Вялі́кая сіні́цаАртыкул Сініцавыя ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т. 14. Мн., 2002. С. 400—401. (Parus major) — птушка сямейства сініцавых атрада вераб’інападобных. Самы буйны і найбольш распаўсюджаны ў Беларусі від сініцавых.
Апісанне Даўжыня цела складае 14—16 сантыметраў, размах крылаў дасягае ад 22 да 25 сантыметраў, маса — каля 20 грамаў. Апярэнне галавы, горла, валляка і падхвосця чорнае, на галаве з сінім адлівам; чорная бліскучая галава з белымі шчокамі і чорны «гальштук» па сярэдзіне жоўтага споду цела, верхняя частка спіны жаўтавата-зялёная, крылы шаравата-блакітныя са светлай папярочнай паласой, хвост амаль чорны з блакітным напыленнем. 2 азіяцкія групы з белым або белаватым нізам, а таксама з аліўкава-шэрым або аліўкава-зялёным верхам. Еўрапейская група з жоўтым нізам і аліўкава-зялёным нізам. Маладыя з карычневым або бурым апярэннем замест чорнага, шчокі жаўтаватыя.
Голас — звонкае «пінь-пінь-чэржж». Песня громкая, звонкая «пілі-пілі-пілі… ін-ча-ін-ча».
Пашырэнне Пашырана ў Еўропе, Азіі і Паўночна-Заходняй Афрыцы. Арэал ахоплівае Палеарктыку (акрамя поўначы і Гімалаяў), а таксама Інда-Малайскі рэгіён. На Беларусі звычайны і нават шматлікі аселы і качуючы ўзімку від.
У дзікай прыродзе сустракаецца ў разнастайных лясах, звычайна на адкрытых участках, узлесках, па берагах вадаёмаў. Трымаецца таксама культурных ландшафтаў. Гняздуецца ў гаях, парках, садах, у вербняках уздоўж рэк, у лісцевых і мяшаных лясах, населеных пунктах.
Аселая частка папуляцыі качуе альбо мігрыруе.
Асаблівасці біялогіі Корміцца пераважна дробнымі насякомымі, іх лічынкамі і яйкамі, восенню і зімой часткова насеннем, на штучных кармушках ахвотна дзяўбе мяса і сала.
За невялікім выключэннем, размнажаецца з канца студзеня па верасень, робячы 2 кладкі за сезон. Гняздуе ў дуплах і пустэчах дрэў, а таксама ў разнастайных нішах як прыроднага, так і антрапагеннага паходжання. Знешняя частка гнязда з няшчыльна ўкладзенага зялёнага моху з прымессю сухой травы (часам толькі мох). Унутраная частка — з касмыкоў воўны, валосся, шэрсці і пуху (часам з прымессю пёраў), добра пераплеценых паміж сабой. Унутраныя памеры залежаць ад прасторнасці месца, у якім знаходзіцца гняздо, дыяметр звычайна складае 5—6 сантыметраў. Будуюць гняздо абедзве птушкі 4—7 дзён.
Яйкі (звычайна 6—11) эліптычныя, часам асіметрычныя, з вострым вузейшым канцом. Белыя, са слабым бляскам і дробнымі светла-чырвонымі плямкамі (часам зусім белыя). Памеры: 18 х 13,5 мм.
Наседжванне працягваецца 13—14 сутак. Птушаняты вылятаюць з гнязда праз 19—21 сутак.
Падвіды Адрозніваецца 31 падвід, сярод іх: P. m. major — большая частка еўрапейскага арэала, Малая Азія, Цэнтральная Азія P. m. newtoni — Брытанскія астравы; P. m. excelsus — поўдзень Пірэнейскага паўвострава; P. m. corsus — Сардзінія і Корсіка; P. m. aphrodite — поўдзень Грэцыі, Крыт, Кіпр, Балеары; P. m. bokharensis — Забайкалле, Цэнтральная Азія; P. m. wladiwostokensis — Далёкі Усход.
Крыніцы
Літаратура
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. — ISBN 83-01-13187-X. Fidler A. E., van Oers K., Drent P. J., Kuhn S., Mueller J. C., Kempenaers B. Drd4 gene polymorphisms are associated with personality variation in a passerine bird // Proceedings of the Royal Society London B. — 2007. — Vol. 274. — doi:10.1098/rspb.2007.0337. (Published online May 2, 2007).
Спасылкі
Відэакліпы, гукавыя фрагменты і фатаграфіі з удзелам вялікай сініцы Біялагічная характарыстыка яйкаў і асаблівасці ранняга антагенезу вялікай сініцы
Катэгорыя:Сініцавыя Катэгорыя:Птушкі Еўразіі Катэгорыя:Птушкі Афрыкі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе