Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — былы бернардзінскі, цяпер прыхадскі каталіцкі храм у п. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Помнік архітэктуры позняга барока. У касцёле знаходзіцца Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў, Папа Рымскі Ян Павел II у 1996 годзе абвясціў гэту ікону патронкай Беларусі. 28 лістапада 2018 года ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў дакументах у 1504 годзе, калі вялікі князь ВКЛ Аляксандр падарыў віленскім бернардзінцам (галіна францысканцаў) 6 000 моргаў лесу ў Менскім павеце. Манахі, якія атрымалі зямлю, жылі па 2—4 чалавекі ў пабудовах-будах, маючы пры гэтым капліцу.
У 1591 годзе быў пабудаваны драўляны храм Наведвання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзілася цудадзейны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 годзе Янам Пацам з Рыма (дарунак Папы Рымскага Клімента VIII) і ў 1613 годзе перададзены ў касцёл. Пазней, у 1643 годзе, пабудаваны новы касцёл, а ў 1750 годзе — жылы корпус. 29 чэрвеня 1767 года было пачата будаўніцтва новага касцёла, пры гэтым былі выкарыстаны муры бакавой капліцы касцёла XVII стагоддзя.
У 1782 годзе для стварэння ўнутранага дэкору новага храма быў запрошаны мастак Казімір Анташэўскі, які распісаў інтэр'ер унікальнымі ілюзорнымі алтарамі. У 1783 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Маці Божай. На працягу другой паловы XVIII стагоддзя да яго былі прыбудаваны розныя касцёльныя памяшканні. З 1756 года пры манастыры існавала музычная школа, у 1793—1842 гадах — двухкласная школа і шпіталь. У 1731—1797 гадах у духоўнай школе манастыра вывучалі маральную тэалогію і рыторыку, пры гэтым манахаў налічвалася 4—17 чалавек.
Пасля зачынення кляштара ў 1852 годзе некаторыя яго манахі бралі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў.
Цяпер у касцёле служаць дыяцэзіяльныя святары. Побач з храмам захаваўся будынак плябаніі XIX стагоддзя.
11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар, жывапісАрганам і алтару касьцёла ў Будаславе пасьля пажару патрэбны дэмантаж, кансэрвацыя і аднаўленьне. ФОТА. Быў распачаты збор сродкаў на аднаўленне пашкоджанай пажарам святыніБіскуп Велікаселец просіць усіх людзей добрай волі дапамагчы ў аднаўленні Будслаўскай святыні (рэквізіты для ахвяраванняў). Да пачатку кастрычніка касцёл цалкам накрыты часовым дахамcatholic.by. 31 снежня ўнутры касцёла прайшла імша на заканчэнне годаt.me/budslau. У 2022 годзе ў касцёле завяршылі будаўнічыя работы, 29 верасня падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю.
Архітэктура
Трохнефная безапсідная двухвежавая базіліка з трансептам. Галоўны фасад з дзвюма шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкаратыўнай пластыкай: пілястрамі, паўкалонамі, складанымі раскрапоўкамі. Інтэр’ер перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сферычны купал размешчаны на перакрыжаванні галоўнага нефа i трансепта, раскрываецца толькі ва ўнутраную прастору.
У капліцы Святой Барбары размешчаны драўляны разны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (каля 1643 г.) — адзін з выдатных помнікаў ранняга барока на Беларусі. Бакавыя часткі алтара вырашаны ў выглядзе карынфскіх каланад, якія служаць кулісамі для 20 скульптур.
Інтэр'ер і насценны жывапіс
Будслаўскі касцёл з'яўляецца адным з найважнейшых і найбольш цэласных помнікаў манументальнага ілюзорнага жывапісу (квадратуры і трамплёя) на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Галоўнай асаблівасцю інтэр'ера з'яўляецца ансамбль з дзевяці аптычных алтароў, створаных у 1782 годзе мастаком Казімірам Анташэўскім. Згодна з кляштарнымі хронікамі, за гэтую працу бернардзінскі гвардыян заплаціў майстру 280 залатых дукатаў.
Гэтыя алтары напісаны непасрэдна на абтынкаваных сценах касцёла і візуальна імітуюць аб'ёмную архітэктуру — калоны карынфскага ордара, пілястры, складаныя карнізы і скульптуры. Роспісы выкананы пераважна ў манахромнай тэхніцы грызайль, якая перадае фактуру светлага шэра-блакітнага мармуру з «пазалочанымі» дэталямі: базамі калон, капітэлямі, арнаментамі. Мастак дакладна выкарыстоўваў законы лінейнай і паветранай перспектывы, абапіраючыся на папулярныя ў Еўропе трактаты італьянскага майстра Андрэа Поца.
Галоўны алтар намаляваны на плоскай сцяне прэсбітэрыя. Ён візуальна пашырае прастору храма, ствараючы ілюзію глыбокай шмат'яруснай нішы. Гэты намаляваны архітэктурны каркас служыў велічным абрамленнем для рэальнага драўлянага табернакля і цудадзейнага Будслаўскага абраза Маці Божай. Кампазіцыя галоўнага алтара адрозніваецца манументальнасцю і строгасцю ліній, уласцівымі пераходу ад позняга барока да класіцызму.
Астатнія восем бакавых алтароў размешчаны на сценах бакавых нефаў і каля апорных слупоў. Яны ўтвараюць адзіную стылёвую і колеравую прастору з цэнтральным алтаром. Акрамя архітэктурных элементаў, Анташэўскі ўключыў у кампазіцыі ілюзорныя выявы ваз і анёлаў. У ХІХ стагоддзі (пасля 1822 года) некаторыя аптычныя алтары, напрыклад, алтар Укрыжавання, былі часткова закрыты або заменены на сапраўдныя драўляныя, аднак у цэлым будслаўскі жывапісны ансамбль захаваўся да нашых дзён унікальна поўна, пазбегнуўшы татальных замалёвак, уласцівых іншым храмам рэгіёна.
Будслаўскі фэст
Будслаўскі фэст ладзіцца штогод у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле. У 2018 годзе фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Крыніцы
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 238—240. Завальнюк У. М. Будслаўскі касцёл ― святыня Беларусі / гістарычнае апрацаванне ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, Касцёл Св. Сымона і Св. Алены. — Мінск: Тэхналогія, 1993. — 54 с. Ярашэвіч А. А. Будслаўская базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. — Мінск, 2005. − 80 с.
Спасылкі
У Будславе ўстаноўлены крыж з бярвення Віленскага манастыра
Катэгорыя:Будслаў Катэгорыя:Малыя базілікі Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мядзельскага раёна Катэгорыя:1783 год у Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока