Бары́с Іва́навіч Луцэ́нка (, Майкоп, РСФСР — , Мінск, Беларусь) — беларускі тэатральны рэжысёр, народны артыст Беларусі (1995).

Біяграфія і творчасць

Юнацтва і маладосць Нарадзіўся 16 верасня 1937 года ў Майкопе (Краснадарскі край, РСФСР), у сям’і служачага. Скончыў чыгуначны тэхнікум у Растове-на-Доне. Працаваў інжынерам-тэхнолагам у дэпо г. Лінькі, дзе стварыў уласны тэатр, ставіў спектаклі і адначасова іграў на сцэне.

Па сканчэнні курсаў акцёрскага майстэрства пры Доме ветэранаў у Рузе стаў рэжысёрам сызранскага тэатра. У 1962—1967 гадах вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1970 года выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Купалаўскі тэатр (1967—1973) У 1967 годзе прыняты ў Беларускі тэатр імя Я. Купалы, дзе паставіў шэраг запамінальных спектакляў: «Рудабельская рэспубліка» паводле Сяргея Грахоўскага (1968), «Памяць сэрца» Аляксандра Карнейчука (1970), «Зацюканы апостал» Андрэя Макаёнка (1971), «Раскіданае гняздо» (1972) і інш.

Рускі тэатр (1973—1981) У 1973—1981 гадах — галоўны рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Паставіў «Макбет» Уільяма Шэкспіра (1974), «Трохграшовая опера» Бертальда Брэхта (1976), «Апошнія» Максіма Горкага (1976), з У. Маланкіным, «Трагедыя чалавека» Імрэ Мадача (1979). Спектаклі «Макбет» і «Трагедыя чалавека» сталі пераможцамі на міжнародным фестывалі ў Венгрыі (1979).

Купалаўскі тэатр (1981—1982) У 1981—1982 — рэжысёр Купалаўскага тэатра.

Тэатр-студыя кінаакцёра (1982—1991) У 1982—1991 — галоўны рэжысёр Тэатра-студыі кінаакцёра. Найбольш удалыя спектаклі: «Глядзіце, хто прыйшоў» Уладзіміра Аро, «Шчасце маё, або Папяровы тэлефон» Аляксандра Чарвінскага (абедзве 1983), «Не баюся Вірджыніі Вульф» Эдварда Олбі (1985), «Гамлет» Уільяма Шэкспіра (1988) і «Генералы ў спадніцах» Жана Ануя (1990).

Рускі тэатр (з 1991) У 1991—2007 гадах — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. У 2002 годзе паставіў п’есу па паэме Я. Купалы «Сон на кургане». Перыяд 2003—2004 гадоў для Луцэнкі быў адзначаны такімі высокамастацкімі пастаноўкамі, як рок-опера кампазітара Аляксея Еранькова «Анджэла і іншыя», пастаўленая па творах Аляксандра Пушкіна, спектаклі «Перад захадам сонца» Герхарта Гауптмана і «Паведамленне Марыі» Поля Кладэля.

З 2007 года — рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Берліна, Вільнюса, Жэневы.

Зняў кінастужку «Раскіданае гняздо» (1982). На Рэспубліканскім тэлебачанні ажыццявіў пастаноўку фільмаў-спектакляў «Зацюканы апостал» (1982) і «Вяртанне ў Хатынь» (1985).

Памёр 5 лютага 2020 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Прызнанне Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975) Народны артыст Беларусі (1995) Член Праўлення Беларускага саюзу тэатральных дзеячаў. У 1997 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны і адзначаны спецыяльнай прэміяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Узнагароджаны медалём Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «За супрацоўніцтва» (2011) Уладальнік прыза «Крыштальная Паўлінка» (2013)

Літаратура Арлоў У. Адзін з наймаладых дзеячаў мастацтва // Культура. 2007. Верасень. Каляда А. А. Луцэнка Барыс Іванавіч// Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1949—2004 гады). Мн.: Бел. дзярж. акад. мастацтваў, 2005. С. 30. Луцэнка Барыс Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Т. 9. — Мн.: БелЭН, 1999. С. 377. Луцэнка Барыс Іванавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. Т. 2. Мн., 2003. С. 32-33.

Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР Катэгорыя:Народныя артысты Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў