Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — каталіцкі храм, помнік архітэктуры. Знаходзіцца ў аграгарадку Опса (Браслаўскі раён, Віцебская вобласць), непадалёку ад цэнтральнай плошчы, на ўзвышшы па-над возерам Опса.

Гісторыя Драўляны храм 1768 года пабудовы згарэў у 1886 годзе. Старажылы расказваюць, што здарылася гэта ў час набажэнства, калі на алтар ахвяравалі кудзелю, якая загарэлася ад полымя свечкі як порах. Разам з будынкам згарэла шмат парафіян. На яго месцы ў 1887 годзе па фундацыі Ядзвігі Цеханавецкай быў узведзены неагатычны касцёл.

Будынак пацярпеў ад пажару 1928 года. У 1949 годзе зачынены. У 1989 ў будынку адкрылася канцэртна-выставачная зала Браслаўскага аддзела культуры. У лістападзе 1989 года будынак вярнулі католікам.

Архітэктура

Помнік неагатычнай архітэктуры. Аднанефавы храм мае адну вежу, якая выступае за плоскасць галоўнага фасада, з шатровым завяршэннем. Галоўны фасад упрыгожаны парталам з вымпергам, невялікім акном-ружай, аркатурай, паяском у выглядзе парэбрыка. Алтарная частка завершана гранёнай апсідай, сіметрычна па баках ад яе размешчаны нізкія сакрысціі. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам, больш нізкая апсіда — вальмавым, сакрысціі — двухсхільнымі дахамі, якія вырашаны накшталт вімпергаў.

У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя цягі, аркатурныя паясы, лапаткі і арачныя нішы. Унутры неф і апсіда перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Арачныя бакавыя аконныя праёмы запоўнены каляровымі сюжэтнымі вітражамі.

Цвітнар абнесены прыгожай агароджай з цэглы і бутавага каменю. Побач з касцёлам знаходзіцца будынак плябаніі, узведзены адначасова з храмам.

Літаратура — С. 376—377 — С. 153 – С. 116. — С. 271—272 Шыдлоўскі, К. С. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Опсе / К.С. Шыдлоўскі // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс. – Мн., 1996. – С. 64–66.

Спасылкі

Катэгорыя:Касцёлы Браслаўскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Опса (аграгарадок) Катэгорыя:1887 год у Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі