Алесь (Аляксандр Іосіфавіч) Стахо́віч (, в. Кашына, Аршанскі павет, Магілёўская губерня — ) — беларускі савецкі пісьменнік. Бацька архітэктара Алега Стаховіча.

Біяграфія Нарадзіўся 3 ліпеня 1907 года ў в. Кашына Аршанскага павета Магілёўскай губерні (цяпер — Віцебскай вобласці).

Сярэднюю школу скончыў у Оршы ў 1923 годзе. Тады ж уступіў у камсамол і быў накіраваны на камсамольскую работу — спачатку ў Оршу, потым у Мсціслаўскі райкам камсамола. Працаваў загадчыкам аддзелаў культуры і прапаганды ў Крупскім, Талачынскім, Жлобінскім райкамах партыі. Быў начальнікам палітаддзела ў саўгасах «Горкі-Апчак», «Старчыцы», інструктарам ЦК КПБ. 3 1938 года — адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пайшоў на фронт, працаваў у армейскіх газетах. Пасля вайны на творчай рабоце.

Памёр 7 лютага 1956 года. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Творчасць Друкавацца А. Стаховіч пачаў у 1928 годзе ў газеце «Чырвоная змена». У 1930 годзе ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка» апублікавана яго першае апавяданне «Яе шлях». Пісаў нарысы, фельетоны, невялікія апавяданні. Першая кніга яго апавяданняў «Маленькія героі» (1939 год) прысвечана дзецям. Пра даваеннае і пасляваеннае жыццё расказаў у аповесці «Пампей Шчупак», раманах «Пад мірным небам», «Шырокія гарызонты». Гэтыя творы, актуальныя па тэматыцы, не вылучаліся пастаноўкай вострых праблем. Наадварот, усе складанасці жыцця калгаснікаў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд тут прыхарошаны. У яго творах назіраецца даніна пануючай тады ў мастацтве тэорыі бесканфліктнасці. Аповесць А. Стаховіча «Шумяць лясы» прысвечана партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі. У 1951 годзе выйшла апавяданне для дзяцей «Залаты карп».

Пераклаў на беларускую мову «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б. Палявога і інш. Творы А. Стаховіча выдаваліся на рускай і польскай мовах.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі.

Літаратура

Стаховіч Алесь (Аляксандр Іосіфавіч) // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.]; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2000. — Кн. 2. — С. 40.

Спасылкі Стаховіч Аляксандр Іосіфавіч // Інфармацыйны рэсурс «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць» Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна

Катэгорыя:Пісьменнікі СССР Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі СССР Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі СССР Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Ваенныя карэспандэнты