Лужкі́ (, ) — аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Мнюце. Адміністрацыйны цэнтр Лужкоўскага сельсавета. За 32 км на ўсход ад Шаркаўшчыны, за 198 км ад Віцебска, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Падсвілле.
Гісторыя Упершыню згаданы як маёнтак Лужкі пад 1514 годам калі Іван Сапега набыў яго ад путных людзей замка полацкага. У розныя часы ва ўладанні Сапег, Жаб, Чапскіх, Плятэраў. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Лужкі ў складзе Полацкага ваяводства.
У 1741 годзе Валяр'ян Жаба запрасіў сюды манахаў-піяраў. У 1744 годзе ў Лужках адкрыўся піярскі калегіум, у 1756 годзе збудавалі мураваны касцёл. Пры калегіуме існавала бібліятэка. Паводле каралеўскага прывілея ад 14 студзеня 1745 года, Лужкі атрымалі статус мястэчка.
thumb|left|Касцёл, пач.XX ст. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лужкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 года — Віленскай губерні. У 1794 годзе тут збудавалі мураваную царкву. У 1862 годзе расійскія ўлады адкрылі ў Лужках земскае народнае вучылішча. Станам на 1886 год у мястэчку існавалі вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, народнае вучылішча, бровар, 14 крамаў. У 1901 годзе адкрылася царкоўнапрыходская школа.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лужкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства.
У 1939 годзе Лужкі ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча змянілі да вёскі.
10 ліпеня 1941 года вёска Лужкі была захоплена нямецкімі войскамі. Увосень 500 яўрэяў сагнаныя ў гета ў Лужках. Летам 1942 года гета было ліквідавана. Вязняў расстрэльвалі за два кіламетры на поўнач ад Лужкоў па дарозе на вёску Верацею, частка збегла ў лес да партызанаў.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1861 год — 639 чал.; 1886 год — 924 чал., 77 двароў. XX стагоддзе: 1905 год — 1357 чал. у мястэчку Лужкі, 111 чал. у маёнтку Лужкі; 1921 год — 1362 чал., 212 двароў; 1996 год — 969 чал., 443 дварыЯзэп Бунто. Лужкі // — С. 396.; 1999 год — 905 чал., 399 двароў. XXI стагоддзе: 2003 год — 870 чал., 381 двор; 2019 года — 586 чал.
Інфраструктура У Лужках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, ветэрынарны пункт, амбулаторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Эканоміка Лясніцтва, фермерскія гаспадаркі.
Памятныя мясціны Касцёл Святога Архангела Міхаіла (1744—1756) Вадзяны млын (XIX ст.), на правым беразе р. Мнюта па вул. Млынавай — Руіны сінагагальнага комплексу, паміж домаўладаннямі па вул. Млынавай, 1 і 3 — Могілкі: хрысціянскія; польскіх салдат Сінагога (XIX ст.) Царква Нараджэння Божай Маці (1794) Брацкая магіла савецкіх воінаў.
Вядомыя асобы Эліэзэр Бен-Егуда (1852—1922) — «бацька сучаснага іўрыту», заснавальнік гэбраізма. Васіль Стома (1911—1992) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі. Мікола Конан (нар. 1929) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву. Мілецій Антонавіч Андзілеўка — беларускі настаўнік біялогіі і хіміі, дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы, заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Łużki // — S. 837.
Спасылкі
Катэгорыя:Лужкоўскі сельсавет (Шаркаўшчынскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна
Катэгорыя:Мястэчкі Полацкага ваяводства