«Лексікон славенароскі» (арыгінальная назва: «Лексіконъ славенорωсскїй альбо Именъ тлъкованїє») — адзін са старэйшых і найбольш значных друкаваных слоўнікаў старабеларускай і стараўкраінскай моў, створаны лексікографам, пісьменнікам і друкаром Памвам Бярындай. Першае выданне пабачыла свет у 1627 годзе.

Гісторыя стварэння і крыніцы Памва Бярында працаваў над стварэннем свайго фундаментальнага слоўніка каля 30 гадоў. Мэтай аўтара пры складанні «Лексікона» было аднаўленне царкоўнаславянскай традыцыі літаратурнай мовы, што разглядалася як сродак супрацьстаяння наступу каталіцтва і паланізацыі культуры праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай.

Галоўнай асновай і папярэднікам працы Бярынды стаў першы друкаваны ўсходнеславянскі слоўнік — «Лексіс…» Лаўрэнція Зізанія, выдадзены ў 1596 годзе Віленскай брацкай друкарняй. Аднак Бярында значна пашырыў аб'ём матэрыялу: калі слоўнік Зізанія налічваў крыху больш за 1000 слоў, то «Лексікон» Бярынды ўтрымліваў каля 7000 слоў, што амаль у 4 разы перавышала папярэдніка.

Сярод іншых важных крыніц, якімі карыстаўся аўтар, былі анамастыконы Максіма Грэка і Мануіла Рытара, а таксама тлумачэнні ўласных імён у Антверпенскім выданні Бібліі (1571). Крыніцамі для царкоўнаславянскага рэестра кнігі паслужылі ўсе кнігі Старога і Новага Запавету паводле Астрожскай Бібліі, а таксама разнастайныя царкоўнаславянскія рукапісы і друкаваныя выданні да пачатку XVII стагоддзя.

Змест і структура «Лексікон» з'яўляецца выдатным дасягненнем старабеларускага і стараўкраінскага слоўніцтва. Кніга структурна падзелена на дзве часткі. Першая частка — уласна «лексікон» — уяўляе сабой царкоўнаславянска-старабеларускі слоўнік, які налічвае каля 5000 артыкулаў. Другая частка пад назвай «…Імёны ўласныя» ўтрымлівае каля 2000 артыкулаў (з іх каля 1400 уласных імён) і ўяўляе сабой збор тлумачэнняў тапонімаў, людскіх імён, а таксама агульных назваў неславянскага паходжання. Агулам у слоўніку сабрана каля 7000 слоў — агульных і ўласных назваў пераважна тагачаснай царкоўнаславянскай мовы з перакладам і тлумачэннем іх на заходнярускую літаратурную мову пачатку XVII стагоддзя.

Словы з рэестра падабраны па дыферэнцыяльных прынцыпах: туды ўключаны спецыфічныя царкоўнаславянскія словы, агульнаславянскія лексемы, архаічныя для старабеларускай мовы канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў, а таксама ўласна старабеларускія словы. Абсалютная большасць элементаў неславянскага паходжання (асабліва грэчаскіх і лацінскіх), сабраных асобна ў другой частцы, суправаджаецца заўвагамі, якія паказваюць на крыніцу іх запазычання. Да іх даюцца старабеларускія адпаведнікі, што спрыяла нармалізацыі лексікі тагачаснай літаратурнай мовы на народнай аснове. Нармалізацыі служыла і дакладнае фармальнае размежаванне рэестра і перакладной часткі з дапамогай двукроп'я. Перакладная частка змяшчае старанна падабраныя эквіваленты вакабул з шырокім наборам сінонімаў, што робіць працу адным з найбуйнейшых сабранняў старабеларускай лексікі таго перыяду.

У «Лексіконе» ўжыты ўсе асноўныя сродкі навуковай прапрацоўкі матэрыялу. Бярында выкарыстоўваў пашпартызацыю рэестравых слоў (вакабул), разнастайныя рэмаркі, цытаты з твораў, указанні на фразеалагізмы, у якія ўваходзяць вакабулы, а таксама рабіў заўвагі пра напісанне і паходжанне слоў. У працы змешчаны шэраг тлумачэнняў энцыклапедычнага характару, а значэнне некаторых слоў аўтар раскрывае з дапамогай этымалагічных звестак. Больш падрабязна апрацавана семантыка мнагазначных слоў. Бярында нярэдка паказваў на метафарычнае і вобразнае ўжыванне лексем, упершыню ў айчыннай лексікаграфіі ўжыўшы спецыяльныя абазначэнні, такія як «пераносныя», «инорѣчнѣ» і «метафар.».

Куцеінскае выданне 1653 года У 1653 годзе манахі Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (каля Оршы) здзейснілі перавыданне «Лексікона славенароскага» ў сваёй манастырскай друкарні. Ініцыятарам і рэдактарам гэтага выдання выступіў куцеінскі ігумен, вядомы кнігавыдавец і асветнік Іаіль Труцэвіч. Ён асабіста падрыхтаваў тэкст да друку, унёс пэўныя папраўкі і напісаў да слоўніка ўласную прадмову, адрасаваную чытачам.

Гэтае выданне мела велізарнае значэнне для жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, якія вывучалі лексіку славянскай мовы менавіта па куцеінскай рэдакцыі слоўніка. Акрамя таго, куцеінскае выданне «Лексікона» шырока экспартавалася за межы дзяржавы і мела вялікі попыт у суседняй Маскоўскай дзяржаве.

Значэнне Гэты слоўнік адыграў вялікую ролю ў развіцці ўсёй усходнееўрапейскай і славянскай лексікаграфіі, аказаўшы ўплыў на развіццё беларускага, украінскага, рускага, польскага і румынскага слоўніцтва.

Крыніцы

Літаратура

Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 56. — 737 с. Горецький П. Й. Памва Беринда і його «Лексіконъ словеноросскїй» // Українська мова в школі. — 1956. — № 2.

Спасылкі

Памво БЕРИНДА ЛЕКСИКОН СЛОВЕНОРОСЬКИЙ (1627) Памво БЕРИНДА ЛЕКСИКОН СЛОВЕНОРОСЬКИЙ (1653)

Катэгорыя:Слоўнікі старабеларускай мовы Катэгорыя:Слоўнікі ўкраінскай мовы Катэгорыя:Царкоўнаславянская мова Катэгорыя:Выданні Куцеінскай друкарні Катэгорыя:Кнігі 1627 года Катэгорыя:Кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі Вялікага Княства Літоўскага