Кіпенне — працэс параўтварэння ў вадкасці (пераход рэчыва з вадкага ў газападобны стан), з узнікненнем межаў падзелу фаз. Тэмпература кіпення пры атмасферным ціску прыводзіцца звычайна як адна з асноўных фізіка-хімічных характарыстык хімічна чыстага рэчыва.
Кіпенне з’яўляецца фазавым пераходам першага роду. Кіпенне адбываецца значна больш інтэнсіўна, чым выпарэнне з паверхні, з-за ўтварэння ачагоў параўтварэння, абумоўленых як дасягнутай тэмпературай кіпення, так і наяўнасцю дамешкаў.
Пры кіпенні бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. Кіпенне пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам)
Для падтрымання кіпення да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хімічнай прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога тэмпература кіпення павялічваецца. Кіпенне можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай тэмпературы, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць тэмпературы кіпення ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску.
Выкарыстоўваецца ў розных тэхнічных і тэхналагічных працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх тэмператур і інш.). Кіпячэнне — награванне вадкасці (звычайна вады) да тэмпературы кіпення — фізічны спосаб дэзінфекцыі.
Літаратура
Катэгорыя:Тэрмадынаміка Катэгорыя:Малекулярная фізіка