Даўгадзюбы крахаль, даўганосы савук (Mergus serrator) — птушка з сямейства .

Качка сярэдніх памераў. Даўжыня цела 56—62 см, маса 1—1,3 кг. На патыліцы двайны чуб з падоўжаных пёраў. Дзюба вузкая з зубцамі па краі і з кручком на канцы. Палавы дымарфізм у афарбоўцы добра выяўлены. У самца галава чорная з металічным адлівам, валляк буры з чорнымі стракацінамі, спіна цёмная, бакі шэрыя. Самка шэрая, з карычневай галавой і шыяй.

Пашырэнне: Еўразія і Паўночная Амерыка. У час пралёту рэгулярна адзначаецца на буйных вадаёмах у розных частках Беларусі. Месцы пражывання: парослыя дрэвава-хмызняковай расліннасцю астравы і ўзбярэжжы буйных азёр з празрыстай вадой. Адзначаны таксама ў час харчавання на мелкаводных сажалках рыбагадавальніка.

Гняздо робіць ва ўтульных месцах — у нішах сярод камення, у густых зарасніках крапівы, пад кустамі вярбы або пад полагам лесу. Кладка з 8—11 яек памерамі 64 x 44,9 мм у першай палове чэрвеня. У выпадку гібелі першай кладкі бывае паўторная. Наседжванне 26—28 сутак. Корміцца, галоўным чынам, дробнай рыбай.

Літаратура Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Катэгорыя:Качыныя Катэгорыя:Птушкі Еўразіі Катэгорыя:Птушкі Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Птушкі на марках Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе