 20 відаў), чарапахі, кракадзілы. Сярод земнаводных трапляюцца эндэмічныя шпорцавыя і валасатыя жабы, жывародная жаба, весланогія, чарвягі. Сярод прэснаводных рыб пераважаюць карпавыя; шмат прадстаўнікоў старажытных груп (кісцяпёрыя. мнагапёры, каламаіхт), дваякадыхальныя (пратоптэры), рыбы-матылі, мармірусы, гімнархі, самы (каля 250 відаў, у т.л. эл. сом) і інш. Сярод беспазваночных — разнастайныя скарпіёны, фалангі, павукі, скалапендры; з насякомых — тэрміты (больш за 500 відаў), саранчовыя, жукі (у т.л. галіяф, даўж. да 11 см), муха цэ-цэ і інш.

Літаратура

Катэгорыя:Экарэгіёны Азіі Катэгорыя:Экарэгіёны Афрыкі