Тэрыторыя Беларусі размешчана на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы.
Агульныя рысы У будове старажытнай платформы вылучаюць 2 асноўных ярусы — крышталічны фундамент і асадкавы чахол.
Крышталічны фундамент складзены архейскімі (нёманская, аколаўская серыі), ніжнепратэразойскімі (жыткавіцкая серыя) метамарфічныя пародамі (гнейсамі, крышталічнымі сланцамі, амфібалітамі і інш.), прарваны шматлікімі інтрузіямі гранітаў, дыярытаў, і іншымі. Глыбіня яго залягання ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км, а на поўдні краіны ў межах Украінскага шчыта пароды фундаменту выходзяць на паверхню. З пародамі крышталічнага падмурка звязаны радовішчы жалезных руд, каляровых металаў, рэдкіх і рассеяных элементаў.
Платформавы чахол складзены з асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод. Асадкавы чахол на тэрыторыі Беларусі прадстаўлены адкладамі верхняга пратэразою і фанеразою. Да верхнепратэразойскіх парод прымеркаваны прэсныя, мінеральныя воды, высокамінералізаваныя расолы. Адклады палеазою пясчанікі, гліны, , , сульфатныя, галагенавыя пароды) развіты ў Аршанскай і Брэсцкай упадзінах, Прыпяцкім прагіне, Беларускай антэклізе. Да іх належаць радовішчы каменнай і калійных соляў, нафты і газу, гаручых сланцаў, каменнага вугля, мінеральных вод. Мезазойскія адклады (алеўраліты, мергелі, пясчанікі, гліны, вапнякі) распаўсюджаныя ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне. З імі звязаны радовішчы крэйды, бурага вугля, . З кайназойскімі пародамі звязаны радовішчы бурага вугалю, нярудных будаўнічых матэрыялаў, а таксама прэснай вады.
Тэктанічныя структуры
Паводле рэчыўнага саставу ў фундаменце Беларусі вылучаны геаструктурныя вобласці: 3 гранулітавыя (Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс, Брагінскі і Віцебскі гранулітавыя масівы), 2 гранітагнейсавыя (Цэнтральнабеларуская, або Смалявіцка-Драгічынская, і Усходне-Літоўская, або Інчукалнская, зоны) і 1 вулканаплутанічная (Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс).
Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс — адна з найбуйнейшых структур фундаменту заходняй часткі Рускай пліты, прасочаны па анамаліях магнітнага і гравітацыйнага палёў, цягнецца шырокай паласой ад паўднёва-ўсходняй тэрыторыі Польшчы праз заходнюю частку Беларусі да паўднёвай часткі Эстоніі. Даўжыня пояса больш за 1000 км, шырыня 50—150 км. Брагінскі гранулітавы масіў займае паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі і працягваецца на сумежныя тэрыторыі Украіны і Расіі. Яго даўжыня каля 200 км, шырыня да 150 км. Віцебскі гранулітавы масіў знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, вылучаны паводле геафізічных даных.
Цэнтральнабеларуская (Смалявіцка-Драгічынска) гранітагнейсавая зона цягнецца праз цэнтральную частку Беларусі ў паўночна-ўсходнім напрамку больш чым на 600 км ад мяжы Усходне-Еўрапейскай і Заходне-Еўрапейскай платформ да шыраты Полацка. Яе шырыня 60—110 км. Усходне-Літоўская (Інчукалнская) гранітагнейсавая зона размешчана пераважна на тэрыторыі Літвы і Латвіі, толькі невялікая яе частка заходзіць на крайні захад Беларусі.
Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, цягнецца паралельна Цэнтральнабеларускай гранітагнейсавай зоне ў паўночна-ўсходнім напрамку на адлегласць каля 600 км ад мяжы з Украінай да мяжы з Расіяй.
Паводле глыбіні залягання крышталічнага фундаменту на тэрыторыі Беларусі вылучаюць дадатную структуру (найбуйнейшая — Беларуская антэкліза), 4 структуры з глыбінёй фундаменту, прамежкавай паміж дадатнай і адмоўнымі структурамі (Латвійская седлавіна, Палеская седлавіна, Жлобінская седлавіна і Брагінска-Лоеўская седлавіна), 3 буйныя адмоўныя структуры (Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Аршанская ўпадзіна). Невялікімі ўчасткамі на тэрыторыю краіны заходзяць буйныя дадатныя структуры — Украінскі шчыт і Варонежская антэкліза і адмоўная — Балтыйская сінекліза.
Беларуская антэкліза ахоплівае цэнтральныя, заходнія і паўночна-заходнія раёны Беларусі, сумежныя тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі. Памеры каля 300x220 км. Абсалютныя адзнакі залягання фундаменту на большай частцы антэклізы не перавышаюць −500 м, найбольш прыўзнятая частка мае адзнаку 103 м. Платформавы чахол антэклізы маламагутны, складзены з познапратэразойскіх, раннепалеазойскіх, дэвонскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Ад цэнтральнай частцы масіва адыходзяць паглыбленыя структуры — Мазурскі, Вілейскі, Бабруйскі, Івацэвіцкі выступы. На поўдні антэкліза абмежаваная скідам, паўднёвей якога размешчана Брэсцкая ўпадзіна, якая пераходзіць на тэрыторыі Польшчы ў Падляшскую ўпадзіну.
Латвійская седлавіна злучае Беларускую антэклізу з Балтыйскім шчытом, мае памеры 120x95 км. На тэрыторыі Беларусі яна заходзіць сваёй паўднёвай часткай. Глыбіня залягання фундаменту на беларускай частцы седлавіны 0,4—0,6 км. У яе платформавым чахле пераважаюць дэвонскія і чацвярцічныя (антрапагенавыя) утварэнні.
Палеская седлавіна размешчана паміж Прыпяцкім прагінам і Падляска-Брэсцкай упадзінай. Яе памеры 120x95 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 0,3—1 км. Чахол седлавіны складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мезазою і кайназою. Больш важнае практычнае значэнне мае структурны нос Палескай седлавіны — Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ крышталічнага фундаменту, да якога прымеркаваны радовішчы рэдкіх металаў, будаўнічага каменю і кааліну. Выступ заходзіць далёка ў Прыпяцкі прагін. Фундамент перакрыты маламагутнай тоўшчай асадкавых парод мезазою і кайназою (у цэнтральнай частцы), верхняга пратэразою і дэвону (у краявых частках).
Жлобінская седлавіна раздзяляе Прыпяцкі прагін і Аршанскую ўпадзіну. Яе памеры 110x50 км. Фундамент залягае на глыбінях 0,4—0,7 км. У разрэзе чахла большую частку займаюць верхнепратэразойскія і дэвонскія пароды; вышэй залягаюць юрскія і больш маладыя адклады.
Брагінска-Лоеўская седлавіна знаходзіцца паміж Прыпяцкім і Дняпроўска-Данецкім прагінам, размешчаным на тэрыторыі Украіны. Яна выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 100 км пры шырыні 35 км. Глыбіня залягання фундаменту 0,5—2 км, ён перакрыты дэвонскімі, каменнавугальнымі і больш маладымі адкладамі.
Прыпяцкі прагін знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі. Яго памеры 180x130 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 1,5—6 км. У разрэзе магутнага чахла пераважаюць дэвонскія і каменнавугальныя адклады. У заходняй яго частцы дэвонскія пароды залягаюць на верхнепратэразойскіх, ва ўсходняй — на крышталічным фундаменце. Вышэй адкладаў каменнавугальнага ўзросту залягаюць пароды пермскай і ўсіх сістэм мезазою і кайназою. Прагін расчлянёны глыбіннымі разломамі на шматлікія ступені, горсты, грабены, пахаваныя выступы. Па паверхні фундаменту ў складзе прагіну вылучаюць Прыпяцкі грабен і Паўночна-Прыпяцкае плячо, якое прымыкае да ўсходняй часткі грабена.
Падляска-Брэсцкая ўпадзіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі і суседніх раёнах Польшчы. Яе памеры 140x130 км. У межах беларускай часткі паверхня крышталічнага фундаменту залягае на глыбіні 0,5—2 км. Чахол складзены пераважна з парод венду і ніжняга палеазою (кембрый, ардовік, сілур).
Аршанская ўпадзіна размешчана на паўночным усходзе Беларусі. Яе памеры 250x150 км. Глыбіня залягання фундаменту дасягае 1,8 км. У платформавым чахле пашыраны рыфейскія, вендскія і дэвонскія ўтварэнні. Паміж дэвонскай тоўшчай і чацвярцічнымі адкладамі, што залягаюць паўсюдна, месцамі прысутнічаюць маламагутныя адклады юры і мелу. Аршанская ўпадзіна складаецца з Віцебскай і Магілёўскай мульды, падзеленых Цэнтральнааршанскім горстам. Ад Магілёўскай мульды да Беларускай антэклізы распасціраецца Чэрвеньскі структурны заліў.
Балтыйская сінекліза размешчана пераважна па-за межамі Беларусі, толькі сваёй паўднёвай часткай заходзіць на крайні паўночны захад тэрыторыі краіны. У чахле беларускай часткі сінеклізы (магутнасць да 0,5 км) дамінуюць адклады кембрыю, ардовіку, сілуру.
Варонежская антэкліза заходняй часткай заходзіць на паўднёвы ўсход Беларусі. Тут ёсць адклады верхняга пратэразою, дэвону, мезазою і кайназою агульнай магутнасцю 0,5—1 км.
Будова i гісторыя развіцця крышталічнага фундаменту Паводле саставу, умоў залягання і паходжання горных парод у крышталічным фундаменце Беларусі вылучаюць рэчыўныя комплексы трох тыпаў: метамарфічныя стратыфікаваныя, ультраметамарфічныя і магматычныя нестратыфікаваныя. Метамарфічныя стратыфікаваныя комплексы парод узніклі пры метамарфізме асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод, якія першапачаткова мелі пластападобнае заляганне. Яны складаюць аснову стратыграфічнага расчлянення парод фундаменту. Сярод іх вылучаны рудзьмянская тоўшча, шчучынская і кулажынская серыі (ніжні архей), азёрская, ператоцкая і юравіцкая тоўшчы (верхні архей — ніжні пратэразой), аколаўская і жыткавіцкая серыі, бялёўская світа (ніжні пратэразой). Да аколаўскай серыі прымеркавана Аколаўскае радовішча жалезных руд. Ультраметамарфічныя комплексы парод з'яўляюцца прадуктам пераўтварэння метамарфічных парод ва ўмовах павышэння тэмпературы і прытоку флюідаў, чым абумоўлена іх частковае плаўленне. Магматычныя комплексы парод утварыліся ў выніку крышталізацыі магматычных расплаваў на глыбіні ў выглядзе інтрузіўных цел, акія перарываюць пароды метамарфічных і ультраметамарфічных комплексаў.
На працягу архею (пачатак — больш за 3,9 млрд. гадоў назад) на месцы лінейнай зоны расцяжэння і інтэнсіўнага базальтавага магматызму, прымеркаванай пераважна да Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, адбывалася намнажэнне базітавых, вулканагенна-асадкавых і тэрыгенных тоўшчаў, якія падвергліся складкавасці, рэгіянальнаму гранулітаваму метамарфізму, эндэрбітызацыі і чарнакітызацыі. Сфарміраваўся чарнакіт-гранулітавы мегакомплекс парод. Лакальна праявіўся гранітоідны магматызм. У выніку протаакіянічная зямная кара была пераўтворана ў кару пераходнага тыпу з маламагутным і нявытрыманым гранітным слоем. У познім археі — раннім пратэразоі (каля 2,5 млрд. г. назад), на складкавым грануліта-гнейсавым фундаменце пачалі развівацца вялікія прагіны, найбуйнейшым з якіх быў Цэнтральнабеларускі (у далейшым Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона). У гэтых прагінах намнажаліся магутныя эфузіўна-граўвакавыя і флішоідныя тоўшчы, тыповыя для пераходнай стадыі развіцця зямной кары. Яны падвергліся складкаўтварэнню і рэгіянальнаму метамарфізму. 3 гэтымі працэсамі звязана пашыранае гранітаўтварэнне. У выніку сфарміраваны гранітагнейсавы мегакомплекс, а зямная кара пераходнага тыпу ператварылася ў кантынентальную з паўсюдна развітым гранітным слоем. У другой палавіне ранняга пратэразою (1,9—1,65 млрд. гадоў назад) у выніку неаднаразовага чаргавання сціскання і расцяжэння зямной кары і адпаведнай змены гранітоіднага магматызму базальтавым быў утвораны вулканаплутанічны мегакомплекс парод з пераважаннем гранітоідаў, які развіты ў межах Осніцка-Мікашэвіцкага вулканаплутанічнага пояса.
Будова i гісторыя развіцця платформавага чахла