Глыбо́чына — возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Вядзеціца, за 41 км на паўночны ўсход ад Полацка.
Плошча паверхні возера 0,37 км². Даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня 0,7 км. Найбольшая глыбіня дасягае 6,8 м. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны вышынёй 5—10 метраў, стромкія, складзены з пяскоў. Берагі пясчаныя, вышынёй 0,3—0,7 м. Месцамі берагі зліваюцца са схіламі катлавіны, на паўднёвым усходзе і паўночным захадзе возера — сплавінныя. Берагавая лінія звілістая. Літаральная зона стромкая. Дно возера ў паўночнай частцы пясчанае, у цэнтральнай і паўднёвай частках выслана сапрапелямі. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Упадае ручай з возера Бярэзінак і выцякае ручай у возера Вядзета. Прыбярэжная расліннасць займае палосу да 10 м і пашырана да глыбіні ў 2 метры.
У возеры водзяцца лешч, плотка, шчупак, акунь, лінь і іншыя віды рыб.
Літаратура
Ліст карты N-35-11. Выданне 1987 г. Стан мясцовасці на 1986 г.
Катэгорыя:Азёры Полацкага раёна Катэгорыя:Басейн Дрысы