Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм, помнік архітэктуры неабарокаЗбор помнікаў гісторыі і культуры. Віцебская вобласць. Стр. 253Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік". Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993 год. ISBN 5-85700-078-5. Знаходзіцца ў вёсцы Параф’янава (Докшыцкі раён, Віцебская вобласць).
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
У публікацыях савецкага і постсавецкага перыяду часам памылкова называецца імем «Касцёл Яна Хрысціцеля». Пад гэтым імем ён згадваецца ў Дзяржаўным спісе каштоўнасцяў і шэрагу іншых крыніц Аднак з моманту кансэкрацыі касцёла ў 1675 годзе і да сённяшняга часу святыня мае тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Гісторыя У 1624 годзе віленскі архідыякан Мельхіёр Гэльяшэвіч збудаваў у Параф'янаве драўляны касцёл. Вядомая выява гэтай святыні на гравюры 1650 года. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай ў сярэдзіне XVII стагоддзя святыня была спалена, і адбудаваная наноў і кансэкраваная віленскім архідыяканам біскупам Мікалаем Слупскім 8 верасня 1675 года. Касцёлу быў нададзены тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У 1899-1904 гадах быў пабудаваны мураваны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Праект святыні стварыў архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Касцёл быў асвечаны 20 лістапада 1904 года ксяндзом Янам Курчэўскім.
У 1962 г. касцёл у в. Параф’янава быў закрыты і прыстасаваны пад склад. Восенню 1989 г. вернуты каталіцкай парафіі, а 2 лютага 1990 года там была адслужаная першая пасля вяртання святыні Імша.
Архітэктура Гэты помнік архітэктуры псеўдабарока яшчэ больш выразна імітуе пашыраную ў часы барока 2-вежавую базіліку з трансептам. Выцягнуты прэсбітэрый з паўкруглым завяршэннем абкружаны абхадным хорам. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з 3-вугольнымі франтонамі на тарцах. Галоўны фасад вырашаны як 2-ярусны аб’ём-нартэкс, па баках якога ўзвышаюцца чацверыковыя вежы са складанай кампазіцыяй завяршэнняў. Сцены цалкам змураваны з цэглы і атынкаваны. Фасады ажыўляе багатая ордарная пластыка: прафіляваныя карнізы, пілястры, вялікія і разнастайныя па форме праёмы. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Слупы і сцены расчлянёны падвойнымі пілястрамі і ўпрыгожаны арнаментальным роспісам і гіпсавымі барэльефамі на тэму «Крыжовы шлях Хрыста», выкананымі ў 1927 г.
Крыніцы
Літаратура Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 670. А. М. Кулагін. Каталіцкія храмы Беларусі. — Мінск: 2008. ISBN 978-985-11-0395-5 Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік". Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993 год. ISBN 5-85700-078-5
Спасылкі
Жыватворнае веры крыніца // «Звязда»
Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неабарока Катэгорыя:Параф’янава (Параф’янаўскі сельсавет) Катэгорыя:Касцёлы Докшыцкага раёна Катэгорыя:1913 год у Беларусі