Па́вел Лук’я́навіч Мары́еў (нар. , в. Дулава, Яраслаўскі раён, Яраслаўская вобласць, РСФСР) — беларускі вучоны ў галіне аўтамабільнай прамысловасці і кар’ернага машынабудавання, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Доктар тэхнічных навук (2003), акадэмік Беларускай інжынерна-тэхналагічнай акадэміі (1995). Герой Беларусі (2001).
Біяграфія Нарадзіўся ў 1938 годзе ў Яраслаўскім раёне Яраслаўскай вобласці. Скончыў Яраслаўскі аўтамеханічны тэхнікум па спецыяльнасці «аўтамабілебудаванне». Адслужыў у Савецкай арміі. З 1956 года — тэхнік-канструктар на Уральскім аўтамабільным заводзе.
У 1959 годзе пераехаў у Беларусь, дзе ўладкаваўся на працу ў Беларускім аўтамабільным заводзе. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут у 1972 годзе. Працаваў тэхнікам-тэхнолагам, інжынерам-тэхнолагам, старшым тэхнолагам, старшым інжынерам-тэхнолагам, начальнікам тэхчасці механазборачнага цэха, начальнікам тэхнічнага бюро, намеснікам галоўнага тэхнолага, начальнікам тэхнічнага аддзела станкоў з ЧПК, намеснікам галоўнага інжынера, галоўным інжынерам і дырэктарам.
З 1992 па 2007 год — генеральны дырэктар Беларускага аўтамабільнага завода. Узначаліўшы завод, Павел Марыеў вывеў яго са складанага эканамічнага становішча, захаваў і значна пашырыў рынак самазвалаў маркі «БелАЗ» у краінах СНД і на сусветным рынку. Пад яго кіраўніцтвам былі створаны магутнасці для вытворчасці 55- і 130-тонных самазвалаў. У працэс выпуску атрымалася ўкараніць каля 40 новых тэхналогій, вывесці з эксплуатацыі маральна састарэлае абсталяванне і павысіць культуру вытворчасці.
У 2001 годзе ўказам Прэзідэнта Беларусі «за самаадданую працу і выключныя заслугі ў развіцці айчыннага аўтамабілебудавання» удастоены звання Героя Беларусі.
Доктар тэхнічных навук, аўтар і суаўтар 28 навуковых прац, 5 аўтарскіх пасведчанняў, 4 патэнтаў. Аўтар навуковых прац па даўгавечнасці, трываласці і металаёмістасці буйнагабарытных дэталяў і канструкцый машын. Распрацаваў і рэалізаваў ў серыйнай вытворчасці новую канцэпцыю павышэння канструкцыйнай роўнатрываласці буйнагабарытных дэталяў і зварных канструкцый кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці.
Цяпер дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра кар’ернай тэхнікі і тэхналогій дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
Быў дэпутатам Мінскага абласнога савета дэпутатаў і Жодзінскага гарадскога савета дэпутатаў некалькіх сходаў. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання, член пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь; дэпутат Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў 2004—2008 гадах.
Узнагароды і прэміі Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», ордэнам Айчыны III ступені, ордэнам Дружбы народаў, шасцю медалямі, дзвюма ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай ВДНГ БССР, ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага III ступені (Руская праваслаўная царква), ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (Беларуская праваслаўная царква).
Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь (1998). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2011). Ганаровы грамадзянін Жодзіна (2002), ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці (2008).
Літаратура
Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання / Аўт.-склад.: А. Э. Вярцінскі, Н. А. Карповіч, С. В. Савіцкая, А. Г. Чурсін; пад агул. рэд. Г. В. Навіцкага, В. А. Папова. — Мінск: БЕЛТА, 2008. — 312 с.: іл. — С. 190.
Спасылкі Кароткая біяграфічная даведка на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Герой Беларуси — Павел Мариев Рэкорды Марыева. Інтэрв’ю 2007 года // «Саюз. Беларусь-Расія» № 295 ад 25 студзеня 2007 г. Мариев Павел Лукьянович // Праект «Герои Беларуси» Выдавецкага дома «Беларусь сегодня»
Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Жодзіна Катэгорыя:Машынабудаўнікі СССР Катэгорыя:Машынабудаўнікі Беларусі Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання Катэгорыя:Героі Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя работнікі прамысловасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Беларускі аўтамабільны завод Катэгорыя:Дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Катэгорыя:Дэпутаты Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Мінскай вобласці Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Акадэмікі Беларускай інжынернай тэхналагічнай акадэміі Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь