thumb|350px|Населеныя пункты Убарцкай воласці і наваколляў, якія ўпершыню ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах да XIX ст. Убарць — гістарычны ўдзел, маёнтак, ключ, воласць віленскіх біскупаў (1412—1794), графа Я. Сіверса (1794—1808) у Мазырскім павеце Кіеўскага, потым Менскага ваяводства ВКЛ, а затым Расійскай імперыі; змяшчаўся ў парэччы сярэдняй часткі Убарці на частцы тэрыторыі сучаснага Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Гісторыя 31 мая 1412 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў цалкам «удзел Убарць, які ляжыць на рацэ Убарць, з усімі вёскамі і ўладаннямі, як бы яны ні называліся, і размешчанымі цяпер альбо ў будучыні ў тым самым павеце, з поўным правам уладання, з чыншамі, прыбыткамі, барамі, борцямі, гаямі, лясамі, лугамі, палямі, выганамі, пашамі, паляваннямі, ловамі, рэкамі, азёрамі, ставамі, сажалкамі, рыбнікамі, рыбалоўнымі месцамі, язамі, водамі і вадацёкамі, зборамі (ураджаямі), ужываннямі і карысцямі, якія ёсць цяпер і якія могуць быць у будучыні з ласкі Божага Провіду, што кіруе ўсё да лепшага. Мы не пакідаем у гэтым павеце ніякага права ўладання для нас і нашых наступнікаў, а аддаем усе гэтыя маёмасці на вечныя часы таму самаму пану біскупу Мікалаю і ягоным наступнікам, біскупам Віленскага касцёла для дзяржання, трымання, карыстання і валодання, а таксама вольнага і бяспечнага абарачэння на сваю карысць і карысць сваіх наступнікаў, гэтак як будзе здавацца лепшым».Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. T. 1. Kraków, 1948. S. 88-90. N 57; S. 136—139. N 110. Гэты прывілей датычыў матэрыяльнага забеспячэння каталіцкай епархіі — Віленскага біскупства, утворанага, згодна з умовамі Крэўскай уніі (1385 г.) дзеля хрышчэння літоўцаў-язычнікаў. Звяртае на сябе ўвагу таксама той факт, што Убарцкі ўдзел знаходзіўся далёка ад Вільні і Трокаў, аж у зямлі Кіеўскай — зямлі, верагодна, з пераважна праваслаўным, а магчыма, яшчэ і язычніцкім насельніцтвам.

Паводле разлікаў польскага гісторыка Е. Ахманскага, на час атрымання Убарці Віленскім біскупствам у XV ст. у ёй знаходзілася каля 100 дымоў і 8-10 сёлаў. Іншы польскі гісторык В. Пшыялгоўскі, абапіраючыся на дакладныя матэрыялы, якія не ўсе дагэтуль захаваліся, сцвярджаў, што маёмасць тая «паміж сталовымі маёнткамі біскупа лічбы найвялікшай дасягала, бо звыш 100 хат мела».Ochmański J. Powstanie i rozwój łatyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550): Ze studiów nad rozwójem wielkiej własności na Litwe i Białorusi w średniowieczu. Poznań, 1963. S. 49. (Спасылка: Przyałgowski W. Źywoty biskupów wileńskich. Т. 1. Petersburg, 1860. S. 33.)

Вопіс Оўруцкага замка 1545 г. змяшчае пералік прыпісаных да яго мяшчан, баяр, сялян і зямель, а таксама пералік павіннасцяў і данінаў на карысць замка. З прычыны таго, што ад кіраўніцтва Убарцкай воласці ніхто «да ліста гаспадарскага» не прыйшоў, складальнікі вопісу толькі паказалі колькасць яе жыхароў, не падаючы ні колькасці, ні назваў паселішчаў: «Волость Собортская оддана на бискупство Виленское, поведили, во всих селах тое волости осем сот человика».Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далее — АВК). Т. 25: Инвентари и разграничительные акты. Вильна, 1898. С. V—VI. (Предисловие.)

21 жніўня 1567 г. кароль Жыгімонт Аўгуст на чалабітную віленскага біскупа Валяр'яна Сушкоўскага даў дазвол на заснаванне мястэчка ў маёнтку Убарць і ўстанаўленне там акрамя штотыднёвых таргоў у чацвер устанавіць на вечныя часы вольныя кірмашы адзін раз у год на дзень Трох Каралёў.Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Метрыка ВКЛ. А. з. 266. А. 216 адв.-217. На жаль, гэты прывілей не змяшчае самой назвы мястэчка ў маёнтку Убарць.

Пад час утварэння Рэчы Паспалій у 1569 г. намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста пры падтрымцы мясцовай шляхты Кіеўская зямля адышла да Кароны Польскай. Шляхта новаўтворанага ў 1566 г. Мазырскага павета адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы соймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяводства і далучыцца да Менскага ваяводства ВКЛ.Беларусь: Энцыкл. даведнік. Мн., 1995. С. 442. Але з-за невыразна апісаных межаў узнікалі розныя спрэчкі. Убарцкая воласць таксама становіцца прадметам шматгадовай цяжбы. «У 1581 г. пабор з 10 вёсак тае воласці — „што лічыцца ў павеце Кіеўскім“ — узяты ў войска в[ая]в[о]дства Кіеўскага; праўда, раз, у 1571 г., пабору не аддадзена, „пры вялікай упартасці, не дбаюць нічога — і на старосту“ (Źr. dz. t. XX)».Źródła dziejowe. T. 22: Polska XVI wieku. T. 11. Warszawa, 1897. S. 566—567.

Дарэчы, паводле рэестра пабораў Віленскага біскупства 1581 г., з 10 убарцкіх сёлаў аплачана падымнае ў колькасці 158 фларынаў і 22 грошаў. На падставе гэтых дадзеных Е. Ахманскі акрэсліў тагачасную мінімальную населенасць Убарцкай воласці лікам звыш 300 дымоў.Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 49.

Самі віленскія біскупы імкнуліся, відавочна, захаваць свой Убарцкі маёнтак пры Вялікім Княстве. Але ніводная са шматлікіх камісій (1589, 1593, 1598, 1601, 1607, 1609, 1611, 1613, 1620 гг.) нават да выніку не дайшла. Толькі ў 1622 г. сеймавая камісія з намаганнем вызначыла лінію мяжы паміж спрэчнымі воласцямі.Źródła dziejowe. Т. 22. S. 15. Можна дапусціць, што прыналежнасць Убарцкай воласці ў той час менавіта віленскаму (а не, скажам, кіеўскаму) біскупу і вызначыла лёс гэтага кутка нашай бацькаўшчыны — ён належыць цяпер Беларусі, а не Украіне. Гэта думка падмацоўваецца таксама тым, што падставай для размежавання служылі дакументы на права зямельнай уласнасці, а не этнаграфічны склад тамтэйшага насельніцтва ці што іншае.Źródła dziejowe. T. 20: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. 9: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział III opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. Warszawa, 1894. S. 89-93.

Казацкія войны спустошылі і выпалілі Палессе. Іх непазбежны спадарожнік — неўраджаі выклікалі катастрафічны голад. З-за яго і блукання абяздоленага насельніцтва пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, якая лютавала з 1653 па 1658 г. і зноў успыхнула ў 1664 г. Асабліва пацярпеў Мазырскі павет. Так, паводле рэестру падымнага 1653 г., запіcаны для Убарці толькі 151 дым, што амаль удвая менш, чым разлічана польскім гісторыкам Е. Ахманскім па рэестры падымнага 1581 г. (звыш 300). Гэтыя лічбы адлюстроўваюць стан засялення Убарцкай воласці на працягу пяці гадоў ад выбуху ў 1648 г. казацкай вайны, у выніку якой тутэйшае насельніцтва альбо загінула, альбо разбеглася. І толькі частка яго засталася ў старых сядзібах і не брала ўдзелу ў вайне.Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 173. (Спасылка на рэгістр падымнага 1653 г. з Убарці: Vilnians kapitulos Fondas (VKF) nr 2259.)

Інвентар сталовага маёнтка Убарць Мазырскага павета Віленскага біскупства 1763 г. змяшчае звесткі пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы панскага двара, іх архітэктуру і планіроўку, гаспадарку (пералік жывёлы, апісанне млыноў і корчмаў), затым апісваюцца 10 сёл воласці з пералікам усіх сялянскіх гаспадарак (390 дымоў) з паказам мядовай даніны і грашовага чыншу, ёсць дадзеныя пра кожнага гаспадара дыма і працаздольных мужчынах, пра рабочую жывёлу і, пад канец, апісаны розныя віды і памеры павіннасцяў, тэрміны іх выплаты, а таксама запісаны распараджэнні адносна павелічэння даходаў з біскупавага ўладання. Дым уяўляў сабою, як правіла, гаспадарку адной сялянскай сям'і. Найбольш тыповай была сям'я з бацькоў і дзяцей, якія яшчэ не стварылі сваіх сем'яў, сярэднім лікам 6,4 чалавека. Былі і болей складаныя сем'і — з жанатымі сынамі, з братамі гаспадара і іншымі сваякамі (унукамі, пляменнікамі, шваграмі). Разам з тым, амаль кожны 9-ы дым воласці складаўся толькі з аднаго жыхара. Інвентар дазваляе пазнаёміцца з тагачаснымі жыхарамі воласці. Звяртае на сябе ўвагу тое, што сяляне мелі амаль цалкам праваслаўныя імёны, колькасць якіх складае больш за 100. Найчасцей хлопчыкаў называлі імёнамі Сямён, Сцяпан, Іван, Хведар, Аляксей, а таксама Нічыпар, Трахім, Карп, Хама, Гаўрыла і іншымі паўзабытымі цяпер імёнамі. Сярод жыхароў воласці сустракаецца і некалькі яўрэйскіх імёнаў.

У кастрычніку 1775 г., згодна з пастановай апошняга сейма, быў складзены тарыф дымоў у Мазырскім павеце.Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 37-37 адв. Гэты дакумент сведчыць, што духоўнае ўладанне Віленскага біскупства Убарць складалася з 10 вёсак з агульнай колькасцю 345 дымоў: Баровае — 20, Буйнавічы — 65, Дуброва — 43, Злодзін — 23, Картынічы — 23, Лельчыцы — 50, Ліпляны — 22, Мілашэвічы — 32, Сыманічы — 26, Стадолічы — 41 дым. Дарэчы, у параўнанні з дадзенымі інвентару маёнтка Убарць 1763 г. вынікае зніжэнне агульнай колькасці дымоў на 45 адзінак. Асабліва гэта закранула сёлы Буйнавічы і Лельчыцы.

30 верасня 1789 г. быў складзены новы тарыф дымоў у Мазырскім павеце.Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 9 адв.-10, 13 адв.-14, 17, 26 адв.-27. Гэты дакумент сведчыць, што маёнтак Убарць складаўся з аднаго двара ці фальварка, у 10 вёсках мелася 19 дымоў халупнікаў і 384 дымы грунтавыя, а ўсяго 409 дымоў. Халупнікамі называліся беззямельныя ці малазямельныя сяляне, маёмасць якіх складалася часцей за ўсё з хаты (халупы) і невялікай колькасці жывёлы. Усяго насельніцтва абодвух полаў налічвалася 2841 чалавек, з іх ад 1 да 16 гадоў — 655 муж. і 622 жан., ад 16 да 30 гадоў — 314 муж. і 265 жан., ад 30 да 45 гадоў — 208 муж. і 201 жан., ад 45 да 60 гадоў — 175 муж. і 178 жан., старэйшых за 60 гадоў — 119 муж. і 104 жан. З аналізу гэтых дадзеных вынікае: доля насельніцтва, узрост якога перавышаў 30 гадоў, складала ўсяго 35 %. З прычыны асобнага падаткаабкладання тарыф змяшчае звесткі і пра яўрэйскае насельніцтва. У вёсках маёнтка Убарць гэтым часам налічвалася ўсяго 9 дымоў яўрэяў з агульнай колькасцю 54 жыхары.

Тарыф Мазырскага павета 1790 г. сведчыць, што ў гэты час маёнтак «Убарць, або Лельчыцы» — маёнтак Петрыкаўскай парафіі, уласнасць каталіцкай царквы ў валоданні віленскага біскупа складаўся з 10 вёсак, 410 дымоў: адзін — панскі двор, 5 — грэцкіх плябаній, 285 — чыншавых, 107 — цяглых, 4 — агародніцкія і 8 дымоў халупных, 6 корчмаў.Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Фонд старажытных актаў. А. з. 3373. А. 10 адв. Дарэчы, асноўнай павіннасцю цяглых гаспадарак была паншчына.

27 cакавіка 1793 г. быў абнародаваны маніфест аб далучэнні да Расійскай імперыі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. Убарцкай воласці. У новадалучаных землях адбылося прынясенне прысягі насельніцтва на расійскае падданства, на што быў вызначаны месячны тэрмін. 13 красавіка было прадпісана зняць усе далучаныя землі на карту, правесці перапіс насельніцтва, пералічыць сёлы, падзяліць зямлю на акругі ды іншае. Трэба зазначыць, што Мазырскую акругу меркавалася далучыць да сумежнай Кіеўскай губерні, але ў рэшце рэшт яе далучылі да Мінскага намесніцтва (з 1796 г. — губерні), а Мазыр вызначылі павятовым горадам.

28 чэрвеня 1794 г. па смерці віленскага біскупа Ігнація Масальскага яго сталовы маёнтак Убарць пераходзіць у казённае ведамства «да часу асобнага яе імператарскай вялікасці аб усіх такіх маёнтках пажадання».НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. А. з. 9-б. А. 69. Такім чынам, скончылася 382-гадовае ўладанне віленскімі біскупамі маёнткам Убарць. Дарэчы, за гэты час з яго кармілася 26 біскупаў.

Неўзабаве гэты маёнтак быў падараваны расійскай імператрыцай Кацярынай II свайму паслу ў Рэчы Паспалітай Якаву Сіверсу.