До́бруш () — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Добрушскага раёна, на р. Іпуць. За 28 км ад Гомеля, чыгуначная станцыя на лініі Гомель—Унеча (Расія), аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Гомелем, Веткай, Церахоўкай, Навазыбкавым (Расія).

Назва На думку В. Жучкевіча, назва горада Добруш паходзіць ад асновы добр у значэнні «дабро, землеўладанне». Параўн., напрыклад, у нямецкай Gut — «дабро» і «маёнтак», прыкладна тое ж у англійскай і г. д.В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 102..

На думку А. Рогалева, назва горада Добруш супастаўляецца з украінскім гідронімам Дабруша (басейн Днястра) і паўднёваславянскім тапонімам Дабруша, якія ўтвораны ад асновы добр- і архаічнага славянскага фарманта -уша (Крывуша, Гнілуша, Драгуша, Любуша і інш.). Назва магла быць прынесена з рухам славянскіх груп з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, і можа разумецца як «благаславёнае месца»А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). Гомель, 2008. С. 56-58..

Ёсць версія (чыя?), што назва Добруш — спадчына мясцовага балцкага насельніцтва, якая таксама адзначаецца ў гідронімах вакол Добруша — рэчках Чачоры, Рэкце, Гжуні, Ачосе. Паводле лінгвіста Ул. Тапарова, верхнедняпроўскія гідронімы тыпу Дабрэйка, Добрыч, Дубрыч паходзяць ад балцкіх каранёў *dubur-, *daubur-, якія выкарыстоўваюцца ў словах, звязаных з паглыбленымі месцамі (у рацэ, на дарозе, у лесе). У Літве вядомыя некалькі гідронімаў Dabr-upis, антрапонім Dabrišius. У літоўскай мове ўтваральнік -š- даволі прадуктыўны і надае слову значэнне суаднесенасці з нейкай аднастайнай сукупнасцю. Балцкая форма назвы Добруша аднаўляецца як Dabrušis. Узнікненне такой назвы ў гэтым месцы, каля Іпуці, магчыма, было матывавана вірамі або асабліва глыбокімі месцамі ў рацэ.

Гісторыя Вядомы з 1560 года як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага. З 1565—1566 гадоў — у Менскім ваяводстве. У 1640-я гады ў Добрушы было 9 двароў, 3 службы.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Добруш апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. З 1777 года сяло Вылеўскай воласці Беліцкага павета, цэнтр Добрушскай эканоміі, якая аб’ядноўвала 14 навакольных вёсак. Налічваў 87 двароў. Тут працавала сукнавальня, вадзяны млын, існавала карчма. У 1775 годзе ў Добрушы збудавалі палатняна-парусінавую мануфактуру, пазней мукамольную і ліцейную мануфактуры і цукровы завод. Належаў графу П. А. Румянцаву-Задунайскаму

У 1834 годзе Добруш перайшоў да князя І. Ф. Паскевіча. З 1852 года — у Гомельскім павеце. У 1870 годзе Паскевічы заснавалі ў Добрушы папяровую фабрыку, на якой пачала працаваць першая ў Беларусі электрычная станцыя. У 1886 годзе ў Добрушы было 185 двароў, існавалі царква, школа, бальніца, гандлёвыя рады. У 1887 годзе адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя Палескіх чыгунак, пасля чаго Добруш атрымаў значны штуршок у развіцці.

У пачатку XX ст. у мястэчку жыло 2,5 тыс. чалавек. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ўвайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала Добруш разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе вярнуўся ў склад БССР, атрымаў афіцыйны статус рабочага пасёлка, цэнтр раёна. У 1927—1935 гадах уваходзіў у склад іншых раёнаў. У жніўні 1927 года атрымаў статус горада. З 1935 года зноў цэнтр раёна.

Са жніўня 1941 года да кастрычніка 1943 года знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

16 мая 1957 года ў гарадскую рысу ўключаны пасёлак Вадапой Жгуна-Будскага сельсаветаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 мая 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5..

У сакавіку 1963 года атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання.

Насельніцтва

XXI стагоддзе: 2006 год — 19,0 тыс. чал.; 2008 год — 18,7 тыс. чал.; 2016 год— 18 380 чал.; 2017 год — 18 760 чал., 2019 год — 18,3 тыс. чал.Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2020 г., па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе вабласцей, раёнаў і пасёлкаў гарадскога тыпу Нацыянальны статыстычны камітэт

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай, цэлюлозна-папяровай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца «Добруш» (зараз разбурана).

Сімвалы Герб Добруша Сцяг Добруша Горад мае свой гімн: аўтарам слоў з’яўляецца паэт Мікалай Мікалаевіч Ждановіч, а музыкі — Рыгор Козыраў (дырэктар Добрушскай дзіцячай музычнай школы).

Культура Добрушскі раённы краязнаўчы музей Газета «Добрушскі край»

Славутасці Гістарычная забудова горада (кан. XIX — пач. XX стст.) Свята-Мікалаеўскі сабор (1995) Комплекс будынкаў папяровай фабрыкі (1870), пр. Луначарскага, 8 — Будынак былой школы для вучняў работнікаў папяровай фабрыкі (1909), вул. К. Маркса, 1 — Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (1-е тысячагоддзе да н.э. — 1-е тысячагоддзе н.э.), 3 км ад горада, урочышча Літвецкае альбо Змееў Курган — Жылы дом працаўнікоў паперні (XIX/XX ст.). Будынак музея (1885). Будынак шпіталя (2-я пал. XIX ст.) Магіла Героя Савецкага Саюза Ф. М. Хлуднева (1944), на могілках — Брацкая магіла (1943), вул. Гагарына — Брацкая магіла (1918), вул. Лазо — Брацкая магіла (1941—1944), пр. Луначарскага, у парку — Брацкая магіла (1941—1944), вул. Чырвонаармейская — Брацкая магіла (222 воіны Савецкай Арміі) (1941—1944), на могілках — Брацкая магіла (48 воінаў Савецкай Арміі і партызан) (1941—1944), на могілках — Магіла ахвяр фашызму (1941) — Геалагічнае агаленне крышталічных парод у Добрушы — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Мемарыяльны комплекс «Памяць» Помнік Івану Шамякіну

Страчаная спадчына Царква (канец XIX ст.).

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Іван Мікалаевіч Бакуцкі (нар. 1913) — савецкі скульптар. Пётр Мікалаевіч Бухонка (1906—1944) — Герой Савецкага Саюза. Аркадзь Іванавіч Вольскі (1932—2006) — савецкі і расійскі грамадскі дзеяч. Мікалай Мікалаевіч Ждановіч (нар. 1957) — беларускі паэт, празаік і журналіст. Фёдар Якаўлевіч Кухараў (1924—1946) — Герой Савецкага Саюза. Павел Віктаравіч Мажэйка (1911—1987) — Герой Савецкага Саюза. Рыгор Дзянісавіч Мухін (1901—1992) — Герой Савецкага Саюза. Павел Мінаевіч Раманаў (1905—1944) — Герой Савецкага Саюза. Ілья Архіпавіч Уласенка (1902—1963) — Герой Савецкага Саюза. Міхаіл Рыгоравіч Чыжэўскі (1896—1964) — навуковец у галіне земляробства, доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР — С, 302.. Рыма Іванаўна Шаршнёва (1925—1942) — савецкая партызанка.

Галерэя

Гл. таксама Гарады Гомельскай вобласці Гарады Беларусі Добрушскі аўтобус

Зноскі

Літаратура

Добруш // Dobrusz // S. 420 Dobrusz // Добруш //

Спасылкі

г. Добруш на Radzima.org

Катэгорыя:Населеныя пункты на Іпуці