Гуканне вясны — старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Мае язычніцкае паходжанне. Суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.
Распаўсюд Даследчыкі лічаць, што Гуканне вясны было найбольш уласцівае ўсходу Беларусі. У заходніх абласцях яно не было выразна акрэслена і злівалася з масленкавай абраднасцю.
Час святкавання
Як і многія іншыя язычніцкія абрады, Гуканне вясны не мела канкрэтнай даты.
У некаторых мясцінах Гуканне вясны супадала з канцом масленкавага тыдню. Магчыма, гэта выклікана хрысціянскім уплывам і забаронай танцаваць і спяваць у пост. У некаторых раёнах вясную пачыналі гукаць 1 сакавіка, на свята Аўдакеі (Аўдоцця-вясноўка). 9 сакавіка спраўляліся Саракі — свята, у якое, паводле павер’яў, павінны былі прыляцець з поўдня сорак «выраяў» (птушыных зграй). У іншых мясцінах вясну пачыналі гукаць на Дабравешчанне (Звеставанне), якое святкавалася 25 сакавіка. Напрыклад, у Гомельскім павеце, паводле звестак Зінаіды Радчанкі, спяваць вяснянкі пачыналі з 2 лютага (Стрэчанне) і працягвалі іх спяваць аж да 24 чэрвеня (Купалле). Беларускія неапаганцы вясну гукаюць па сонечнаму календару 5 красавіка.
Пасля пераходу на Грыгарыянскі каляндар ўсе праваслаўныя святы «зрушыліся» на 13 дзён наперад. Саракі «пераехалі» на 22 сакавіка, і вясну найчасцей гукаюць у 10-20-х лічбах сакавіка.
Святкаванне
Месца святкавання Найчасцей збіраліся на адкрытым месцы (горцы, беразе ракі, краі лесу ці нават даху хаты ці лазні). Справа ў тым, што менавіта высокія месцы вясною першымі вызваляюцца ад снегу. Так апісана Гуканне вясны ў Гомельскім павеце, у кнізе П. В. Шэйна: «Звычайна само гуканне адбываецца ў нас так: гурты дзяўчат збіраюцца на самыя ўзвышаныя месцы ў вёсцы, каля гумнаў; пасцілаюць там салому і, пасеўшы на яе ў рады, пяюць да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні разносяцца тады па ўсіх навакольных „зборных пунктах“. Часта спяваюць па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, у другім працягваюць». Падобныя звычаі апісвала і Зінаіда Радчанка, адзначаючы, што дзяўчаты на Гомельшчыне выбіралі сабе сябровак на ўвесь год і, падзяліўшыся на гурты, збіраліся ўвечары на берагах рэк або на ўзгорках, адкуль спявалі вяснянкі, перагукваючыся з іншымі гуртамі. На Палессі таксама была моцная традыцыя збірацца на беразе возера ці ракі.
Паленне агню Сяляне складалі вогнішча з рознай старызны і спявалі вакол яго песні-вяснянкі. Часам моладзь, як і на купальскія ігрышчы, ладзіла скокі праз вогнішча. У Чачэрскім раёне нават падпальвалі старое кола і пускалі яго на плыце па рэчцы (што пераклікаецца з аналагічным купальскіх абрадам). Спальванне старызны сімвалізавала развітанне з зімою, аднаўленне свету, амалоджванне прыроды.
Печаныя «жаваронкі» Найчасцей пяклі сорак кавалкаў печыва ў выглядзе птушак і раздавалі дзецям. Часам дзяўчаты бралі палатно і хісталі яго, падкідваючы на ім уверх печаных жаваронкаў. Гэта як бы імітыравала палёт і павінна было паскорыць вяртанне птушак з Выраю. Адным з першых кожную вясну прылятаў жаўрук. Ён і лічыўся «вястуном» вясны.
«Затанцоўванне вясны» Гэты абрад існаваў у Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Ён нагадваў калядныя і валачобныя абыходы вёскі. Моладзь збіралася і абыходзіла двары. Гаспадарам яна жадала добрага ўраджаю і багацця, а потым вадзіла ў двары карагод. Лічылася, што, «дзе карагод ходзіць — там жыта родзіць».
Веснавыя песні Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы — прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, зэяўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі:
У некаторых песнях Вясна і Зіма персаніфікуюцца, ператвараюцца ў жывых персанажаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Гуканне вясны
Катэгорыя:Жанры фальклору Катэгорыя:Этнаграфія Беларусі Катэгорыя:Вялікдзень у славянскай традыцыі