Сюжэт — сістэма ўзаемазвязаных падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае характары персанажаў і ўвесь змест эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. Паводле М. Горкага, сюжэт — гэта «сувязі, супярэчнасці, сымпатыі, антыпатыі і ўвогуле ўзаемаадносіны людзей — гісторыі росту і арганізацыі таго ці іншага характару, тыпу». У аснове сюжэту заўсёды ляжыць пэўны жыццёвы канфлікт. З’яўляючыся важным сродкам даследавання з’яў рэчаіснасці ў іх узаемасувязях, прычынна-выніковых адносінах і супярэчнасцях, сюжэт мае канкрэтна-гістарычны характар; у сюжэце выяўляюцца канфлікты, уласцівыя пэўнай нацыі, класу, эпосе.

Вылучаюцца такія элементы сюжэту: экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка і эпілёг (экспазіцыі і эпілога ў творы можа і не быць). Сюжэт цесна звязаны з кампазіцыяй твора, хаця па аб’ёме за яе вузейшы (апрача сюжэту, кампазіцыя аб’ядноўвае г. зв. пазасюжэтныя элементы твора: разгорнутыя апісанні малюнкаў прыроды і быту, аўтарскія развагі, лірычныя адступленні і інш.) Творы лірычныя сюжэту не маюць. Замест логікі разгортвання падзей у іх назіраецца своеасаблівая логіка выяўлення пачуццяў. Аднак сюжэт прысутнічае ў ліра-эпічных творах паэмах, баладах, байках), у вершаваных раманах, аповесцях, апавяданнях. Нярэдка ў паэзіі сустракаюцца і сюжэтныя вершы («Лён» Я. Купалы, «У вёсцы», «Страцім — лебедзь» М. Багдановіча і інш.).

Літаратура

Сюжэ́т // Рагойша, В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў/ В. П. Рагойша. — Мн.: Народная асвета, 2009. — 303 с. — ISBN 978-985-03-1233-4.

Сюжэ́т // Кормилов С. И. Сюже́т и Фа́була // Ли­те­ра­тур­ная эн­цик­ло­пе­дия тер­ми­нов и по­ня­тий / ред­кол. : А. Н. Ни­ко­лю­кин (гл. ред.) [и др.] ; РАН, Ин-т на­уч. ин­форм. по об­ществ. на­у­кам. — Москва : Ин­тел­вак, 2001. — Стб. 1048—1049. — 1596 стб. — Имен. указ.: стб. 1277—1483. — Предм. указ.: с. 1484—1595. — ISBN 5-93264-026-Х.

Катэгорыя:Літаратуразнаўства Катэгорыя:Літаратура