Яга́йла, у каталіцкім хрышчэнні Уладзіслаў (; ) — князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377—1392), кароль польскі (1386—1434) і вярхоўны князь літоўскі (1392—1434). Старэйшы сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай.
У 1380 годзе, каб стаць аднаасобным уладаром Вялікага Княства Літоўскага, Ягайла падпісаў дагавор з Тэўтонскім ордэнам, скіраваны супраць свайго дзядзькі Кейстута, такім чынам распачаў грамадзянскую вайну 1381—1384 гадоў, якая скончылася яго перамогай. У 1385 годзе была падпісана Крэўская унія — пагадненне пра дынастычны саюз Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У 1386 годзе прыняў каталіцтва і ахрышчаны як Уладзіслаў у Кракаве. Ажаніўся з маладой каралевай Ядвігай, каранаваны пад імем Уладзіслаў II Ягайла. Неўзабаве паміж ім і сынам Кейстута Вітаўтам пачалася чарговая грамадзянская вайна, якая скончылася Востраўскім пагадненнем і перадачай фактычнай улады ў Княстве Вітаўту. У 1410 годзе Ягайла разам з Вітаўтам камандаваў саюзнымі войскамі ў Вялікай вайне, пасля паразы ў якой Тэўтонскі ордэн не здолеў аднавіць магутнасць.
Уласнае ўладарства Ягайлы ў Польшчы пачалося ў 1399 годзе пасля смерці каралевы Ядвігі і доўжылася да 1434 года і заклала асновы шматвяковай польска-вялікалітоўскай уніі. Ягайла заснавальнік дынастыі Ягелонаў, якая да канца XVI ст. уладарыла ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы і была адной з уплывовейшых у позняй сярэдневяковай і ранняй сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Імя
Ягайла — імя з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных, якія дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменасловам народаў індаеўрапейскага паходжанняT. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13..
Першая аснова — Jo- (ад балцкага Jā-) звязана з літ. joti «ехаць конна». Аснова даволі папулярная ў раннелітоўскім іменаслове (праз гэта вялікая колькасць прозвішчаў з ёю ў цяперашні час). Мае варыянты Jog-, Jos-, Jot- (Jog-min’as, Jos-kant’as, Jot-vil’as і інш.)Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 87-88..
Агульнабалцкая аснова Jā- урэшце ўзыходзіць да індаеўрапейскага *i̯ā- «ісці, рушыць» (варыянт кораня ei-)J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 296.. Такім чынам, яна частка агульнаіндаеўрапейскай спадчыны, таму таксама сустракаецца ў германскім і славянскім іменнікахВ. Н. Топоров. Прусский язык. I-K. М., 1980. С. 10..
Другая аснова, таксама папулярная — Gail-, з ёй у літоўскай антрапаніміі ўтворана каля 60 антрапонімаў. Яна звязаная са старалітоўскім gailas «моцны», літоўскім gailus «гняўлівы», далей з індаеўрапейскім *ghoilo-s «моцны; няўрымслівы, жвавы»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 452..
Абедзве асновы, што ўтвараюць імя Ягайла, былі і ў старапрускім іменаслове: Jo-gaude, Jo-wyl, Jos-taute (па-пруску мусіла вымаўляцца як Jā-), Gayle-minne, Ey-gayle і інш.R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 136, 140.
Значэнне імя Ягайла можна перадаць як «несупынны вершнік» (або хутчэй «той, хто несупынна рушыць»). Ваенныя паходы і іх паспяховасць займалі высокае месца на шкале каштоўнасцяў раннелітоўскага княска-ваярскага асяроддзя.
Імя Ягайлы праз аснову Gail- перагукалася з імёнамі яго братоў, Альгердавых сыноў Карыгайлы, Скіргайлы, Свідрыгайлы (Швітрыгайлы). Аснова Jo(t)- таксама ў імені Карыята, роднага дзядзькі Ягайлу (брат Альгерда, сын Гедзіміна), таму імя Ягайлы выглядае вельмі ўпісаным у іменнік нашчадкаў Гедзімінавічаў. Гэта можа сведчыць пра практыку надаваць імёны з вар’іраваннем асноў для падтрымання цэльнасці і стабільнасці родуЛитвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40..
Томас Баранаўскас, у кампілятыўным аглядзе паводле інтэрнэт-дыскусій, даў значэнне імя Ягайла як «добры яздок».
Выказвалася таксама думка, што менавіта літоўскія імёны дзецям ад свайго другога шлюбу Альгерд даваў з палітычных прычын.
Сустракаюцца, аднак, і іншыя версіі паходжання імя. Так, у XIX ст. Уладзіслаў Юргевіч выводзіў імя Ягайла з хрысціянскага імя ЯкаўЮргевич В. Опыт объяснения имён литовских князей // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. — М., 1883. Кн. 3. С. 22—23.. Вітаўт Чаропка выказваў гіпотэзу пра яго сувязь з імем Іаган, формай імя Іван, якая сустракалася ў ваколіцах ВіцебскаЧаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // «Беларускі гістарычны часопіс» № 6 (?), 2001. С. 42—53.. Павал Урбан звязваў са славянскім іменем «Івайла»Урбан П. Старажытныя ліцвіны: Мова. Паходжанне. Этнічная прыналежнасць. Мн., 2003. С. 52.. Леанід Галяк тлумачыў імя праз індаеўрапейскія карані, без прыцягнення балцкага, літоўскага моўнага матэрыялуГаляк Л. Аб паходжанні вялікіх князёў літоўскіх // «Спадчына», № 6, 1993. — С. 54—62..
Біяграфія
Маленства Дата нараджэння Ягайлы застаецца дыскусійнай. Шэраг гісторыкаў трымаецца думкі, што Ягайла быў другім або трэцім дзіцём Альгерда і княжны Ульяны, дачкі вялікага князя цвярскога і старэйшым сынам Альгерда ў гэтым шлюбе. Паводле новых даследаванняў, асабліва папулярнай у польскай гістарыяграфіі версіяй стала дата нараджэння Ягайлы ў 1362 годзе, паводле якой ён быў восьмым дзіцём Ульяны. Пра раннія гады жыцця Ягайлы вядома мала, нарадзіўся ён імаверна ў Вільні. На думку Анатоля Грыцкевіча, Ягайла рос у «праваслаўным беларускамоўным асяродку». Вялікі князь Альгерд прызначыў Ягайлу сваім наступнікам на вялікакняскім стальцы.
Барацьба за ўладу ў вялікім княстве
Вялікае Княства Літоўскае, уладаром якога Ягайла, воляй вялікага князя Альгерда, стаў у 1377 годзе, складалася з неаднародных этнічна і палітычна сістэм — найперш і пераважна, з зямель былой Кіеўскай Русі, населеных славянамі, і этнічных балцкіх зямель на паўночным захадзе. Стаўшы вялікім князем, Ягайла, як і бацька, трымаў непасрэдную ўладу над паўднёвымі і ўсходнімі тэрыторыямі, а дзядзька Кейстут, князь троцкі, як і раней, трымаў паўночна-заходнія землі дзяржавы (некаторыя гісторыкі называюць такую сістэму кіравання «дыярхіяй»). Аднак неўзабаве сістэма пайдвойнага кіравання аказалася пад пагрозай.
На пачатку ўладарства Ягайла быў заняты праблемамі на рускіх землях. У 1377—1378 гадах старэйшы сын Альгерда — полацкі князь Андрэй — спрабаваў ажыццявіць свае правы і прэтэнзіі на велікакняскі сталец. Пасля кароткага змагання Ягайла авалодаў Полацкам, але з-пад яго кантролю выйшаў Бранск (1371) і Смаленск (1375), потым Валынь і Падолле (1377), затым Севершчына (1379/1380). Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского .
У 1380 годзе Андрэй Альгердавіч і яшчэ адзін брат — Дзмітрый — служылі вялікаму князю маскоўскаму Дзмітрыя Іванавічу, які быў праціўнікам Ягайлы і Мамая, фактычнага хана Залатой Арды. У верасні 1380 года Ягайла ў саюзе з Мамаем выступіў у паход супраць маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча і прамаскоўскі настроенай часткі літоўска-рускай знаці, але не дайшоў да Дона, калі даведаўся пра паразу Мамая ў Кулікоўскай бітве і павярнуў назад. На думку адных даследчыкаў, Ягайла мог асцерагацца паходу сваіх братоў Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў і пасля паразы Мамая разлічваў на саюз з яго канкурэнтам Тахтамышам, на думку іншыхГумилёв Л. Н. От Руси к России , Ягайла напаў на маскоўскія войскі, якія вярталіся дадому, і захапіў здабычу.
Перамога маскоўцаў над Мамаем у доўгатэрміновым плане паклала пачатак павольнага ўздыму Вялікага Княства Маскоўскага, якое стала найбольш сур’ёзным канкурэнтам і пагрозай Вялікаму Княству Літоўскаму. Аднак у 1380 годзе Масква яшчэ не была самай значнай пагрозай: у тым жа годзе Ягайла пачаў барацьбу супраць Кейстута за аднаўладдзе над вялікім княствам.
Хоць Кейстут падтрымаў волю Альгерда на прызначэнне Ягайлы на вялікае княжанне, троцкае баярства, інтарэсы якога прадстаўляў Кейстут, уступіла ў канфлікт з віленскім. У лютым 1380 года Ягайла без узгаднення з Кейстутам заключыў перамір’е на пяць месяцаў з Лівонскім Ордэнам для абароны сваіх спадчынных зямель у Літве, а таксама Полацка, які ён толькі што адабраў у свайго брата і канкурэнта Андрэя Полацкага. Таксама Ягайла заключае тайнае пагадненне, падпісанае 31 мая 1380 года з вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Вінрыхам фон Кніпродэ, згодна з якім ён пайшоў на абяцанне не аказваць Кейстуту і яго дзецям дапамогі ў выпадку вайны з Тэўтонскім ордэнам у абмен на сумесны ненапад на землі, кантраляваныя бакамі пагаднення. Калі Кейстут даведаўся пра гэта, ён распачаў першую ў ВКЛ Грамадзянскую вайну. Ужо ў кастрычніку Кейстут захапіў Вільню і, вымусіўшы Ягайлу адрачыся ад прэтэнзій на трон, абвясціў сябе вялікім князем замест ягоГреков И. Б. Восточная Европа и упадок Золотой Орды. — М.: Наука, 1975. — С. 150—151.. Ягайла быў адпушчаны, яму таксама былі вернуты яго вотчынныя землі (Крэва і Віцебск)Хроника Быховца / Сост. и автор предисл. Н. Н. Улащик. — , 1966. — З. 62..
Ягайла не адмаўляецца ад барацьбы. У 1381 годзе ён выкарыстоўвае мір з крыжакамі для здабыцця Полацка, у выніку чаго ў кампаніі па ўсталяванні ў горадзе прыхільнага да Ягайлы брата Скіргайлы ўдзельнічалі і тэўтонскія атрады. Ужо ў маі—ліпені 1382 года Ягайла, скарыстаўшы паўстанне ў Вільні сваіх прыхільнікаў, а таксама незадаволеных антынямецкай палітыкай Кейстута купцоў, якая перашкаджала іх гандлю, вяртае пры дапамозе тэўтонцаў спачатку Вільню, а затым і Трокі. 3 жніўня 1382 года войска Кейстута, Вітаўта і Любарта, з аднаго боку, і Ягайлы і магістра Лівонскага ордэна Вільгельма фон Фрымерсхайма, з другога, сустрэліся каля Трокаў. Кейстут і яго сын Вітаўт увайшлі ў лагер для перагавораў, але былі падманутыя і кінутыя вязнямі ў Крэўскі замак, дзе Кейстут, паводле звестак адных крыніц, у прыпадку адчаю сам на сябе налажыў рукі, а згодна з іншымі крыніцамі — быў задушаны паводле загаду Ягайлы (15 жніўня 1382 года). Казалі, што Ягайла распарадзіўся ўтапіць і жонку Кейстута, Біруту. Пасля забойства Кейстута Ягайла, аднак, дэманстрацыйна аказаў Кейстуту пашану, зладзіўшы яму ўрачыстае пахаванне паводле паганскага звычаю і запэўніўшы віленскае баярства ў сваёй невінаватасці, хоць ужо ў тыя часы распаўсюдзіліся чуткі пра датычнасць Ягайлы да забойства Кейстута. Вітаўт, у сваю чаргу, будучы спачатку зняволены разам са сваім бацькам Кейстутам, паспеў выратавацца, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне, яму ўдалося ўцячы ў Тэўтонскую крэпасць Марыенбург.
Ягайла сфармуляваў Дубіскі дагавор, у якім дзякаваў рыцарам за дапамогу ў барацьбе з Кейстутам і Вітаўтам, абяцаючы канчатковае хрышчэнне Літвы за чатыры гады і перадачу ім Жамойці на захад ад ракі Дубісы, якая аддзяляла Тэўтонскі ордэн у Прусіі ад яго ландмайстарства ў Лівоніі. Аднак, калі Ягайла не ратыфікаваў дагавор, 30 ліпеня 1383 года рыцары абвясцілі Ягайлу вайну, уварваліся ў Літву і захапілі ТрокіUrban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — ISBN 0-929700-56-2. — P. 173—174, з 3-тысячным войскам да іх далучыўся Вітаўт. 21 кастрычніка Вітаўт быў ахрышчаны па каталіцкім абрадзе пад імем Віганд і 30 студзеня 1384 года ў Кёнігсбергу заключыў пісьмовы дагавор з крыжакамі, паводле якога ён станавіўся васалам Ордэна, як законны князь троцкі, і перадаваў яму Жамойць да ракі Нявежы і Ковенскую вобласцьSužiedėlis S. Vytautas the Great // Encyclopedia Lituanica. — VI. — Boston, Massachusetts: Juozas Kapočius, 1970—1978. — P. 208—209. У час гэтай барацьбы Ягайла таксама быў вымушаны прызнаць пераход Полацка пад уладаранне Андрэя Альгердавіча і прызнаў вяртанне ў ВКЛ Дзмітрыя Бранскага, хоць у той жа час з вымарачных вотчын на Валыні было ўтворана Луцкае намесніцтва.