Камчацкі край — адзін з суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Знаходзіцца на Камчацкім паўвостраве. На поўначы мяжуе з Чукоцкай аўтаномнай акругай, на паўночным захадзе — з Магаданскай вобласцю. Утвораны 1 чэрвеня 2007 года шляхам аб’яднання Камчацкай вобласці і Каракскай аўтаномная акругі.

Прырода Камчацкі паўвостраў знаходзіцца ў зоне актыўнай вулканічнай дзейнасці, на яго тэрыторыі ёсць каля 300 буйных і сярэдніх вулканаў, 29 з іх з’яўляюцца дзеючымі. Тут размешчаны самы высокі вулкан Еўразіі — Ключаўская Сопка. З дзейнасцю вулканаў звязана ўтварэнне шматлікіх карысных выкапняў, а таксама гідратэрмальнай актыўнасці: з’яўленне гарачых крыніц, утварэнне фумарол, гейзераў і іншых праяў. На тэрыторыі Камчаткі знаходзяцца Краноцкі запаведнік і сусветна вядомая Даліна Гейзераў. Клімат халодны і вільготны. Прыродныя рэсурсы ўключаюць золата, вугаль, слюду і прыродны газ.

Насельніцтва

Насельніцтва 358,8 тысяч чалавек. З іх: рускія — 290 108 чел. (80,8 %); украінцы — 20 870 чел. (5,8 %); каракі — 7 328 чел. (2 %); татары — 3 617 чел. (<1,00 %); беларусы — 3 347 чел. (<1,00 %).

55 % насельніцтва жыве ў сталіцы края — горадзе Петрапаўлаўск-Камчацкі. На тэрыторыі края існуе 11 муніцыпальных раёнаў, 3 гарадскія акругі, 6 гарадскіх паселішчаў і 50 сельскіх паселішчаў.

Муніцыпальныя раёны: Алеутскі муніцыпальны раён (у тым ліку Камандорскія астравы); Быстрынскі муніцыпальны раён; Елізаўскі муніцыпальны раён; Карагінскі муніцыпальны раён; Мількоўскі муніцыпальны раён; Алюторскі муніцыпальны раён; Пенжынскі муніцыпальны раён; Собалеўскі муніцыпальны раён; Тыгільскі муніцыпальны раён; Усць-Бальшарэцкі муніцыпальны раён; Усць-Камчацкі муніцыпальны раён;

Гарадскія акругі: Гарадская акруга Петрапаўлаўск-Камчацкі Вілючынская гарадская акруга (ЗАТУ) Гарадская акруга «пасёлак Палана»

Эканоміка

У эканоміцы края пераважае рыбалоўства (каля 55 % ВУП), на поўначы края — гарназдабываючая прамысловасць (здабыча золата і плаціны). Развіты турызм, здабыча пушнога звера: собаля, лісіцы, марскога коціка, галубога пясца.

Сельская гаспадарка прадстаўлена пераважна аленегадоўляй.

У краі высокая колькасці вайсковых аб'ектаў: баз падводных лодак, авіябаз, радарных станцый і іншых.

Гл. таксама Камчацкі час Іцельмены

Зноскі