Павел Савіцкі (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца гродзенскага «Нёмана» і нацыянальнай зборнай Беларусі.
Клубная кар’ера
«Нёман» Выхаванец ДЮСШ «Белкард» (Гродна). Першы трэнер — Аляксандр Ярашэвіч.
Прафесійную кар’еру пачаў у «Нёмане» ў 2010 годзе, выступаў за дубль (чэмпіянат 2010 — 20 гульняў, 5 галоў; чэмпіянат 2011 — 5 гульняў). У сезоне 2011 дэбютаваў у чэмпіянаце Беларусі і замацаваўся ў асноўным складзе клуба: правёў 28 матчаў, забіў 5 галоў і аддаў 6 галявых перадач. Колькасць забітых мячоў і хет-трык у адным матчы — узроставыя рэкорды Вышэйшай лігі. 24 студзеня 2012 года падоўжыў кантракт з клубам яшчэ на 3 гады.
У чэмпіянаце 2012 правёў усе 30 матчаў, забіў 6 галоў. Па заканчэнні сезона цікавасць да Савіцкага сталі праяўляць нямецкія клубы, але ён застаўся ў «Нёмане».
У сезоне 2013 працягваў выступаць у аснове, звычайна на пазіцыі левага ўскрайняга нападніка. Стаў найлепшым бамбардзірам клуба, забіўшы 5 галоў.
Сезон 2014 распачынаў левым ускрайнім нападнікам, а ў сярэдзіне сезона быў перамешчаны на пазіцыю цэнтральнага нападніка. У выніку Павел здолеў забіць 11 мячоў у чэмпіянаце. У канцы сезона з’явілася інфармацыя аб інтарэсе да Савіцкага з боку англійскага «Саўтгемптана» і чэшскай «Спарты». Прадметны інтарэс да маладога нападніка праяўляла мінскае «Дынама», але потым адмовілася ад набыцця іграка.
«Ягелонія» У канцы лістапада 2014 цікавасць да Савіцкага стала праяўляць польская «Ягелонія». У выніку 10 снежня 2014 года Павел падоўжыў кантракт з «Нёманам» і ў той жа дзень быў аддадзены ў паўгадавую арэнду польскаму клубу.
У складзе «Ягелоніі» Павел паспяхова гуляў у таварыскіх матчах падчас перапынку ў чэмпіянаце. Аднак, у лютым ён атрымаў траўму, з-за якой быў вымушаны прапусціць некалькі матчаў. 1 сакавіка 2015 года дэбютаваў за «Ягелонію» ў Экстраклясе, выйшаўшы на замену на 66-й хвіліне матча з «Каронай». Аднак, неўзабаве перастаў трапляць у склад, часам стаў выступаць за дубль. Галоўны трэнер беластоцкай каманды Міхал Пробеж выказваў незадаволенасць Савіцкім. У выніку, у маі Павел ужо не з’яўляўся ў асноўнай камандзе «Ягелоніі», а сам выказваў упэўненасць, што ў Беластоку не застанецца.
Вяртанне ў «Нёман» 1 чэрвеня 2015 года арэндны кантракт з «Ягелоніяй» быў скасаваны, і ўжо 3 чэрвеня Павел зноў апынуўся ў складзе «Нёмана». Аднак, з-а таго, што трансфернае акно ў Беларусі яшчэ не было адчынена, на працягу месяца толькі трэніраваўся з камандай, а дэбютаваў у чэмпіянаце толькі 12 ліпеня ў матчы супраць мінскага «Дынама» (выніковы лік 0:2). Здолеў адразу зноў замацавацца ў аснове «Нёмана», да канца сезона паспеў забіць 5 галоў у чэмпіянаце.
Па заканчэнні чэмпіянату 2015 цікавасць да Савіцкага праяўляў шэраг клубаў. На падпісанне паўабаронцы разлічваў салігорскі «Шахцёр», але не здолеў дамовіцца з «Нёманам» аб умовах пераходу. У выніку, у лютым 2016 года Савіцкі яшчэ на год падоўжыў пагадненне з гродзенцамі. Пачатак сезона 2016 прапусціў з-за траўмы, але потым вярнуўся ў склад, у канцы сезона стаў капітанам каманды. У міжсезонні 2016/17 Савіцкім зноў цікавіўся шэраг клубаў, аднак ён са студзеня 2017 года пачаў трэніравацца з «Нёманам» і ў лютым падпісаў новы гадавы кантракт. У сезоне 2017 заставаўся капітанам і лідарам гродзенскай каманды, з 15 галамі стаў другім бамбардзірам чэмпіянату Беларусі пасля Міхаіла Гардзейчука.
«Дынама» Брэст У снежні 2017 года ў якасці свабоднага агента падпісаў трохгадовы кантракт з брэсцкім «Дынама». Пазней, аднак, «Нёман» выставіў прэтэнзіі на кампенсацыю падрыхтоўкі іграка, які ва ўзросце 23 гадоў па заканчэнні кантракта перайшоў у іншы клуб, у памеры 600 тысяч долараў, як гэта прадугледжвалі кодэксы УЕФА і Беларусі. У верасні 2018 года Дысцыплінарны камітэт АБФФ пастанавіў «Дынама» кампансаваць амаль 400 тысяч долараў на падрыхтоўку футбаліста на карысць «Нёмана», у кастрычніку Арбіртажны камітэт скараціў суму да 265 тысяч долараў.
У складзе ж брэсцкай каманды Павел стаў трывалым іграком асновы. У ліпені 2018 года здарыўся канфлікт з трэнерам дынамаўцаў Аляксеем Шпілеўскім, з-за якога каманду пакінулі лідары Арцём Мілеўскі і Аляксей Гаўрыловіч, Савіцкі па першапачатковай інфармацыі таксама быў выстаўлены на трансфер, аднак у выніку тыдзень трэніраваўся індывідуальна і пасля вярнуўся ў склад. У першым жа матчы пасля вяртання 26 ліпеня 2018 года аформіў хет-трык у браму грэчаскага «Атрамітаса» (4:3) у Лізе Еўропы. Па выніках сезона 2018 Павел з 15 галамі стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату, быў таксама прызнаны найлепшым нападнікам чэмпіянату.
У сезоне 2019 чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену. Забіўшы 8 галоў у Вышэйшай лізе, дапамог брэсцкаму клубу стаць чэмпіёнам Беларусі. Сезон 2020 пачынаў у стартавым складзе, пасля стаў часцей выхадзіць на замену.
«Рух» У студзені 2021 года стаў трэніравацца з брэсцкім «Рухам» і неўзабаве падпісаў кантракт з клубам. У сезоне 2021 быў іграком асновы, чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену, усяго правёў за «Рух» 28 матчаў (26 у чэмпіянаце Беларусі і 2 у Кубку Беларусі), адзначыўся 5 галамі і 5 галявымі перадачамі. У студзені 2022 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з брэсцкім клубам.
Другое вяртанне ў «Нёман» У студзені 2022 года зноў стаў іграком «Нёмана», падпісаўшы кантракт да канца сезона. У сезоне 2022 з 9 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды ў чэмпіянаце. У снежні 2022 года падоўжыў пагадненне з гродзенскім клубам на год. У сезоне 2023 адзначыўся 13 галамі ў чэмпіянаце Беларусі, чым дапамог «Нёману» стаць срэбраным прызёрам чэмпіянату. У студзені 2024 года зноў падоўжыў кантракт з клубам.
Міжнародная кар’ера 1 сакавіка 2012 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў таварыскім матчы з Казахстанам.
У маі 2014 года быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі. Дэбютаваў у зборнай 18 мая 2014 года ў таварыскім матчы супраць Ірана. Ужо ў другім сваім матчы за зборную 21 мая 2014 года супраць Ліхтэнштэйна адзначыўся дублем.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі: 2019 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі: 2023 Уладальнік Кубка Беларусі (2): 2018, 2024 Уладальнік Суперкубка Беларусі (3): 2018, 2019, 2020 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (5): 2013, 2016, 2017, 2018, 2023 Найлепшы нападнік чэмпіянату Беларусі: 2018 Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі: 2018 (15 галоў)
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Ягелонія Беласток Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Брэст Катэгорыя:Ігракі ФК Рух Брэст