Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (, Глінішча, Рэчыцкі павет — , ) — беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст. Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), якая лічыцца нацыянальнай эпапеяй. Народны пісьменнік Беларусі (1972).

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер — Хойніцкі раён Гомельскай вобласці). Разам з Іванам у сялянскай сям’і было шасцёра дзяцей. Бацька — Павел Фёдаравіч, рабіў гонты, дзяжы, цабэркі, наймаўся ўстаўляць вокны і дзверы ў новыя хаты. Маці — Марыя Дзянісаўна, родам з Каранёўкі, ведала шмат народных песень і любіла спяваць. Іван з пяці гадоў пасвіў свіней, пасля — авечак, цялят, карову, пазней вадзіў у начное каня.

Скончыў пачатковую школу ў Глінішчы, пасля сямігодку ў Алексічах, дзесяцігодку скончыў у Хойніках у 1938 годзе. У школе ўдзельнічаў у драматургічным гуртку. У 1938 годзе паступаў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў конкурс.

Вярнуўся на радзіму, працаваў загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта камсамола. У 1939 годзе, з другой спробы, стаў студэнтам Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры, але неўзабаве быў прызваны ў савецкую армію.

Другая сусветная вайна Служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі ва Украіне, у Карпатах. У 1940 годзе ўдзельнічае ў паходах на Бесарбію і Букавіну. У арміі, нягледзячы на забарону, вядзе ваенныя дзённікі, у большасці згубленыя ў 1941 годзе.

Напад Германіі на СССР сустракае ў Старым Самборы Львоўскай вобласці. З першых дзён на фронце — на Збручы, пад Уманню, Мікалаевым, Сінелькавым, Растовам-на-Доне, Лазавой. У снежні 1941 года атрымаў раненне. У лютым—траўні 1942 года вучыўся ў Каменску на курсах палітычнага складу Паўднёвага фронту, па заканчэнні камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію як супрацоўнік газеты «Красноармейская правда» («Чырвонаармейская праўда»).

20 чэрвеня 1942 года цяжка паранены, асколак бомбы раздрабіў правае плячо. Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі. Трапіў у горад Бугуруслан, з лістапада 1942 года выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута (месціўся ў Бугуруслане). У Бугуруслане Мележ ажаніўся.

У 1943—1944 гадах выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (месціўся тады на станцыі Сходня пад Масквой). Працу выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі БДУ сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля перавёўся на стацыянарнае навучанне.

Творчы перыяд У жніўні 1944 года разам з БДУ пераехаў ў Мінск, скончыў універсітэт у 1945 годзе. У 1945—1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры БДУ, працаваў над дысертацыяй паводле творчасці Кузьмы Чорнага. Дысертацыю не скончыў, але ў гэты ж час пачаў публікавацца як пісьменнік. Матэрыялы дысертацыі сталі асновай артыкула «Пра творчасць Кузьмы Чорнага».

З траўня 1945 года па студзень 1947 года адначасова з вучобай у аспірантуры, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». Па заканчэнні аспірантуры працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. З жніўня 1950 года па верасень 1951 года працаваў кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі ў пытаннях літаратуры ЦК КПБ.

З 1966 года сакратар, у 1971—1974 гадах намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967—1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру.

Хварэў на ныркі і сухоты. Памёр 9 жніўня 1976 года ад сардэчнага прыступу. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Сям’я Быў жанаты з Лідзіяй Мележ-Пятровай, дзве дачкі — Людміла і Ларыса.

Творчасць Дэбютаваў у друку вершам «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена» ў 1939 годзе, прозай на рускай мове — апавяданнем «Последняя операция» — у газеце «Бугурусланская правда» у 1943 годзе, прозай на беларускай мове — апавяданнем «Сустрэча ў шпіталі» — у газеце «Звязда» за 25 лістапада 1944 года. У 1941—1942 гадах Мележ вёў дзённік, запісы якога ў 1977 годзе ўвайшлі ў яго «Першую кнігу», што ўбачыла свет ужо пасля смерці пісьменніка.

У 1946 годзе выйшаў зборнік апавяданняў Мележа «У завіруху», загаловачнае апавяданне з якога высока ацаніў яшчэ Кузьма Чорны. У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы «Гарачы жнівень». Назву ёй дала аднайменная аповесць, напісаная ў 1946 годзе пасля наведвання спаленай і спустошанай падчас вайны роднай вёскі. Аўтар паэтызуе будзённую сялянскую працу, перадае душэўную прыгажосць простых вясковых людзей. Менавіта ў гэты час пісьменнік па-новаму адчуў, што значыць Палессе ў яго жыцці. Ужо ў ранніх творах Івана Мележа назіралася тэндэнцыя да аб’яднання ў цыклы («Гарачы жнівень», апавяданні «Перад навальніцай» і «Павел прыехаў»).

Паступова пашыраліся жанравыя рамкі творчасці пісьменніка. З канца 1947 года ён працуе над раманам «Мінскі напрамак» (1947—1953). Аўтар расказвае пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра аперацыю «Баграціён». У 1960—1970-я гады гэты твор быў перапрацаваны, стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны.

Надрукаваў некалькі апавяданняў: «У гарах дажджы» (1954) і «Спатканне за горадам» (1955). Першае з іх, што дало назву аднаму са зборнікаў, напісана на матэрыяле даваеннай службы аўтара ў войску. Апавяданні і аповесці 1950-х гадоў склалі тры зборнікі прозы: «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Маленькія аповесць — «Дом пад сонцам» (1954), п’есы — «Пакуль вы маладыя» (1955), «Дні нараджэння», «У новым доме» (1957).

Стварыў цыкл раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Першы з іх Іван Мележ называў «лірычным раманам», наступныя часткі трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Усходнім Палессі, жыцця савецкай Беларусі 1920—1930-х гадоў, шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго глыбокім і тонкім псіхалагізмам. «Палеская хроніка» — філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на важным гістарычным этапе.

Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 годзе спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 годзе спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

У 1975 годзе выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты», у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).

Бібліяграфія

Зборнікі апавяданняў «У завіруху» (1946); «Гарачы жнівень» (1948); «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948); «Блізкае і далёкае» (1954); «У гарах дажджы» (1957); «Што ён за чалавек» (1961); «Жыццёвыя клопаты» (1975); «Белыя вішні і яблыні» (1976); «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977).

Раманы «Мінскі напрамак» (1952, перапрацаванае выданне 1974); «Палеская хроніка» (трылогія): «Людзі на балоце» (1962); «Подых навальніцы» (1966); «Завеі, снежань» (1978).

П’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаноўка 1957); «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958); «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966).

У 1969—1971 гадах выйшаў збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гадах — у 10 тамах.

Экранізацыя твораў

Тэлевізійныя пастаноўкі

Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1965, Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР, 1966, рэж. Аляксандр Гутковіч), а таксама тэлевізійныя пастаноўкі «Сустрэчы і развітання» (тэлефільм «Завеі, снежань», 1979) і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989).

Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў 1966 годзе пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

Фільмаграфія

«Людзі на балоце» (1981, сцэнарый Віктар Тураў, рэжысёр Віктар Тураў, Беларусьфільм) «Подых навальніцы» (1982, сцэнарый Віктар Тураў, рэжысёр Віктар Тураў, Беларусьфільм)

Грамадзянскія погляды

У сваім артыкуле «На вышыні жыцця» (1968) адмоўна ацэньваў палітыку русіфікацыі ў БССР: У 1973 годзе разам з шэрагам іншых савецкіх пісьменнікаў падпісаў ліст з нападкамі на Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава.

Узнагароды і прэміі Два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (28 кастрычніка 1967; 5 лютага 1971); Ордэн Чырвонай Зоркі (6 жніўня 1946); Ордэн «Знак Пашаны» (25 лютага 1955); Медалі; Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце»; Ленінская прэмія (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»; Народны пісьменнік БССР (1972) за «вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры»; Дзяржаўная прэмія БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

Памяць

Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Шчучыне, Дзятлаве, Івацэвічах, Кобрыне, Драгічыне, Іванаве, Пінску, Століне, Нясвіжы, Лельчыцах, Глінішчы, Хойніках, Рэчыцы, Івянцы, Смалявічах, Мазыры, в. Касцюковічы, Стараселлі. Вуліца Івана Мележа была ў Львове (Украіна), у 2016 годзе далучана да вуліцы Зэмэльнай.

Імем Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход «Іван Мележ», Беларуска-славянская гімназія № 36 у Гомелі, гарадская бібліятэка № 2 у Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна.

Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый Вячаслава Адамчыка, 1978).

У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка. У Глінішчы створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст Івана Мележа. У 2010 годзе ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».

У 1980 годзе заснавана Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.

У 2024 годзе Іван Мележ пасмяротна атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Хойніцкага раёна.

6 лютага 2025 года на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёна», размешчанай у гарадскім парку горада Хойнікі (Гомельская вобласць), устаноўлена таблічка з імем І. П. Мележа. У раённым Доме культуры горада Хойнікі (Гомельская вобласць) прайшла літаратурна-музычная праграма «Пясняр палескай зямлі».

Паходжанне прозвішча Мележ