Архіў Найноўшае Гісторыі — беларускае грамадскае навукова-даследчае аб’яднанне, заснаванае ў 1996 годзе Беларускім гуманітарным фондам «Наша Ніва». Праіснаваў прыкладна да пачатку 2000-х гадоў.

Мэты асэнсаванне гісторыі Беларусі XX стагоддзя; пошук дэмакратычных каранёў незалежнага беларускага грамадства; актуалізацыя гэтай спадчыны.

На падставе Архіва створаны фонд беларускага самвыдату, адбываўся запіс вуснай гісторыі, фіксацыя сучаснай гісторыі. Спрабаваў стварыць архіў партыйных дакументаў, друкаванай прадукцыі (адозвы, улёткі, звароты і іншае), фотаздымкаў, прэс-рэлізаў і іншых дакументаў грамадскай дзейнасці ў Беларусі.

Частка матэрыялу архіву друкавалася на старонках «Нашай Нівы», на паласе «Шуфляда». На падставе гэтага з’явіўся навукова-архівістычны альманах «Шуфляда». У Нашай Ніве быў змешчаны «Апытальнік сьведкі найноўшае гісторыі Беларусі», адказы на які друкаваліся ў газеце.

Архіў выдаў шэраг кніг і паштовак. Прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнароднага «Слоўніка дысідэнтаў 50-80-х гадоў».

Архіў супрацоўнічаў з такімі замежнымі арганізацыямі, як: Цэнтр KARTA (Польшча), «Мемориал» (Масква, Санкт-Пецярбург (Расія)), Група па правах чалавека ў Харкаве (Украіна), «Libri Prohibiti» (Чэхія), таварыства «Alianta Civica» (Румынія).

Выданні аб’яднання Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Даведнік / Пад рэдакцыяй Алега Дзярновіча. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-07-3. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с. Герман Кірылаў. Гарт: З успамінаў пра Саюз Беларускіх патрыётаў (Глыбокае, Паставы, 1945—1947 гг.). — Менск: Наша Ніва, 1997. — 352 с. — ISBN 985-6374-01-4. Аляксандр Лукашук. «За кіпучай чэкісцкай работай»: З жыцьця катаў. — Менск: Наша Ніва, 1997. — 192 с. — ISBN 985-6374-03-0. Менская вясна — 1996: Кроніка, дакумэнты, сьведчаньні. — Менск: Наша Ніва, 1996. — 140 с. — ISBN 83-9062-15-0-9. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971—1990). Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. — Менск: БГАКЦ, 1998. — 172 с. — ISBN 985-6012-58-9.

Цікавыя факты Адной з прычынаў заняпаду Архіву лічацца выкрытыя фінансавыя злоўжыванні арганізатараў праекту.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі