Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) — вайскова-палітычная арганізацыя беларускіх дзеячаў, створаная ў гады Другой сусветнай вайны.
Гісторыя БНП была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 у Вільні (паводле іншай версіі, у Мінску ў 1942).Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19-20 Ініцыятарам яе ўзнікнення быў адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячаў маладога пакалення.Ёрш, С.14.
Кіравалася створанымі да восені 1942 Цэнтральным Камітэтам і пяццю акруговымі камітэтамі. Кіраўнікі: Усевалад Родзька (цэнтральны камітэт), Міхал Вітушка (сябар ЦК), Дзмітрый Касмовіч (сябар ЦК), Юльян Саковіч (мінскі акруговы камітэт), Аляксей Сянкевіч (мінскі акруговы камітэт — пасля гібелі Юльяна Саковіча ў чэрвені 1943 г.), Францішак Аляхновіч (віленскі акруговы камітэт), Янка Гінько (глыбоцкі акруговы камітэт), Рыгор Зыбайла (слонімскі акруговы камітэт), Віктар Сікора (пастаўскі акруговы камітэт), Іван Гелда (беластоцкі акруговы камітэт) і інш. Структуры БНП існавалі ў 1942-1943 на Браншчыне і Смаленшчыне. Выпускала фармальна нелегальны орган друку «Бюлетэнь БНП»2 нумары ў 1942—1944 у Беларусі (2-і нумар тыражом 500 ас.), 3-і — жнівень 1944, Усх. Прусія, 4-ы — восень 1944, Берлін, 5-ы (апошні «ваенны») — снежань 1944 або студзень 1945, 6-ы (апошні) — восень 1946, Зах. Германія. Ёрш, С.127-129., пасля вайны — бюлетэнь «Праца і Воля» (2 нумары, 1949). Фармальна БНП прадстаўлялася як патрыятычная і канспірацыйная арганізацыя з задачай збройнай барацьбы за незалежнасць Беларусі, рэальна кіраўніцтва ад пачатку супрацоўнічала з Абверам.
Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі беларускім апараце, імкнуліся арганізаваць беларускі нацыянальны рух для адначасовага выступлення супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і бальшавікоў. Было створана некалькі нелегальных узброеных груп, найбольш на Палессі — 12. Да сярэдзіны 1944 года БНП не мела шырокай падтрымкі. З прыходам Чырвонай Арміі дзейнасць БНП значна актывізаваласяЭГБ, т. 1. С. 393—394.
Практычную дзейнасць БНП пачала ў чэрвені 1944Туронак, С.155., стварэннем некалькі канспірацыйных груп у Беларусі дзеля вядзення разведкі і дыверсій у тыле Чырвонай Арміі (паводле інш. крыніц, падрыхтоўка такіх груп з дапамогай Абверу вялася з восені 1943, асабліва актыўна зімой-вясной 1944Ёрш, С.15.). Выконваючы непасрэдную сваю задачу барацьбы з савецкім войскам у Беларусі, БНП кіравала беларусаў-добраахвотнікаў у вайсковую школу «Дальвіц» (таксама вядомую як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»). Парашутныя закідванні груп з батальёну «Дальвіц» у Беларусь працягваліся з верасня 1944. Частка гэтых груп, як паведамлялася ў інфармацыйных дакументах БНП, працягвала дзейнічаць яшчэ зімою 1945/1946Ёрш, С.137,138., і нават да 1956Ёрш, С.17..
У якасці палітычнай праграмы прапаноўвалася выкарыстанне «непазбежнага канфлікту» саюзнікаў пасля перамогі над Германіяй, мацаванне ўласных (узброеных) сіл і ўзброеная барацьба за незалежнасць Беларусі ва ўмовах узгаданага канфлікту.
Напярэдадні Другога Усебеларускага кангрэса, у Мінску ЦК БНП планаваў зацвердзіць план зрыву Кангрэса, у сувязі з недаверам Прэзідэнту Беларускай Цэнтральнай Рады Радаславу Астроўскаму. На думку БНП, прэзідэнт Астроўскі планаваў зацвердзіць кангрэсам супрацу Беларусі з немцамі і гэтым самым скампраметаваць беларускі народ у вачах усяго свету. Каб не дапусціць гэтага, БНП планавала сарваць Кангрэс, як толькі ён распачнецца. Але дзякуючы Міхасю Зую, план аднагалосна змянілі, бо той параіў, што зрыў Кангрэсу павінен наступіць толькі ў тым выпадку, калі Астроўскі сапраўды пачне прамаўляць на Кангрэсе аб супрацы з немцамі.
Пасля эвакуацыі з Беларусі ў 1944 у Германіі быў створаны Замежны Сектар БНП (кіраўнік Дз. Касмовіч). У 1944 кіраўніцтва БНП рэзка крытыкавала Беларускую Цэнтральную Раду і асабіста Р. Астроўскага за кан’юнктурніцтва, марыянеткавы характар дзеянняў, нарэшце, спыніла ўсякае супрацоўніцтва ў пач. 1945. Асабліва моцна БНП выказвала незадавальненне няўдалай арганізацыяй «эвакуацыі з Беларусі» ў 1944 і стратай большай часткі асабовага складу БКА, таксама неэфектыўнасцю дзеянняў Астроўскага па стварэнні беларускага войска ў Германіі. Адзначаецца, што такія закіды з’яўлялі выключна нямецкія вайсковыя патрэбы канца вайны (задача абароны Германіі любой цаной).
Пасля раззбраення батальёну «Дальвіц» у Чэхіі (1945), частка яго асабовага складу накіравалася ў Беларусь для працягу ўзброенай барацьбы, але на Беласточчыне была выкрыта савецкай бяспекай і амаль цалкам арыштавана. Кіраўнікі былі суджаныя ў «справе шасцёх» (верагодна, май 1946), Родзька і Гелда пакараныя смерцю.
Пасля вайны БНП дзейнічала сярод беларускіх супольнасцяў у заходніх акупацыйных зонах і Заходняй Еўропе. У 1948—1949 вакол пытання падтрымкі Беларускага нацыянальнага цэнтру ў шэрагах кіраўніцтва партыі адбыўся падзел, кожная з груповак прэтэндавала на назву БНП (у выніку Б. Рагуля, М. Рагуля, У. Набагез выключаны з ЦК). У далейшым (1954), лідары БНП прызнавалі БЦР як «адзіны легітымны прадстаўнічы цэнтр», а Астроўскага як «вялікага і заслужанага беларускага патрыёта», рэзка выступалі супраць удзелу беларускай моладзі ў скаўцкім і хрысціянска-моладзевым рухах.
У сярэдзіне 1950-х, без фармальнага роспуску партыі, Замежны Сектар БНП увайшоў у Беларускі вызвольны фронт, арганізаваны Дз. Касмовічам.
Прысяга беларускай незалежніцкай партыі Прысягаю на Бога, што буду верным да смерці свайму Народу і Бацькаўшчыне, буду аддана і самаахвярна змагацца за незалежнасць Беларусі і за шчасце і волю Беларускага Народа. Уступаючы ў рады БНП, прысягаю не здрадзіць яе спраў і тайнаў ані словам, ані чынам, хоць бы мяне чакалі найбольшыя спакусы і мукі. За справу БНП прысягаю аддаць у кожную хвіліну жыццё, бо ведаю, што яе справа — гэта справа волі і шчасця Беларускага Народа і Бацькаўшчыны, і што сёння толькі ў шчыльных радах БНП мы здабудзем незалежнасць Беларусі і дамо адпор нашым ворагам. Ведаю, што за здраду спраў і тайнаў партыі кожны яе сябра караецца смерцю. Ад сённяшняга дня — я актыўны змагар і працаўнік БНП
Крыніцы
Літаратура (Туронак) Jerzy Turonek, Bialorus pod okupacja niemiecka. «WERS», Warszawa—Wroclaw, 1989. 186 s. (Ёрш) Сяргей Ёрш, Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с. — (Архіў Найноўшае Гісторыі). ISBN 985-6012-62-7. Ёрш С, Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006.
Спасылкі Д. Касмовіч, Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)
Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:Беларускія вайсковыя арганізацыі Катэгорыя:Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі
Катэгорыя:Антысавецкія падпольныя арганізацыі на Беларусі