Паўночная вайна (1700—1721) — вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй за панаванне ва Усходняй Прыбалтыцы і на Балтыйскім моры.

Маскоўская дзяржава пачала вайну ў саюзе з Даніяй і Саксоніяй, стварыўшы гэтак званы Паўночны саюз, які распаўся хутка пасля пачатку ваенных дзеянняў і быў адноўлены ў 1709 годзе пасля Палтаўскай бітвы. На розных этапах вайны ў ёй прымалі ўдзел на баку Маскоўскай дзяржавы — Вялікабрытанія, Гановер, Нідэрланды, Прускае герцагства, Рэч Паспалітая; на баку Швецыі — Вялікабрытанія, Гановер, Рэч Паспалітая. Вайна завяршылася перамогай Маскоўскай дзяржавы, што было засведчана падпісаннем у 1721 годзе Ніштацкага мірнага дагавора. Паўночная вайна з’яўляецца важным момантам у гісторыі Расіі, галоўнай прычынай спроб мадэрнізацыі Маскоўскай дзяржавы ў пачатку 18 ст., часам змены балансу сіл ва Усходняй Еўропе. Нягледзячы на неадназначнасць ацэнак Паўночнай вайны, трэба прызнаць, што яна вывела Маскоўскую дзяржаву на новы ўзровень развіцця, і хоць у выніку Расія не стала ў шэраг з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, але набыла ў іх вачах большае значэнне.

У ваеннай справе высокага ўзроўню развіцця дасягнула лінейная тактыка бою. Выдзеліўся новы від пяхоты — грэнадзёры. Кіраванне войскам і флотам было аформлена ў цэнтралізаваных органах, развівалася і арганізацыйная структура войска, узмацнілася роля рэзерву. У ходзе вайны ўвагу звярнулі супольныя ўзгодненыя дзеянні расійскіх арміі і флоту.

Перадумовы Паўночнай вайны

Знешнепалітычнае становішча Маскоўскай дзяржавы ў XVII ст. Пачатак 17 ст. у Маскоўскай дзяржаве адзначаны Смутным часам, крайнім унутраным і знешнім аслабленнем дзяржавы, чым скарысталіся Швецыя і Рэч Паспалітая. Пад пытаннем было само існаванне Маскоўскай дзяржавы, Уладзіслаў Ваза быў абраны маскоўскім царом, паводле Сталбоўскага дагавора (1617) са Швецыяй Маскоўская дзяржава цалкам страціла землі на ўзбярэжжы Фінскага заліва, Рэч Паспалітая, паводле Дэўлінскага перамір’я (1618) вярнула сабе Смаленскую і Северскую землі. Толькі ў 1634, пасля паражэння маскоўскіх войскаў пад Смаленскам і заключэння Палянаўскага мірнага дагавора на ўмовах Дэўлінскага перамір’я, быў выкуплены ва Уладзіслава Вазы тытул цара маскоўскага.

Маскоўская дзяржава спрабавала ўзяць рэванш падчас працяглых і цяжкіх для ўсіх бакоў войнаў з Рэччу Паспалітай і Швецыяй у 1650-1660-х, паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) зноў атрымала Смаленск, а таксама авалодала левабярэжнай Украінай і Кіевам. Але змяніць умовы Сталбоўскага дагавора са Швецыяй не здолела. Швецыя была моцнай ваеннай дзяржавай, а сіл Маскоўскай дзяржавы яўна бракавала, пагатоў адначасова ішла вайна з Рэччу Паспалітай. У адносінах са Швецыяй у 2-й палове 17 ст. устанавілася раўнавага.

Вайна 1650-1660-х гадоў падарвала не толькі сілы Рэчы Паспалітай, але і сілы Маскоўскай дзяржавы, поспехі якой цяжка лічыць значнымі ў параўнанні з выдаткаванымі рэсурсамі. Гэта быў пералом у адносінах паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, абумоўлены роўнасцю сіл і наяўнасцю агульнай небяспекі — экспансіі Асманскай імперыі ва Усходнюю Еўропу, былі нават спробы скласці антыасманскі саюз.

Тымчасова Маскоўская дзяржава штогод выплачвала буйныя сумы феадальным вярхам Крымскага ханства, аднак гэта не забяспечвала бяспеку паўднёвых межаў. Амаль кожны год з вясною крымскія татары ўрываліся ў межы Маскоўскай дзяржавы — зводзілі ў палон насельніцтва, быдла, знішчалі значныя матэрыяльныя рэсурсы, што сур’ёзна тармазіла развіццё прадукцыйных сіл, перашкаджала ўцягванню ў гаспадарчае абарачэнне найбольш урадлівых глеб, развіццю земляробства і жывёлагадоўлі на значнай і самай урадлівай частцы Маскоўскай дзяржавы. Прыходзілася, апроч штогадовых выплат у Крым, выдаткоўваць вялікія сродкі на рамонт і будаўніцтва абарончых пабудоў — «засечных ліній». Надзённыя патрэбы гаспадарчага развіцця патрабавалі ад маскоўскага ўрада рашучай барацьбы з крымскімі татарамі, прыняцця эфектыўных мер па забеспячэнні бяспекі паўднёвых межаў, гэта ў сваю чаргу вяло да буйных сутыкненняў з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй, якая стаяла за ім. Да таго ж бракавала і рэсурсаў, данскія казакі захапілі Азоў і на працягу 2 гадоў трымалі яго, але маскоўскі цар Аляксей не змог выдаткаваць рэзерваў для падтрымкі і казакі пакінулі горад.

Ваенныя сутыкненні з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй у 1670-1680-я гады, у тым ліку ў саюзе з Рэччу Паспалітай, Аўстрыяй і Венецыяй не прынеслі поспехаў, якія маглі бы палепшыць пазіцыі Маскоўскай дзяржавы на поўдні. Тымчасова гэта быў практычна першы стратэгічны саюз Маскоўскай дзяржавы з еўрапейскімі краінамі, які зваўся Святым і на карту была пастаўлена рэпутацыя Маскоўскай дзяржавы ў еўрапейскай палітыцы. З 1677 года Маскоўская дзяржава была ў стане вайны з Асманскай імперыяй, але два паходы на Крым, узначаленыя фаварытам Соф’і В. В. Галіцыным, былі няўдалыя, прынеслі вялікія нягоды і страты маскоўскаму войску, наклалі негатыўнае адценне на ўсё кіраванне Соф’і. Аднак, менавіта на гэтым напрамку Маскоўскай дзяржаве больш за ўсё былі неабходныя поспехі. У 1686 годзе ўжо пры малалетніх царах Іване і Пятры з Рэччу Паспалітай быў нарэшце заключаны вечны мір. Што падвышала шанцы спрыяльнага рашэння крымска-асманскага пытання.

Мэты і задачы знешняй палітыкі Пятра I, Вялікае пасольства З пачаткам самастойнага кіравання Пятра яго знешняя палітыка спачатку не мела вызначанага кірунку і вызначалася несуцішнай актыўнасцю і мітуснёй у выбары аб’ектаў прыкладання высілкаў дзяржавы. Ён будуе караблі ў Архангельску, з думкай ці нельга праз Паўночны акіян пракласці шлях у Кітай і Індыю. Потым гэтая думка набывае больш сур’ёзныя, рэальныя рысы, Пётр звярнуў сваю дзейнасць да Каспійскага мора, праз якое зручней мець гандлёвыя сувязі са краінамі Азіі, на што даўно зазначалі маскоўскаму ўраду, але і гэтая думка неўзабаве была адкінутая маладым маскоўскім царом. Нарэшце вострая дзяржаўная неабходнасць, бачная ўсім, і парады фаварытаў прыводзіць яго да думкі, што для нармальнага развіцця і міжнароднага прэстыжу Маскоўскай дзяржавы неабходна з поспехам завяршыць вайну з Асманскай імперыяй або хоць дабіцца прамежкавых поспехаў у гэтым напрамку.

Першы Азоўскі паход Аб’ектам прыкладання высілкаў, з розных прычын, быў абраны Азоў. Першы азоўскі паход быў распачаты ў 1695 годзе. Маскоўскія войскі былі падзелены на тры часткі. 2 ліпеня 1695 корпус пад камандаваннем аднаго з фаварытаў Пятра — Патрыка Гардона, пачаў абложныя работы. 5 ліпеня да яго далучыліся корпус Галавіна і корпус іншага фаварыта — Франца Лефорта. 14 ліпеня былі ўзяты дзве вежы з працягнутымі паміж імі ланцугом, якія заступалі выхад у мора рачным судам — гэта было фактычна адзіным поспехам падчас гэтай кампаніі. Былі зроблены дзве спробы штурму Азова (5 жніўня і 25 верасня), але крэпасць узяць не атрымалася. 20 кастрычніка 1695 года аблога была знята. Фактычна кампанія скончылася паразай, галоўнай прычынай якой было адсутнасць флоту, маскоўскае войска не магло перашкаджаць забеспячэнню і дастаўцы падмацаванняў да Азова з мора. Апроч таго, адсутнасць флоту, хоць бы рачнога, павялічвала час дастаўкі ваенных грузаў да абложваючых. Адбілася і нізкая інжынерная падрыхтоўка. Такі зыход кампаніі быў ударам па прэстыжу Маскоўскай дзяржавы, таму было вырашана рыхтаваць другі азоўскі паход.

Другі Азоўскі паход Узімку 1696 у Варонежы і нават у падмаскоўным Праабражэнскім было разгорнута будаўніцтва караблёў. Пабудаваныя ў Праабражэнскім галеры ў разабраным відзе дастаўляліся ў Варонеж, там збіраліся і спускаліся на ваду. З Аўстрыі былі запрошаны інжынеры. Было рэарганізавана камандаванне войскам — на чале флоту пастаўлены Ф. Лефорт, сухапутныя войскі аддадзеныя пад адзінае камандаванне генералісімуса Шэіна.

Новая кампанія пачалася ў маі 1696 года — 20 мая ў вусці Дона казакі на галерах напалі на караван асманскіх грузавых судоў. У выніку былі знішчаны 2 галеры і 9 малых судоў, а адно невялікае судна захоплена. 27 мая маскоўскі флот выйшаў у Азоўскае мора і адрэзаў Азоў ад крыніц забеспячэння, а турэцкая флатылія, якая падышла, не адважылася ўступіць у бой. 16 ліпеня былі завершаны падрыхтоўчыя абложныя работы, пасля працяглага артылерыйскага абстрэлу — 19 ліпеня 1696, гарнізон Азова здаўся. Ужо да 23 ліпеня Пётр зацвердзіў план новых умацаванняў азоўскай крэпасці, якая была моцна пашкоджаная пры аблозе. Азоў не меў зручнай гавані, таму для базіравання марскога флоту было вызначана зручнейшае месца і 27 ліпеня 1696 заснаваны Таганрог.

Вялікае пасольства Асноўным вынікам азоўскіх кампаній, была дэманстрацыя на практыцы важнасці артылерыі і флоту для вядзення вайны і адсталасць у гэтых пытаннях Маскоўскай дзяржавы. Аднак, нягледзячы на поспех, па завяршэнні кампаніі стала бачна яўная нетрываласць дасягнутых вынікаў. Без авалодання, прынамсі, Керчу, а лепш Крымам, бяспечны выхад у Чорнае мора быў па-ранейшаму немагчымы, а паўднёвыя ўскраіны Маскоўскай дзяржавы па-ранейшаму былі ў небяспецы. Для ўтрымання Азова і развіцці поспеху неабходна было ўмацоўваць флот, што было магчымым толькі забеспячэнні краіны спецыялістамі, здольнымі будаваць сучасныя марскія караблі. 20 кастрычніка 1696 года Баярская дума абвяшчае рашэнне аб неабходнасці Маскоўскай дзяржаве мець уласны марскі флот. Зацвярджаецца шырокая праграма караблебудавання — 52 (пазней 77) караблёў, для яе фінансавання ўводзяцца новыя павіннасці. 22 лістапада 1696 года абвяшчаецца ўказ аб адпраўцы дваран на навучанне за мяжу. Амаль адначасова пачынаецца падрыхтоўка да адпраўкі ў Еўропу Вялікага пасольства.

Вялікае пасольства ў складзе 250 чалавек выехала з Масквы 9 сакавіка 1697. Фармальна яго ўзначальваў адмірал Ф. Лефорт і генерал Ф. Галавін, але ў яго складзе інкогніта нахадзіўся Пётр I. Перад гэтым пасольствам было пастаўлена некалькі задач. А менавіта, падняць прэстыж Маскоўскай дзяржавы ў Еўропе паведамленнямі аб перамозе ў Азоўскіх паходах, заручыцца падтрымкай еўрапейскіх краін у барацьбе супраць Асманскай імперыі і Крымскага ханства, каб з гэтай падтрымкай атрымаць паўночнае ўзбярэжжа Чорнага мора, а таксама запрасіць на маскоўскую службу замежных спецыялістаў, замовіць і закупіць ваенныя матэрыялы, узбраенне. Акрамя пошукаў саюзнікаў у вайне з Асманскай імперыяй, Пётр паставіў перад сабою задачу вывучэння караблебудавання і мараходства ў Англіі і Нідэрландах. Пасольства наведала Прусію, Рэч Паспалітую, Францыю, Нідэрланды, Англію, Аўстра-Венгрыю. Пётр I на працягу паўгода працаваў на верфях у Саардаме (8 дзён) і Амстэрдаме. У студзені 1698 года Пётр пераехаў у Англію і заставаўся там тры з паловай месяца, працуючы пераважна на верфі ў Дэптфардзе.