Анто́н Луцке́віч (; 29 студзеня 1884, Шаўлі, Ковенская губерня — 23 сакавіка 1942, перасыльны пункт Аткарска, Саратаўская вобласць) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет «Наша доля» і «Наша ніва», адзін з выдаўцоў газеты «Гоман». Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў. У снежні 1919 — лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Дзеяч Заходняй Беларусі. Рэдактар адноўленай «Нашай нівы», старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. Брат беларускага дзеяча Івана Луцкевіча.

Біяграфія

Паходжанне

Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба Навіна. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе.

Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз, з Зоф’яй Лычкоўскай, дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван; 1881—1919), Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе.

Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску. Выхаваныя ў польскай культуры, сёстры Станіслава і Эмілія, пісалі пазней свае лісты Антону выключна па-польску. Паводле пазнейшых звестак польскай палітычнай паліцыі (1924), сваякі Луцкевічаў з Шаўляў не лічылі сябе беларусамі, а сам Антон падчас вучобы ў Пецярбургу і Юр’еве (Дэрпце) запісваў сябе палякам. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «…сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх».

Раннія гады

Антон Луцкевіч нарадзіўся ў Шаўлях, дзе ягоны бацька працаваў на Лібава-Роменскай чыгунцы. У 1887 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Лібаву, з прычыны пераводу туды бацькі. У 1895 годзе сям’я пераязджае ў Мінск, праз паўгода пасля пераезду бацька Ян Баляслаў памірае.

Антон Луцкевіч паступае ў Мінскую губернскую гімназію. Луцкевіч адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі.

У 1902 годзе Антон Луцкевіч заканчвае Мінскую губернскую гімназію. У гэтым жа годзе ён з братам Іванам едзе на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе слухае поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1902 годзе браты Луцкевічы і Вацлаў Іваноўскі арганізавалі Беларускі кружок народнай асветы. Мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг. У 1903 годзе браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі было змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі.

Пераезд у Вільню

У 1904 годзе Антона Луцкевіча арыштоўваюць ў Мінску за распаўсюджванне партыйнай літаратуры, ён быў выпушчаны з пазбаўленнем права пакідаць горад. На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў 1905 годзе абраны сябрам яе ЦК. У лютым 1906 года сумесна з братам Іванам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Аляксандра і Кацярына Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі, іх паплечнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года.

У верасні 1906 года пры непасрэдным удзеле Антона Луцкевіча, і з ініцыятывы яго брата Івана выходзіць першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля», Антон стала ўваходзіць у склад рэдакцыі. Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газеты «Наша доля». Неўзабаве «Наша доля» падпадае пад забарону, ствараецца газета «Наша ніва», Антон Луцкевіч у складзе яе рэдакцыі. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 года з Беларускім выдавецкім таварыствам.

Разам з братам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы на той час прытрымліваліся краёвай ідэалогіі. Антон Луцкевіч актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці масонскіх ложаў у Вільні. Ён уваходзіў у склад лож «Літва» і «Беларусь». У рамках іх дзейнасці Луцкевіч актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю: ён быў фактычным кіраўніком рускамоўнай «Вечерней газеты» і аўтарам бальшыні артыкулаў, самастойна распачаў выданне польскамоўнай газеты «Кур’ер краёвы» (), заклікаў усіх «грамадзян Краю» да працы на ягоную карысць і карысць народа.

3 1911 года саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веда» Барыса Даніловіча, з 1914 года яе ўладальнік.

Першая сусветная вайна

Пасля заняцця Вільні ў 1915 годзе нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БТДПВ). Адзін з выдаўцоў газеты «Гоман». Паводле ацэнак польскай разведкі (1924), адной з яго першых праяў палітычнай актыўнасці быў удзел у стварэнні антынямецкага Ковенска-Віленскага грамадзянскага камітэта. Яго паслядоўная палітычная пазіцыя, скіраваная на стварэнне сумеснай беларуска-літоўскай дзяржавы, ішла ўразрэз з тагачаснымі планамі нямецкіх улад. Паколькі нямецкія ўлады забаранялі палітычную дзейнасць, БТДПВ стала прыкрыццём нелегальнага Беларускага народнага камітэта, кіраўніком якога таксама стаў Антон Луцкевіч.

Разам з братам Іванам і Алаізай Пашкевіч (Цёткай) браў удзел у стварэнні ў Вільні Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы (БСДРГ) або проста Беларускай работніцкай групы, у якую ўваходзілі працаўнікі віленскіх прадпрыемстваў. БСДРГ, як вынікае з матэрыялаў, была аўтаномнай адзінкай БСГ. Узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з выкладчыкаў Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія дзейнічалі ў снежні 1915 — верасні 1916 гадоў.

Адзін з ініцыятараў Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года выказваўся за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статусу ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове.

У лютым 1917 года ў Стакгольме мелася адбыцца канферэнцыя народаў Расійскай імперыі. У Берлін выехаў адзін беларус (Антон Луцкевіч) і тры літоўцы (Сцяпонас Кайрыс, Антанас Смятона, Юргіс Шаўліс). Меркавалася, што з Берліна яны выедуць у Стакгольм. Але здарылася, як піша ва ўсласнаручных паказаннях Антон Луцкевіч, непрадбачанае: у Расіі было зрынутае самадзяржаўе. Немцы вырашылі, што патрэба ў канферэнцыі адпала, і Антон Луцкевіч выехаў у Вільню. Літоўская дэлегацыя засталася ў Берліне і была прынятая нямецкім канцлерам, вынікам чаго стала стварэнне ў верасні 1917 года Літоўскай Тарыбы.

Намаганнямі братоў Луцкевічаў у Вільні склікаецца Беларуская канферэнцыя. Канферэнцыя адбылася 25, 26 і 27 студзеня 1918 года, Антон Луцкевіч быў маршалкам канферэнцыі. Вынікам Канферэнцыі сталася стварэнне Беларускай рады (Віленская беларуская рада), старшынёй абраны Антон Луцкевіч. У першай жа рэзалюцыі Беларускай канферэнцыі было запісана, што яе ўдзельнікі «выказваюць дамаганне, каб Беларуска-Літоўскія землі акупацыі станавілі незалежную сувэрэнную дэмакратычную дзяржавы, зложаную з дзвёх аснаўных аўтаномных нацыянальных тэрыторый: Беларускай і Літоўскай у найцяснейшай еднасці з незалежнай Курляндзіяй», і каб да гэтай дзяржавы былі далучаныя беларускія землі, якія на той час былі на другім баку фронту. 26 лютага 1918 года Германія прад’явіла ўльтыматум бальшавіцкай Расіі, у той самы дзень Тарыба прыняла Акт аб незалежнасці Літвы. 18 сакавіка 1918 года, калі пачаўся нямецкі наступ на ўсход, Беларуская рада ў Вільні прыняла рэзалюцыю, у якой абвяшчала «разарваную дзяржаўную звязь між Беларуссю і Расеяй», але паўтарала ранейшы пастулат пра адбудову «дзяржаўнай незалежнасці колішняга Літоўска-Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага)». У прамежку паміж 18 лютага і 23 сакавіка 1918 года адбываецца пераарыентацыя Антона Луцкевіча і Беларускай рады ў Вільні, якую ён узначальваў. Цяпер на парадак дня выйшла пытанне пра незалежнасць Беларусі, а не незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага.

Беларуская Народная Рэспубліка