thumb|Беларуская моладзь праходзіць міма старшыні Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага, накіроўваючыся на навучанне ў Германію, Мінск, чэрвень 1944 года Няме́цкая акупа́цыя Белару́сі — акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі ў 1941—1944 тэрыторыі БССР (у межах 1941 года). Радыкальнай польскай гістарыяграфіяй не прызнаецца як цэлы прадмет вывучэння, і падзяляецца на акупацыю Усходняй Польшчы і акупацыю БССР у межах 1938 года.
Пасля поўнага захопу нямецкімі войскамі тэрыторыя БССР была падзелена на некалькі зон кіравання. На акупаванай тэрыторыі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі савецкія партызанскія фарміраванні. Таксама сюды была распаўсюджана дзейнасць польскіх партызанскіх сіл, а польскія падпольныя арганізацыі існавалі і ў даваенны перыяд 1939—1941 гадоў. У шэрагу раёнаў Брэсцкай вобласці дзейнічалі ўкраінскія АУН і УПА. Поўнае вызваленне тэрыторыі адбылося ў жніўні 1944 года ў выніку буйной савецкай наступальнай аперацыі «Баграціён».
Перадумовы і пачатак вайны Гістарыяграфія вывучае нямецкую акупацыю ў кантэксце межаў БССР 1941 года, куды пасля вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі ўвайшлі землі Заходняй Беларусі. Да пачатку нямецкага ўварвання савецкімі ўладамі з гэтых тэрыторый было дэпартавана і рэпрэсавана больш за 100 тысяч чалавек, у асноўным прадстаўнікоў польскай і яўрэйскай супольнасцей, а таксама інтэлігенцыі і заможных сялян. У чэрвені і ліпені 1941 года, падчас адступлення, НКУС ажыццявіў масавыя расстрэлы палітычных зняволеных у Чэрвені, Глыбокім, Гродне, Вілейцы і іншых гарадах, знішчыўшы больш за тысячу чалавек. Гэтыя падзеі спрыялі росту антыкамуністычных настрояў, якія пазней выкарыстоўваліся нацысцкай прапагандай. Таксама з-за таго, што многія жыхары не паспелі атрымаць савецкае грамадзянства, яны юрыдычна заставаліся грамадзянамі Польшчы пад нямецкай акупацыяй.
Уварванне Германіі ў СССР 22 чэрвеня 1941 года прывяло да хуткага захопу беларускіх зямель групай армій «Цэнтр». Пакуль нямецкія войскі імкліва прасоўваліся на ўсход, захопліваючы цэлыя раёны, сярод большасці раённых партыйных кіраўнікоў панавала разгубленасць і нават паніка. Многія не паспелі абвясціць эвакуацыю. Так, у тэлефанаграме сакратар Кармянскага райкама КП(б)Б А. І. Рыцінкаў паведаміў, што 8 камуністаў і 11 старшынь сельсаветаў перайшлі на бок ворага. У дакладной запісцы сакратара Рагачоўскага райкама КП(б)Б значылася, што 20 камуністаў-кіраўнікоў змаладушнічалі і самастойна пакінулі раёнНацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 64. — Арк. 2 — 3.. Старшыня Лідскага выканкама Ф. І. Зайцаў у дакладной запісцы адзначыў, што пасля трохразовай спробы дабіцца ад абласнога кіраўніцтва ў Баранавічах адказу на пытанне аб эвакуацыі, пачуў параду рабіць так, як падказвае мэтазгоднасць. Ён падкрэсліў, што працаўнікі раёна і Баранавіцкай вобласці адчувалі разгубленасць з прычыны бездапаможнасці і няведання таго, што трэба рабіцьНАРБ. Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 201. — Арк. 58 — 60.. Да канца жніўня 1941 года ўся сучасная тэрыторыя краіны апынулася пад кантролем захопнікаў.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і апарат кіравання Акупанты падзялілі тэрыторыю Беларусі на пяць частак. Найбуйнейшай адміністрацыйнай адзінкай стала Генеральная акруга Беларусь (якая ўваходзіла ў Рэйхскамісарыят Остланд), у якую ўвайшлі 68 з 192 сельскіх і 9 гарадскіх раёнаў даваеннай БССР з насельніцтвам каля 3,1 мільёна чалавек. Яна была падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую і горад Мінск, які прыраўноўваўся да акругі. Усходнія тэрыторыі (Віцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і частка Палескай абласцей) увайшлі ў склад Тылавога раёна групы армій «Цэнтр». Беластоцкая і паўночная частка Брэсцкай вобласці былі далучаны да акругі Беласток (правінцыя Усходняя Прусія). Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Гомельскай, Пінскай і Палескай абласцей перайшлі ў падпарадкаванне рэйхскамісарыята «Украіна» і былі аб'яднаны ў Васілевіцкую, Ельскую, Мазырскую і Пінскую акругі. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці і частка Баранавіцкай вобласці былі ўключаны ў Генеральную акругу Літва.
Вышэйшым органам грамадзянскага кіравання з'яўлялася Імперскае міністэрства акупаваных усходніх абласцей на чале з А. Розенбергам. Непасрэдна Генеральным камісарыятам Беларусі кіраваў В. Кубэ, а пасля яго забойства ў верасні 1943 года — К. фон Готберг. Дапаможным органам пры генеральным камісары з'яўлялася «Небен-бюро» (паралельнае бюро), якое фактычна выконвала функцыі Мінскай акруговай управы. У якасці кансультатыўных органаў калабарацыі дзейнічалі Беларуская рада даверу і Беларуская цэнтральная рада.
На мясцовым узроўні кіраванне ажыццяўлялася праз камісарыяты (галоўныя, акруговыя, гарадскія) і ваенна-палявыя камендатуры (фельд- і ортскамендатуры). Органамі мясцовага самакіравання выступалі ўправы (гарадскія, раённыя, валасныя), на чале якіх стаялі бургамістры ці старшыні. Ніжэйшым звяном былі сельскія абшчыны, створаныя на базе былых калгасаў, дзе прызначаліся старасты.
Ваенна-паліцэйскі апарат быў прадстаўлены ахоўнымі дывізіямі вермахта, войскамі СС, паліцыяй бяспекі і СД, ахоўнай паліцыяй і паліцыяй парадку. Асаблівую ролю ў зоне армейскага тылу выконвала Тайная палявая паліцыя (ГФП), якая складалася з супрацоўнікаў гестапа і выконвала функцыі контрразведкі і тэрору. Ваеннай разведкай займаліся падраздзяленні абвера. Для аховы парадку і дапамогі акупантам з ліку мясцовага насельніцтва летам 1941 года пачала стварацца дапаможная паліцыя (Служба парадку — ОД), якая фармавалася з разліку адзін паліцай на 100 сельскіх ці 300 гарадскіх жыхароў. У 1942 годзе нямецкія ўлады дазволілі фарміраванне на тэрыторыі Беларусі дадатковых ваенна-паліцэйскіх сіл, у тым ліку Беларускага корпуса самааховы.
Нацыянальная палітыка і генацыд thumb|Калона савецкіх ваеннапалонных, захопленых каля Мінска На захопленай Трэцім Рэйхам тэрыторыі БССР пад акупацыяй апынулася каля 8 мільёнаў чалавек, а таксама 900 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Нямецкай адміністрацыяй праводзілася палітыка генацыду, рабавання і гвалту, што адбывалася згодна з нямецкім планам «Ост». Мэтамі гэтага плана з'яўлялася знішчэнне, прыгнёт або дэпартацыя пераважна славянскага насельніцтва ў рамках этнічных чыстак.
Першым крокам акупантаў стала ўвядзенне абмежаванняў грамадзянскіх свабод мясцовага насельніцтва і абвяшчэнне надзвычайнага становішча. Усё насельніцтва падлягала абавязковаму ўліку і рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасць усіх арганізацый, правядзенне мітынгаў і сходаў. Быў уведзены прапускны рэжым і дзейнічала каменданцкая гадзіна. З першых дзён вайны праводзіліся масавыя чысткі: забіваліся камуністы, камсамольцы, актывісты савецкай улады, прадстаўнікі інтэлігенцыі. З асаблівай жорсткасцю знішчалася «расава шкодная» частка насельніцтва: яўрэі, цыганы, фізічна і псіхічна хворыя. Масавае знішчэнне насельніцтва ажыццяўлялі асаблівыя аператыўныя групы — айнзацгрупы.
На тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным з'яўляўся Трасцянецкі лагер смерці, у якім за гады вайны было знішчана каля 206,5 тысячы чалавек. Жорсткім здзекам падвяргаліся савецкія ваеннапалонныя. Акупацыйныя ўлады марылі іх голадам, пазбаўлялі медыцынскай дапамогі. Па ўспамінах відавочцаў, ваеннапалонных, якіх гналі калонамі, расстрэльвалі на месцы нават за спробу сагнуцца і сарваць травінку ці ўзяць прапанаваную мясцовымі жыхарамі ежу. Халакост
thumb|Магілёўскія яўрэі, сабраныя для прымусовай працы, ліпень 1941 года|злеваthumb|250px|Нямецкая карта-справаздача айнзацгрупы А У гарадах арганізоўваліся спецыяльныя зоны пражывання яўрэяў — гета. Усяго ў Беларусі было створана больш за 200 гета (па некаторых звестках — 299 у 277 населеных пунктах). Найбольш буйныя знаходзіліся ў Мінску, Гродне, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Пінску, Слоніме і Гомелі. Яўрэі падвяргаліся сістэматычнаму мэтанакіраванаму знішчэнню ў рамках палітыкі «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання». Амаль усё шматлікае яўрэйскае насельніцтва Беларусі, якое не паспела эвакуявацца, было знішчана.
Супраціўленне ў гета таксама мела месца. У 1942 годзе адбылося паўстанне ў Лахве (гета ў Лахве), адно з першых яўрэйскіх паўстанняў у перыяд вайны. У лясах паспяхова дзейнічалі яўрэйскія партызанскія фарміраванні, такія як атрад братоў Бельскіх.
Карныя аперацыі і публічныя пакаранні смерцю thumb|Мемарыял ахвярам Хатынскай трагедыі thumb|Маша Брускіна і яе таварышы-падпольшчыкі перад публічным пакараннем смерцю ў Мінску, 26 кастрычніка 1941 года|злеваthumb|Павешаны ўдзельнік беларускага супраціўлення, Мінск, 1942—1943 гады|злева У мэтах барацьбы з антыгерманскім супраціўленнем нямецкімі акупацыйнымі ўладамі шырока выкарыстоўваліся карныя экспедыцыі (антыпартызанскія аперацыі), якія фактычна з'яўляліся акцыямі супраць мірнага насельніцтва пад прыкрыццём ваенных дзеянняў. Знішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў «зоны пустыняў». За час акупацыі БССР было праведзена звыш 140 буйных карных экспедыцый. Першая з іх — «Прыпяцкія балоты» — адбылася ў ліпені — жніўні 1941 года на тэрыторыі Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей, падчас якой было расстраляна 13 788 чалавек.
Найбольш буйнымі і крывавымі аперацыямі з'яўляліся «Арол», «Трыкутнік», «Чароўная флейта», «Котбус» і «Герман». Падчас аперацыі «Герман» у ліпені — жніўні 1943 года ў Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім і Юрацішкаўскім раёнах было забіта 4280 чалавек, узята ў палон 20 944 чалавекі (з іх 4180 дзяцей), а таксама рэквізавана велізарная колькасць сельскагаспадарчай жывёлы і маёмасці. За ўвесь час акупацыі больш за 600 вёсак, такіх як Хатынь, былі знішчаны разам з усім насельніцтвам.
Для застрашвання мірных жыхароў і барацьбы з падполлем практыкаваліся публічныя пакаранні смерцю. У Мінску 26 кастрычніка 1941 года былі публічна павешаны члены савецкага падполля, у тым ліку Маша Брускіна, Алена Астроўская, Надзея Янушкевіч, Вольга Шчарбацэвіч і яе сын Валодзя Шчарбацэвіч, а таксама Кірыл Трус. Гэтая акцыя стала адной з самых вядомых фатаграфічна задакументаваных публічных экзекуцый на акупаванай тэрыторыі.
Рэлігійная палітыка За час нямецкай акупацыі Беларусі вернікі адчынілі каля 700 храмаў, зачыненых савецкімі ўладамі. Праваслаўным прыходам вярнулі святыні з музеяў рэлігіі, у тым ліку мошчы Еўфрасінні Полацкай і Соф'і Слуцкай. Сярод іншых, насельнік Жыровіцкага манастыра архімандрыт Серафім (Шахмуць) разам са святаром Рыгорам Кударэнкам адчыніў багата храмаў на ўсходзе Беларусі. Разам з тым, нямецкія карнікі нішчылі храмы разам з хрысціянамі. Гэтак немцы спалілі царкву ў Хваросне (Лагішынскі раён, Пінская вобласць) разам з 300 прыхаджанамі і святаром Янам Лойкам.
Штодзённае жыццё і сацыяльна-эканамічнае становішча thumb|left|Улётка часоў нямецкай акупацыі Беларусі thumb|Беларуская дапаможная паліцыя ў Магілёве, сакавік 1943 года
Працоўная павіннасць і ўмовы працы