Зборная Перу па футболе прадстаўляе Перу на міжнародных спаборніцтвах па футболе з 1927 года. Каманда кантралюецца Федэрацыяй перуанскага футбола (ФПФ), якая з’яўляецца адным з 10 членаў КАНМЕБОЛ (Паўднёваамерыканская футбольная канфедэрацыя) і ўваходзіць у ФІФА. На працягу гісторыі гульня перуанскай каманды была непаслядоўнай з найбольш паспяховымі перыядамі ў 1930-х і 1970-х гадах. Асноўную частку хатніх матчаў зборная гуляе на Нацыянальным стадыёне ў сталіцы краіны Ліме.

Нацыянальная зборная Перу двойчы перамагала на Кубках Амерыкі і чатыры разы праходзіла кваліфікацыю да чэмпіянатаў свету, а таксама гуляла на Алімпійскіх гульнях 1936 года. Каманда мае гістарычнае саперніцтва з Чылі і Эквадорам і з’яўляецца добра вядомай сваімі белымі кашулямі з дыяганальнай чырвонай паласой, якія спалучаюць у сябе нацыянальныя колеры Перу. Гэтая канструкцыя формы выкарыстоўваецца камандай з 1936 года, у выніку чаго з’явілася агульнавядомая іспанская мянушка зборнай — «La blanquirroja» (бела-чырвоныя).

Зборная Перу, важнымі гульцамі якой былі галкіпер Хуан Вальдыўеса і форварды Тэадора Фернандэс і Алехандра Вільянуэва, прымала ўдзел на першым чэмпіянаце свету ў 1930 годзе, пасля чаго перамагла на Баліварыянскіх гульнях у 1938 годзе і на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі ў 1939 годзе. Паспяховы перыяд перуанскага футбола таксама адбыўся ў 1970-я гады і прынёс зборнай сусветнае прызнанне. Каманда, у складзе якой гуляла моцная пара форвардаў Уга Сатыль і Тэафіла Кубільяс, а таксама абаронца Эктар Чумпітас, тройчы кваліфікавалася на чэмпіянаты свету і перамагла на Кубку Амерыкі ў 1975 годзе.

Пасля ўдзелу ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету ў 1982 годзе каманда не выйграла ніводнага буйнога спаборніцтва. У канцы 2008 года ФІФА адхіліла каманду ад удзелу ў міжнародных турнірах падчас расследавання аб карупцыі ў футбольнай федэрацыі краіны. Пад кіраўніцтвам аргенцінца Рыкарда Гарэкі зборная Перу заняла трэцяе месца ў Кубку Амерыкі 2015 года, дайшла да чвэрцьфіналу Кубка Амерыкі 2016 года, а таксама ўпершыню за 36 гадоў патрапіла ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года.

Гісторыя

Футбол з’явіўся ў Перу ў XIX стагоддзі, дзякуючы брытанскім імігрантам і перуанцам, якія прыязджалі з Англіі. У 1859 годзе члены брытанскай суполкі Лімы, сталіцы краіны, заснавалі Крыкетны клуб Лімы, першую арганізацыю Перу, прысвечаную практыцы гульні ў крыкет, рэгбі і футбол. Новыя віды спорту сталі папулярнымі сярод мясцовага вышэйшага класа на працягу наступных дзесяцігоддзяў, але раннія распрацоўкі былі спыненыя Салетравай вайной супраць Чылі, якая доўжылася з 1879 па 1883 годы. Пасля вайны футбол як сучасная інавацыя ахапіў прыбярэжнае таварыства Перу. Гэты від спорту стаў папулярнай паўсядзённай дзейнасцю ў раёнах Лімы і падтрымліваўся босамі, якія хацелі натхніць салідарнасць і павышэнне прадукцыйнасці сярод сваіх работнікаў. У суседнім порце Кальяа і іншых камерцыйных раёнах брытанскія рабочыя і маракі гулялі ў футбол супраць мясцовых жыхароў. Такім чынам, узнікла саперніцтва паміж замежнікамі і мясцовымі жыхарамі ў Кальяа, а таксама паміж элітай і рабочымі ў Ліме. З часам гэта ператварылася ў супрацьстаянне паміж Кальяа і ЛімайГлядзець: , .. Гэтыя фактары, у спалучэнні з хуткім ростам футбола сярод гарадской беднаты раёна Ла Вікторыя ў Ліме (дзе ў 1901 годзе з’явіўся футбольны клуб «Альянса Ліма»), прывяло да таго, што ў Перу развіваўся, паводле гісторыка Андрэаса Кампамара, «самы элегантны і вытанчаны футбол на кантыненце» і самая моцная футбольная культура ў раёне Андаў.

Перуанская футбольная ліга была створана ў 1912 годзе і праводзілася кожны год, пакуль не распалася ў 1921 годзе праз спрэчкі паміж клубамі-членамі. У наступным годзе была створана Федэрацыя перуанскага футбола (ФПФ), а ў 1926 годзе яна рэарганізавала штогадовыя чэмпіянаты краіны. ФПФ прыядналася да футбольнай канфедэрацыі Паўднёвай Амерыкі (КАНМЕБОЛ) у 1925 годзе і сфарміравала нацыянальную каманду ў 1927 годзе (затрымка была абумоўлена фінансавымі цяжкасцямі). У 1927 годзе зборная дэбютавала на чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі, які праходзіў на Нацыянальным стадыёне ў Ліме. Першы матч у сваёй гісторыі нацыянальная каманда Перу прайграла Уругваю з лікам 0:4, а ў другім атрымала перамогу над Балівіяй з лікам 3:2. Пасля гэтага Перу прымала ўдзел на першым чэмпіянаце свету па футболе ў 1930 годзе, але саступіла ў двух матчах групавога раўнда і пакінула спаборніцтва без перамог.

1930-я гады лічацца першай залатой эпохай перуанскага футбола. На працягу гэтага дзесяцігоддзя перуанцы выязджалі за мяжу ў пошуках канкурэнцыі для далейшага развіцця іхняга футбола. Адным з характэрных падарожжаў была паездка ў Еўропу ў 1933 і 1934 гадах сумешчанай ціхаакіянскай каманды (), зборнай, у склад якой уваходзілі чылійскія і перуанскія футбалісты. Пачынаючы з «Кіклісты Лімы» ў 1926 годзе перуанскія клубы таксама гастралявалі па Лацінскай Амерыцы, дасягаючы шматлікіх перамог. Падчас аднаго з такіх тураў — непераможнай паездкі «Альянсы Лімы» ў Чылі ў 1935 годзе — групу гульцоў на чале з форвардамі Алехандра Вільянуэвам і Тэадора Фернандэсам і галкіперам Хуанам Вальдыўесам сталі называць «Чорны ролер» ()Глядзець: , .. Спартыўны гісторык Рычард Уітцыг апісаў гэтую тройку як «футбольны трыумвірат, неперасягнены ў свеце ў той час», спасылаючыся на іхняе спалучэнне інавацый і эфектыўнасці на абодвух канцах поля. Перу і «Чорны ролер» атрымалі прызнанне гледачоў на Алімпійскіх гульнях 1936 года, выйгралі першыя Баліварыянскія гульні ў 1938 годзе і скончылі дзесяцігоддзе ў якасці чэмпіёнаў Паўднёвай Амерыкі.

Наступныя гады былі менш паспяховымі для каманды. Паводле сцвярджэння гісторыка Дэвіда Гольдблата, «нягледзячы на ўсе відавочныя перадумовы для росту і развіцця футбола, перуанскі футбол знік». Ён лічыць прычынай гэтага з’яўленне рэпрэсій перуанскай улады супраць «сацыяльных, спартыўных і палітычных арганізацый сярод гарадской і сельскай беднаты» на працягу 1940-х і 1950-х гадоў. Тым не менш, зборная, у асноўным, задавальняльна выступала на чэмпіянатах Паўднёвай Амерыкі, два разы ўвайшоўшы ў тройку прызёраў, і амаль прабілася ў асноўную стадыю чэмпіянату свету 1958 года, у выніку саступіўшы ў двухматчавым супрацьстаянні будучым чэмпіёнам свету зборнай Бразіліі.

Кульмінацыяй серыі поспехаў каманды ў канцы 1960-х гадоў стаў удзел у асноўнай стадыі чэмпіянату свету 1970 года, які паклаў пачатак другой залатой эпосе перуанскага футбола. Адным з ключавых фактараў поспехаў зборнай у 1970-х гадах лічыцца супрацоўніцтва пары форвардаў Тэафіла Кубільяса і Уга Сатыля. Зборная Перу дайшла да чвэрцьфінальнай стадыі сусветнага першынства ў 1970 годзе, саступіўшы будучым чэмпіёнам бразільцам, і атрымала першы Трафей сумленнай гульні на чэмпіянатах свету. Паводле спартыўнага гісторыка Рычарда Хэншоу каманда стала «сюрпрызам спаборніцтва 1970 года, паказаўшы пачуццё гульні і высокі ўзровень майстэрства». Праз пяць гадоў зборная Перу ў другі раз стала чэмпіёнам кантынента, перамогшы на Кубку Амерыкі ў 1975 годзе (менавіта ў тым годзе «чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі» быў перайменаваны ў «Кубак Амерыкі»). Пасля гэтага каманда два разы запар праходзіла кваліфікацыю да чэмпіянатаў свету, дайшоўшы да другога раўнда ў 1978 годзе (у другі раз патрапіўшы ў топ-8 зборных свету) і вылецеўшы ў групавым раўндзе ў 1982 годзе без перамог. Раннім паражэннем у 1982 годзе скончыўся залаты перыяд перуанскага футбола. Нягледзячы на гэта, зборная Перу амаль патрапіла на чэмпіянат свету 1986 года, заняўшы другое месца ў кваліфікацыйнай групе пасля будучых чэмпіёнаў свету аргенцінцаў.

Наступныя чаканні ад зборнай былі сканцэнтраваныя на маладым пакаленні гульцоў клуба «Альянса Ліма», вядомых у народзе як «Кольты» (). Сацыёлагі Альда Панфічы і Віктар Віч пісалі, што «Кольты» «сталі надзеяй усёй краіны», і фанаты чакалі ад іх кваліфікацыі на чэмпіянат свету 1990 года. Пасля авіякатастрофы 8 снежня 1987 года, калі самалёт, на борце якога была большасць футбалістаў клуба «Альянса Ліма», упаў у Ціхі акіян, гульня нацыянальнай зборнай пайшла на спад. У катастрофе выжыў толькі пілот самалёта, а сярод загінулых былі галоўны трэнер зборнай Маркас Кальдэрон і некалькі гульцоў зборнай, у тым ліку брамнік Хасэ Гансалес Ганоса і Луіс Эскабар, якому многія прадказвалі вялікую будучыню ў якасці форварда. Пасля гэтага каманда не набліжалася да траплення ў асноўную стадыю чэмпіянату свету да 1998 года, калі яна саступіла месца зборнай Чылі толькі па розніцы мячоў. Гэтая ж зборная заняла трэцяе месца на Залатым кубку КАНКАКАФ 2000 года, дзе ўдзельнічала ў якасці запрошанай каманды.

Паводле гісторыка Чарльза Ф. Уокера, у XXI стагоддзі справы ў перуанскай камандзе і нацыянальнай лізе былі азмрочаныя недысцыплінаванасцю гульцоў. Непрыемнасці ў ФПФ, у прыватнасці звязаныя з яе былым прэзідэнтам Мануэлем Бургам, паглыбілі крызіс футбола ў краіне. Там не менш, у 2011 годзе зборная Перу заняла трэцяе месца на Кубку Амерыкі, а ў пачатку 2015 года бізнесмен Эдвін Аўеда замяніў Бургу на пасадзе прэзідэнта ФПФ. У сакавіку 2015 года новым трэнерам зборнай быў прызначаны аргенцінец Рыкарда Гарэка, з якім каманда заняла трэцяе месца на Кубку Амерыкі 2015 года ў другі раз запар, а таксама дайшла да чвэрцьфіналу Кубку Амерыкі 2016 года і ўпершыню за 36 гадоў прайшла ў фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года.

Колеры

Нацыянальная зборная Перу гуляе ў чырвоных і белых колерах: нацыянальных колерах краіны. Першы камплект такой формы з’явіўся ў 1936 годзе: белыя шорты, белыя гетры і белыя футболкі з характэрнай чырвонай паласой, якая перасякае пярэднюю частку футболкі ад левага пляча да правага сцягна і вяртаецца ззаду ад правага сцягна да левага пляча. Гэтая базавая схема футболкі была толькі трохі зменена на працягу многіх гадоў. Гэтая форма лічыцца адной з самых прывабных у сусветным футболе. Крыстафер Тэрпін, выканаўчы прадзюсар шоў «Улічваючы ўсе абставіны» () Нацыянальнага грамадскага радыё, у 2010 годзе назваў форму зборнай Перу 1970 года «самай прыгожай футболкай прыгожай гульні», адзначыўшы, што яна «лічылася стылем рэтра нават у 1970 годзе». Версія формы 1978 года заняла першае месца ў спісе найлепшых формаў на чэмпіянатах свету ўсіх часоў па версіі ESPN у 2010 годзе, дзе яна апісвалася як «простая, але вельмі эфектыўная частка дызайну».

Першы камплект зборнай, выраблены для чэмпіянату Паўднёвай Амерыкі 1927 года, уключала ў сябе бела-чырвоныя паласатыя футболкі, белыя шорты і чорныя гетры. На чэмпіянаце свету 1930 года каманда вымушана была выкарыстоўваць альтэрнатыўны дызайн, бо Парагвай ужо зарэгістраваў камплект з бела-чырвонымі паласатымі футболкамі. Перуанцы выкарыстоўвалі белыя футболкі з чырвоным каўняром, белыя шорты і чорныя гетры. На чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1935 года выкарыстоўваліся белыя футболкі з гарызантальнымі чырвонымі палосамі. У наступным годзе на Алімпіядзе каманда стала гуляць у футболках з дыяганальнымі палосамі, асновы дызайна якіх выкарыстоўваюцца да гэтага часу. Па словах гісторыка Пулгара-Відаля Аталоры, ідэя дыяганальнай чырвонай паласы прыйшла са школьных футбольных матчаў, у якіх каляровыя стужкі, апранутыя праз плячо, дапамагалі адрозніваць гульцоў дзвюх каманд, якія былі апранутыя ў белыя футболкі.

Зборная Перу мела восем афіцыйных вытворцаў формы. Першы з іх, «Адыдас» (), пачаў вырабляць форму ў 1978 годзе, пасля чаго зборная мела кантракты з кампаніямі «Пенальці» () (1981—1982), зноў з «Адыдасам» (1983—1985), «Кальва Спартуэар» () (1987), «Паўэр» () (1989—1991), «Дыядора» () (1991—1992), перуанскай кампаніяй «Полмер» () (1993—1995), «Умбра» () (1996—1997) і яшчэ адной перуанскай кампаніяй «Валон Спорт» () (1998—2010). З 2010 года афіцыйным вырабніком перуанскай формы зноў стала кампанія «Умбра».

Эвалюцыя футбольнай формы зборнай Перу.

Стадыён