Людміла Генрыхаўна Бржазоўская () — беларуская савецкая артыстка балета, , педагог-рэпетытар Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Народная артыстка Беларускай ССР (1975).
Біяграфія Нарадзілася ў Мінску ў сям'і беларускага мастака-жывапісца Генрыха Бржазоўскага, які стварыў больш за 2 тысячы палотнаў. Сям'я Людмілы Бржазоўскай жыла на вуліцы Старажоўскай (дзе ў двары была бацькава майстэрня) недалёка ад Тэатра оперы і балета. У харэаграфічнае вучылішча яе адвяла мама (лейтэнант, урач-стаматолаг у паліклініцы МУС). Дзядуля Людмілы Бржазоўскай, выхадзец са збяднелай польскай шляхты, быў чырванадрэўшчыкам і афармляў у Мінску Чырвоны касцёл.
У 1966 годзе закончыла Беларускае харэаграфічнае вучылішча (клас народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай) і была прынята ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. У 1966—1989 гадах вядучая танцоўшчыца тэатра.
Першай яе сур'ёзнай працай на сцэне тэатра стала партыя Сольвейг у балеце «Пер Гюнт» (1967 год). Падчас працы ў спектаклях «Рамэа і Джульета» (1970) і «Трыстан і Ізольда» (1971) узнік творчы дуэт Людмілы Бржазоўскай з Юрыем Траянам.
У 1970 годзе Людміла Бржазоўская стажыравалася ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава ў Наталлі Дудзінскай. У 1975 годзе (у 29 гадоў) атрымала званне народнай артысткі Беларускай ССР,.
У 1987 скончыла навучанне на факультэце харэаграфіі Мінскага інстытута культуры. З 1989 года выкладала ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы, з 1994 года — на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі. З 2001 года працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Адначасова з 1997 года — педагог-рэпетытар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Сярод яе выхаванак балерыны Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Марына Вежнавец і Марына Парамонава.
Захапляецца выяўленчым мастацтвам — піша пейзажы, букеты кветак. Таксама малюе на тэму балета, алоўкам. Акрамя сваіх работ, работ бацькі і сястры, у яе доме — карціны прызнаных мастакоў, напрыклад два партрэта Людмілы Генрыхаўны, якія выканаў Барыс Забораў. У Нацыянальным мастацкім музеі ёсць парадны партрэт балерыны Бржазоўскай пэндзля Аляксандра Шастакова.
Творчасць Выканальніцкае мастацтва Бржазоўскай вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, спалучала ўменне выявіць унутраную сутнасць вобраза з сучасным пластычным малюнкам танца і завершанасцю ліній.
Першая выканала галоўныя партыі ў балетах, пастаўленых Валянцінам Елізар'евым і Атарам Дадзішкіліяні: Нэле («Тыль Уленшпігель» — 2-я рэдакцыя), Ева («Стварэнне свету»), Кармэн («Кармэн-сюіта»), Фрыгія («Спартак»), Маша («Шчаўкунок»), Каханая («Карміна Бурана»), Дзяўчына («Пасля балю»), Джульета («Рамэа і Джульета»), Нэле («Тыль Уленшпігель» — 1-я рэдакцыя).
Яркая індывідуальнасць артысткі выявілася з балетах класічнага рэпертуару, у якіх створаныя ёю вобразы атрымалі новае гучанне: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера»), Аўрора («Спячая прыгажуня»), Жызель («Жызель»), Сільфіда («Сільфіда»), Ізольда («Трыстан і Ізольда»), Раймонда («Раймонда», Марыя («Бахчысарайскі фантан»), Паміраючы лебедзь («Паміраючы лебедзь», на музыку «Адажыета» Г. Малера.
У нацыянальных балетах выканала партыі Наталькі («Курган» Яўгена Глебава), Маці («Крылы памяці» Уладзіміра Кандрусевіча).
Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера» і «Жызэль» (Бухарэсцкая студыя тэлебачання), «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта». Ёй быў прысвечаны творчы тэлевечар «Танцуе Людміла Бржазоўская» (на Беларускім тэлебачанні).
Яе таленту апладзіравалі больш чым у 30 краінах. Балерына выступала ў Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, Індыі, Манголіі, Іарданіі, Кувейце, Румыніі, Сінгапуры, Польшчы, Турцыі і іншых краінах.
Фільмаграфія «Міф» — меладрама Аяны Шахмаліевай, 1986. У гэтай карціне, створанай па матывах аповесці Кірыла Ласкары «Дваццаць трэці піруэт», Людміла Бржазоўская сыграла таленавітую балерыну. У фільме таксама сыграў Марыс Ліепа.
Ацэнкі Увасабленне Бржазоўскай вобраза Кармэн часам параўноўвалі з выкананнем Маі Плісецкай. Часта — на карысць Бржазоўскай.
Літаратура Мушынская Т. М. Гармония дуэта. — Мн., 1987. Мушынская Т. М. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. — Мн., 1993. — С. 24-32. Чурко Ю. М. Бржазоўская Людміла Генрыхаўна// Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мн., 2002. — С. 161—162.
Спасылкі Біяграфія Людмілы Бржазоўскай на сайце НАБТБ РБ
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Народныя артысты Беларускай ССР Катэгорыя:Артысты балета Беларусі Катэгорыя:Постаці Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа