Беларускі рок — умоўная назва рок-музыкі, створанай музыкантамі з Беларусі. Гэта музыка меркавана ўзнікла ў канцы 60-х, але самы актыўны росквіт шматлікіх гуртоў у гэтай плыні перапаў на пачатак 1980-х. Найбольш важныя гурты: Мроя (з 1994 — N.R.M.), Ляпіс Трубяцкі, KRIWI, TT-34, Верасы, Акцэнт, ULIS, Neuro Dubel, Новае Неба, BLAGI MAT!!!, Open Space, Hair Peace Salon, Jitters, Бонда і Крама.
Адметнасці Галоўнымі тэмамі беларускага року з’яўляецца традыцыйна ўсё, звязанае з беларусамі, сённяшняй Беларуссю, а таксама яе гісторыяй. Эмацыйная, сэнсавая і гукавая палітра беларускага року разнастайная, але даволі часта ў беларускіх рок-музыкаў прысутнічаюць тэмы змагання, салідарнасці, жыцця пры аўтарытарызму, свабоды, нацыянальнай самаідэнтычнасці і свядомасці, беларускай мовы, рэпрэсій і эміграцыі.
У гучанні беларускіх рок-гуртоў часта можна заўважыць заігрыванні з народнымі матывамі, тэмамі, інструментамі.
Беларускаму року часцей за ўсё ўласцівы тэксты на беларускай і рускай мовах.
Вялікі знешні ўплыў на беларускі рок аказвала разнастайная заходняя рок-музыка (у прыватнасці Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых еўрапейскіх краін), а таксама музыка краін былога СССР (у прыватнасці Расіі і Украіны).
Гісторыя
1960-я гады
З 12 па 14 красавіка 1968 года ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце прайшоў адзін з першых у СССР рок фестываляў — «Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска». Фестываль быў арганізаваны камсамолам і прымеркаваны да 50-годдзя БССР і 50-годдзя УЛКСМ. У фестывалі прынялі ўдзел аматарскія гурты з Мінска («Алгарытмы», «2+2», «Дойліды», «Рэфлекс», «Пінгвіны», «Грыфы», «Вясёлыя лісы», «Дысканты», «Ювента», «Сінія гітары», «Скіфы»). Па правілах фестывалю кожны ансамбль павінен быў выканаць сем кампазіцый (твор савецкага кампазітара, твор беларускай тэматыкі, уласны твор, інструментальны твор і тры любыя кампазіцыі па свайму выбару). Галоўны прыз «Бурштынавую гітару» атрымаў гурт «Алгарытмы», другі прыз «Хрустальную вазу» атрымалі «Дойліды».
Адзін з членаў журы, малады кампазітар Ігар Лучанок, тады адзначыў, што ў гэтай музыцы хацелася б чуць «менш перайманняў» і «больш нашага, савецкага рэпертуару». Нягледзячы на тое, што ўсе калектывы, акрамя «Алгарытмаў», былі раскрытыкаваны з боку журы, пра фестываль станоўча адгукнулася рэспубліканская прэса. Крытычныя заўвагі зводзіліся да таго, што ў музыкаў няма нармальнага завадскога абсталявання, а гітары і ўсю апаратуру ім даводзіцца рабіць самім. Газета «Чырвоная змена», напрыклад, панаракала на тое, што прафесійныя кампазітары мала пішуць твораў у жанры біг-біт (у СССР біг-бітам у гэты час называлі любую сучасную электрагітарную музыку: рок-н-рол, блюз-рок, рытм-энд-блюз і г д.).
Усе тры дні фестывалю яго здымалі кінахронікеры «Беларусьфільма». Са знятага матэрыялу быў змантаваны невялікі кароткаметражны 10-хвілінны фільм пад назвай «Маршрут № 13» (назва адной з песень гурта «Алгарытмы»). Пакуль ішоў мантаж фільма, у Чэхаславакіі адбыліся падзеі, вядомыя як Пражская вясна. У сувязі з гэтым змяніўся і палітычны клімат у Савецкім Саюзе. Было прынята рашэнне не выпускаць гатовы фільм на кінаэкраны. Фільм праляжаў на паліцы да 1977 года, калі выйшаў акт аб яго знішчэнні, а таксама ўсяго працоўнага матэрыялу да яго. Копію фільма схаваў і захаваў аператар Эдуард Гайдук.
1970-я гады
Яшчэ 1 верасня 1969 года акампанавальны ансамбль «Лявоны», арганізаваны Уладзімірам Мулявіным пры Мінскай філармоніі, быў пераведзены ў разрад вакальна-інструментальных. У кастрычніку наступнага 1970 года ансамбль прыняў удзел у IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, перад гэтым змяніўшы назву на «больш сур’ёзную» — «Песняры». Першы прыз у той раз нікому не ўручаўся, а другую прэмію падзялілі «Песняры», Леў Лешчанка і грузінскі ансамбль «Дыэла». Такім чынам, «Песняры» атрымалі права на запіс альбома. Падчас працы над альбомам да «Песняроў» далучыўся Леанід Барткевіч, удзельнік ансамбля «Залатыя яблыкі». Альбом выйшаў у 1971 годзе. Ён не меў назвы, таму яго часта называюць па першай песні, «Ты мне вясною прыснілася». Гэтая пласцінка разышлася 4-мільённым тыражом. Рэпертуар «Песняроў» складаўся ў асноўным з беларускіх народных песень, якія Мулявін пераклаў на біг-бітоўскія і блюзавыя мелодыі. Хоць сам Мулявін быў рускім па нацыянальнасці, ён зрабіў так, што беларускія народныя песні спяваў увесь Савецкі Саюз.
У 1974 годзе выйшла другая пласцінка «Алеся», куды акрамя народных песень увайшлі ўжо і песні на вершы беларускіх паэтаў. У 1976 годзе на музычным кірмашы MIDEM у Канах, куды прыязджаюць музыкі з усяго свету, якія прадалі больш за ўсё пласцінак у сваёй краіне, «Песняры» прадстаўлялі фірму «Мелодыя» і Савецкі Саюз. Там на іх звярнулі ўвагу амерыканскія прадзюсары і запрасілі на гастролі ў Амерыку. Такім чынам, «Песняры» сталі першым савецкім гуртом, які правёў гастролі па ЗША. У 1976 годзе «Песняры» прадставілі рок-оперу на вершы Янкі Купалы — «Песня пра долю», а ў 1978 годзе канцэптуальная серыя працягнулася операй «Гусляр». Гэтыя працы былі зроблены больш сур’ёзна, чым папярэднія, у стылі арт-року.
У БССР у гэты перыяд часу працавалі і іншыя ВІА («Верасы», «Сябры»), але яны ўяўлялі сабой звычайную савецкую эстраду.
1980-я гады У канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў у мінскім маладзёжна-камсамольскім кафэ «Сузор’е» працаваў штатны музычны калектыў пад такой жа назвай. Музыканты гурта «Сузор’е» ігралі хард-рок. Падобнае стала магчымым з-за некаторай лібералізацыі рэжыму ў СССР з прычыны Алімпіяды-80. Аднак ужо ў 1983 годзе, пры Юрыі Андропаве, пачаліся ганенні на рокераў і калектыў «Сузор’е» быў забаронены. Тым не менш усе музыкі працягнулі працаваць у філармоніі. У 1984 годзе яны выпусцілі магнітаальбом «Рок-тэрапія». У 1986 годзе аднавілі выступы як «Сузор’е», а ў 1988 годзе выпусцілі пласцінку «Вераснёўская рака» на фірме «Мелодыя».
Сітуацыя ў рок-музыцы цалкам змянілася з надыходам перабудовы. У 1986 годзе камсамол арганізаваў у Наваполацку «Рэспубліканскі конкурс маладзёжнай палітычнай песні», першыя месцы на якім занялі брэсцкі гурт «Залатая сярэдзіна» і мазырскі «Адлюстраванне» . У Наваполацку і Полацку развіўся даволі шырокі рок-рух, самым прыкметным гуртом якога стаў гурт «Мясцовы час». Пазней там будзе арганізаваны штогадовы фестываль «Рок-кола» . У 1986 годзе рок-клуб пад назвай «Няміга» быў створаны ў Мінску. Рок-клуб праводзіў свой фестываль «Тры колеры». У 1988 годзе ў Гродне прайшоў фестываль «Рок-крок».
У 1990 годзе беларускія студэнты ў Польшчы арганізавалі фестываль беларускай музыкі «Басовішча».
Метал-гурт «Удар» (да 1987 года называўся «Эдэльвейс» і ў якасці ВІА з 1983 года выконваў песні на брэсцкай танцпляцоўцы) удзельнічае ў рок-фестывалі «Рытмы граніцы-1987», які адбыўся ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў, з 1988 года гурт дае канцэрты, выступае на фестывалях у Данецку, Мінску, Наваполацку. У 1989 годзе «Удар» запісваюць свой адзіны магнітаальбом «Не забі» (рус.: «Не убей»), які выходзіць у адкрыты продаж.Культовая метал-группа из Белоруссии // 29.12.2020
Гурт «Бонда» (раней называўся «Студыя 7») выпусціў у 1986 годзе адзін з першых беларускамоўных альбомаў гэтага дзесяцігоддзя «Месца пад сонцам». У 1989 годзе гурт распаўся і на яго аскепках з’явіліся такія гурты, як ULIS, «Крама» і The Little Blues Band. У 1989 годзе гурт ULIS запісаў у Польшчы свой дэбютны альбом «Чужаніца», які атрымаў шмат станоўчых водгукаў у беларускай прэсе, а ў 1991 годзе альбом быў перавыдадзены фірмай «Мелодыя». У 1989 годзе беларускія музычныя журналісты звярнулі ўвагу на гурт «Мроя», дзе тады граў на клавішах і спяваў Лявон Вольскі. Яны адправілі ліст на фірму «Мелодыя» з просьбай запісаць гэтых музыкаў. «Мелодыя» даслала ў Мінск перасоўную гуказапісвальную студыю. Так з’явіўся альбом «Дваццаць восьмая зорка».
Як і ў астатнім Саюзе, рокеры канца гэтага дзесяцігоддзя спрабуюць падымаць у сваіх песнях тэмы розных вострасацыяльных праблем часу. Моднай з’яўляецца тэма нацыянальнага адраджэння. На беларускую рок-музыку гэтага часу аказвае некаторы ўплыў польскі рок (Lady Pank).
1990-я гады У пачатку 1990-х гадоў беларускі рок перажывае крызіс. Многія прыкметныя гурты мінулага дзесяцігоддзя ў пачатку 1990-х распадаюцца. Распад СССР, здабыццё Беларуссю незалежнасці і наступ дэмакратыі выбіваюць глебу з-пад ног у нацыянальна арыентаваных гуртоў. Лявон Вольскі, лідар гурта «Мроя», успамінае: «Мы не маглі сябе знайсці падчас росквіту дэмакратыі. Мы былі змагарамі і іміджам, і душой. А ў той час змаганне стала абсалютна непатрэбным».
У 1990 годзе Уладзімір Серафімаў і Віталь Кунц у Брэсце заснавалі гурт «Садъ». Як і большасць андэграўндных гуртоў, «Садъ» не ўпісваўся ні ў адну з тусовак. Першы поспех прыйшоў у 1997 годзе з выхадам альбома «Мы пред врагом не спустили...», які быў адзначаны станоўчымі рэцэнзіямі ў мінскай «Музычнай газеце» і ў піцерскім часопісе Fuzz. Пасля перамогі на фестывалі Rock-Line у Кунгуры ў 1998 годзе песні гурта сталі гучаць на радыёстанцыях Масквы, Кіева і Мінска.
У 1993 годзе з’яўляецца рок-гурт Drum Ecstasy, якая становіцца ўнікальным музычным праектам. У гурце чатыры музыкі граюць на барабанах са сталёвымі карпусамі і ствараюць гукавую сцяну для ўзрыву аўдыторыі. Рок-гурт прадстаўляе свой варыянт гучання: цяжкую танцавальную музыку, створаную трыма барабаншчыкамі, якіх падтрымлівае падмурак, прапушчаны праз апрацоўку сэмплаў і электроннай перкусіі бас-гітары.
З’яўляюцца новыя гурты, якія пазней стануць знакавымі ў беларускім року. У 1991 годзе заснаваны гурт «Крама». Іх дэбютны альбом «Хворы на Rock-n-Roll» (1993) лічыцца адным з найлепшых у дыскаграфіі гурта. Заяўляе аб сабе панк-гурт Neuro Dubel, першы паўнавартасны студыйны альбом якога «Умные вещи» выйшаў у 1995 годзе. Адраджаецца з новым складам гурт ULIS. Асабняком ад усяго стаіць мінскі гурт «Красные Звёзды», які прымыкае да нацыянал-камуністычнага рок-руху «Рускі прарыў» і гастралюе па Расіі разам з Ягорам Летавым і «Гражданской обороной».
Жыццё ў рок-музыку ўдыхаюць першыя прэзідэнцкія выбары, якія праходзяць у ліпені 1994 года. Аляксандр Лукашэнка, які перамог на выбарах, пачынае з таго, што вяртае краіне савецкую сімволіку і праводзіць палітыку па выцясненні беларускай мовы. Закрываюцца беларускія школы і ўніверсітэты, беларуская мова становіцца мовай пратэсту. Некаторыя рускамоўныя гурты пачынаюць выконваць песні на беларускай мове. Удзельнікі гурта «Мроя» мяняюць свой кірунак з хард-року на альтэрнатыўны рок (гранж) і арганізуюць новы гурт N.R.M. (Незалежная Рэспубліка Мроя). У другой палове 1990-х гадоў гурт N.R.M. становіцца культавым на беларускай рок-сцэне. Пікам поспеху гурта стаў альбом «Тры чарапахі» (2000). Супрацьстаяць сістэме спрабуе і Кася Камоцкая ў сваім гурце «Новае Неба».
У 1994 годзе была арганізавана музычная прэмія «Рок-каранацыя». Рок-каронай узнагароджваюцца рокеры, якія адзначыліся ў канкрэтным годзе.
З’явай становіцца гурт «Ляпіс Трубяцкі», першы паўнавартасны альбом якога «Ранетое сердце» (1996) робіць гурт папулярным у Беларусі, а наступны альбом «Ты кинула» (1998) прыносіць славу на ўсёй постсавецкай прасторы.
У 1990-х гадах у прафесійных музыкаў прачынаецца цікавасць да фальклору. З’яўляюцца музычныя калектывы, якія сінтэзуюць традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва Беларусі з рок-музыкай. Ва ўжытак уваходзяць такія інструменты, як дуда, дудка, жалейка, гуслі, варган, акарына, ліра. Найбольш яркімі прадстаўнікамі такога эксперыментальнага фалькларызму сталі: «Палац», «Юр’я», KRIWI, «Бан-Жвірба», этна-трыа «Троіца». Яны змаглі атрымаць прызнанне сярод прафесіяналаў і аматараў народнага мастацтва.
Сумесныя альбомы