Ла́твія (, ) — дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Другая паводле плошчы і колькасці насельніцтва з трох балтыйскіх краін — меншая за Літву, большая за Эстонію. На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой, на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам.
Латвія складзена з чатырох гістарычных краёў — Курляндыі () на паўднёвым захадзе, Відзэмэ () на паўночным захадзе, Семігаліі () на паўночным усходзе і Латгаліі () на паўднёвым усходзе. Законам 2021 года створаны пяты рэгіён — Сэлія.
Да стварэння ў 1918 годзе незалежнай латышскай дзяржавы, тэрыторыя сучаснай Латвіі ўваходзіла ў склад дзяржаўных утварэнняў нямецкіх Ордэнаў, Рэчы Паспалітай, Швецыі, Расійскай імперыі пры панавальнай ролі нямецкай арыстакратыі. У 1940—1990 гадах Латвійская ССР уваходзіла ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Латвія — адна з краін з невялікай колькасцю насельніцтва, што працягвае скарачацца. Тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва — адны з найвышэйшых у свеце. Дзяржаўная мова — латышская, адна з дзвюх жывых балтыйскіх моў. Сталіца Латвіі — Рыга, найбуйнейшы балтыйскі горад. Іншыя вялікія гарады — Даўгаўпілс і Вэнтспілс.
Латвія — член НАТА і Еўрапейскага Саюза, таксама ўваходзіць у Еўразону і Шэнгенскую зону. Пра эканамічныя поспехі Латвіі сведчыць яе членства ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, а Сусветны банк адносіць яе да краін з высокім даходам.
Назва Назва Латвія паходзіць ад назвы балцкага племені латгалаў, якое жыло на ўсходзе сучаснай Латвіі. Пісьмовыя крыніцы XI—XIII стагоддзяў называюць гэтае племя летьгола, Lethigalli, Лотыгола. Другая аснова ад агульнабалцкага *galas «канец, край».
Першая аснова, якая і дала назву латышам і Латвіі, гідранімічнага паходжання, ад напэўна не ідэнтыфікаванай ракі з назвай накшталт *Lata / *Leta, якую параўноўваюць з літоўскімі гідронімамі Latava, Latuva, Lat-upis (рэкі), Lat-ežeris (возера), латышскімі (у задзвінскім Відзэмэ) Late, Lat-upe. Далей да індаеўрапейскага *lat- «цячы»K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 2001. C. 504—507..
Назвы многіх рэгіёнаў, утвораныя ад назваў балцкіх плямёнаў, звязаныя менавіта з гідронімамі, якія найчасцей таксама не захаваліся і не ідэнтыфікуюцца. Назвы Галіндыя, Натангія (прускія землі), Яцвязь або СудовіяV. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 207—208, 296—289, 649, 890., СеліяТопоров В. Н. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur-: *-nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Балто-славянские исследования. XVII. Москва, 2006. С. 479—482., Нальшаны, імаверна і Літва, звязваюцца з гідронімамі з асновамі Gal-ind-, Nat-ang-, Jat-(а)v-, Sūd-(а)v-, Sel-, Nal-š-, Liet-(u)v-Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 105, 137, 182, 185, 223, 231—232, 295, 319.. Існуе думка, што на адпаведных рэчках маглі знаходзіцца сакральна-рэлігійныя цэнтры пэўнага рэгіёна (племені).
Геаграфічнае становішча
Латвія — еўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасці Латвіі вучоныя не маюць: краіну адносяць як да Усходняй, так і да Паўночнай Еўропы. Агульная працягласць латвійскай мяжы складае 1866 кіламетраў (з іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыжскім залівам на паўночным захадзе. У Балтыйскім моры Латвія мае марскую мяжу са Швецыяй, Літвой і Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндскі паўвостраў.
Прырода
Латвія размешчана на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаннем якому абавязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальскае на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належыць найвышэйшы пункт краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае і (нешырокая Прыморская нізіна) аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.
Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынентальнасць расце на ўсход не толькі ў сувязі з павелічэннем аддаленасці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так на ўзгорак Гайзінькалнс снегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней за яго больш нізкія ваколіцы.
Найбуйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэння. Найбольшую працягласць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 кв.км.).
Лясы займаюць 52 % тэрыторыі Латвіі.Гослеса. Лесистость Латвии 1925—2016 У тыповым латышскім пейзажы, пушчы чаргуецца з палямі, сядзібамі і лугамі. Плямы раллі перамяжаюцца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кіламетраў неасвоенага марскога ўзбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пясчаных пляжаў. Каля 9 % тэрыторыі занята балотамі, 70 % з якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыб.
Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кемеры ў Земгале, Слітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой у свеце пасля Швейцарыі паводле індэксу экалагічнай эфектыўнасці, што азначае як высокую ступень захаванасці экасістэм, так і беражлівае стаўленне да прыроды ў наш час.
Гісторыя
Усходні бераг Балтыйскага мора быў заселены пратабалцкімі плямёнамі ў III тыс. да н.э. Старажытныя балты прадавалі металы і бурштын у Рым і Візантыю. У IX ст н.э. галоўнымі балцкімі плямёнамі былі: куршы, латгалы, селы, земгалы, на тэрыторыі сучаснай Латвіі існавала 14 асобных княстваў.
У высокім Сярэднявеччы вядомыя як Ліфляндыя або Інфлянты, землі сучаснай Латвіі трапілі спачатку пад нямецкі ўплыў, а пасля — уладу. У XII ст. уверх па Даўгаве актыўна падымаюцца місіянеры, пасланыя Папскім прастолам, але паганцы-балты не спяшаюцца прымаць хрысціянства. Тады Папы натхняюць нямецкіх рыцараў на крыжовы паход ва ўсходнюю Балтыю (1193). У пачатку XIII ст. крыжакамі заснавана Рыга, а ў пачатку XIII ст. на тэрыторыі сучасных Латвіі і Эстоніі створаны Лівонскі ордэн. У 1282 Рыга становіцца ўсходнім фарпостам гандлёвага Ганзейскага саюза.
Пасля заняпаду ордэна Інфлянты ў 1562 годзе трапілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пазней — Рэчы Паспалітай, пры гэтым усходняя латгальская зямля засталася ў складзе ВКЛ пад назвай Інфлянцкага ваяводства. У складзе Рэчы Паспалітай Лівонія мела значную аўтаномію. У пачатку XVII ст. паўночная Латвія была заваявана Швецыяй. Латвійскія гісторыкі пазітыўна ацэньваюць шведскі перыяд, у гэты час была створана сетка школаў, абмежавана ўлада мясцовых магнатаў. Да XVII ст. сфарміравалася сучасная латышская нацыя. Ад нямецкага і шведскага панавання Латвія атрымала ў спадчыну і лютэранства як нацыянальную рэлігію.
У XVIII ст. тэрыторыя Латвіі была паступова далучана да Расійскай імперыі: паводле Ніштацкага міру Расіі дасталіся Відзэмэ з Рыгаю і Зэмгалэ; у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай — Латгалія і Курляндыя. Новадалучныя тэрыторыі мелі вялікую аўтаномію: урад, законы, нямецкую мову як дзяржаўную. У Балтыі раней за астатнюю Расію быў адменены прыгон — у 1818—1819 гадах. У сярэдзіне XIX ст. шырока разгарнуўся латышскі нацыянальны рух, накіраваны супраць нямецкага засілля; была створана арганізацыя «Маладая Латвія». Паўстанне 1863 года Латвію практычна не закранула, але да краіны дакацілася хваля русіфікацыі. Зрэшты, нацыяналісты таго часу не бачылі ў ёй зла і асноўнае, што можна сказаць аб нацыянальным руху канца стагоддзя: ён моцна палявеў. Два стагоддзі Расійскай Імперыі былі адзначаны неверагодным эканамічным бумам: развівалася прамысловасць, будаваліся чыгункі, пашыраўся гандаль. А Рыга стала найбуйнейшым портам імперыі.
Падчас Першай Сусветнай вайны латвійская зямля стала арэнай баявых дзеянняў. 18 лістапада 1918 года Латвія абвясціла незалежнасць ад ахопленай рэвалюцыяй Расіі. У 1920 годзе Савецкая Расія прызнала незалежнасць Латвіі. У 1934 годзе Латвія стала аўтарытарнай дзяржавай пад уладай прэзідэнта Карліса Улманіса. 17 ліпеня 1940 года Латвія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа была ўключана ў склад СССР на правах рэспублікі.
З 1941 па 1945 гады, падчас Другой сусветнай вайны, нямецкі вермахт акупаваў Латвію, якая стала Генеральнай акругай Латвіяй у складзе Рэйхскамісарыята Остланд. Пачаліся акцыі знішчэння нямецкімі акупантамі яўрэяў, пры ўдзеле добраахвотнікаў з латышоў (у прыватнасці, каманды Арайса), што прывяло да амаль поўнага знішчэння яўрэйскай грамады Латвіі. У 1944—1945 гадах краіна была зноў занята савецкімі войскамі. За гэтым адбылася новая хваля дэпартацый латышоў углыб СССР.
21 жніўня 1991 года Латвія аднавіла незалежнасць. Урад дзяржавы ўзяў курс на еўраінтэграцыю, не стаў далучацца да пост-савецкага аб’яднання СНД. На працягу 1990-х гадоў краіна прайшла праз шэраг маштабных дэмакратычных і рыначных рэформ. 20 верасня 2003 года на рэферэндуме 67 % латвійцаў выказаліся за ўступленне краіны ў Еўрапейскі Саюз з 1 мая 2004 года (супраць — 32 %, устрымаліся — 0,7 %, прагаласавала 72,5 % выбаршчыкаў). 29 сакавіка 2004 года Латвія стала членам НАТА.
Дзяржаўны лад і палітыка
Латвія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1922 года, адноўленая і мадыфікаваная 6 ліпеня 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 4 гады.
Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады.
Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Адміністрацыйны падзел Да 2009 Латвія мела двухузроўневы падзел, па вышэйшым узроўні яна падзялялася на 26 раёнаў і 7 гарадоў асаблівага статусу. У выніку рэформы ўтвораны адзін узровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу: 109 муніцыпалітэтаў (лат. novadi) і 9 рэспубліканскіх гарадоў (лат.: republikas pilsētas). Пасля рэформы 2021 года ў краіне 33 муніцыпалітэты, якія часта супадаюць з былымі раёнамі, і 10 дзяржаўных гарадоў (лат.: valstspilsētas).
Адносіны з Беларуссю
У снежні 1991 года Рэспубліка Беларусь і Латвійская Рэспубліка падпісалі Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін. У 1993 годзе ў Мінску адкрылася латвійскае пасольства, а ў Рызе — беларускае. У 1994 годзе Беларусь адкрыла генеральнае консульства ў Дзвінску, а Латвія — у ВіцебскуАляксандр Ціхаміраў. Рыгу падштурхоўваюць адліга і крызіс// Пагоня. 9 сакавіка 2009.
У 1993 годзе Латвію наведаў з візітам міністр замежных спраў Беларусі Пётр Кузьміч Краўчанка. У 1995 годзе ў Мінску двойчы пабываў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Гайліс. У тым жа годзе ўпершыню адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі латвійскага парламента. У верасні 1997 года на міжнароднай нарадзе ў Вільнюсе адбылася сустрэча прэзідэнтаў. У 2006 годзе Латвія аб’явіла, што не дапусціць на сваю тэрыторыю вышэйшых службовых асоб Беларусі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і дэмакратычных норм.
Латвія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін Еўрасаюза, у якія ў XXI стагоддзі здзейсніў візіт прэм’ер-міністр Беларусі.Сідорскі здзяйсняе працоўны візіт у Латвію