Касцё́л Свято́га Іо́сіфа і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі комплекс на Высокім Рынку ў Мінску. Размяшчаецца па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, якая першапачаткова называлася Вялікай Бернардзінскай вуліцай. Помнік архітэктуры стылю барока XVII стагоддзя.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Кляштар бернардзінцаў быў заснаваны ў 1624 годзе па фундацыі краснасельскага старосты Андрэя Кенсоўскага і яго жонкі Гальшкі з Ляўковічаў, якія падаравалі бернардзінцам пляц з драўляным домам на Высокім рынку. Фундацыя пацверджана ў 1625 каралём Жыгімонтам III Вазай і віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам у 1628 годзеШчакаціхін М. Помнікі старадаўняе архітэктуры. XVII—XVIII ст.ст. у Менску // Запіскі аддз. гуманіт. навук. 1928. Кн. 6. С. 16; Baliński М., Lipiński Т. Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana. Warszawa, 1846. T. III. S. 819.. Драўляныя касцёл і канвент збудаваны ў 1630-я гг., але ў 1644 годзе згарэлі. У 1644—1652 гадах узведзены мураваныя касцёл і кляштар, якія ў 1656 годзе, у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, таксама згарэлі.
Аўстрыйскі дыпламат А. Маерберг у 1661 годзе занатаваў, што пабачыў у Менску «спусташэнне, зробленае гэтаму гораду маскоўцамі», і адзначыў, што бернардзінцы «пачалі ўжо там папраўляць свае разбураныя святыні»Мінск. Спадчына старога горада [Выяўленчы матэрыял] = Минск. Наследие старого города = Minsk. Heritage of the old city : 1067―1917 / Віктар Корбут, Дзмітрый Ласько ; [навуковы рэдактар У. М. Дзянісаў ; пераклад на англійскую мову: А. В. Валасач]. — Мінск : Беларусь, 2016. — 413, с. : іл., каляр. іл., партр. ; 30 см. — Тэкст паралельна на беларускай, рускай і англійскай мовах. — Бібліяграфія: с. 402―409. — 2000 экз. — ISBN 978-985-01-1205-7.
У хуткім часе яны адноўлены з дабудаванай у 1676 годзе мураванай капліцай па фундацыі Крыштофа Станіслава Завішы, у крыпце якой адбываліся пахаванні прадстаўнікоў знатных родаў: Завішаў, Кенсоўскіх, Тышкевічаў, Хмараў і інш. Аднак, наведаўшы кляштар у 1697 годзе, рускі стольнік П. Талстой адзначыў касцёл як «небогатого строения»Денисов B.H. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985. С. 49..
Аўстрыйскі пасол Ё. Г. Корб, наведаўшы Менск у 1698 годзе, заўважыў, што тутэйшыя бернардзінцы «жывуць бедна».
Як сведчыў ігумен мінскага манастыра базылян Ян Аляшэўскі, у канцы лютага — на пачатку сакавіка 1708 года казакі абрабавалі бернардзінскі кляштар: «усе тады вымушаны былі з кляштара ўцячы», а бернардзінскі «ксёндз-прэзідэнт, які быў у вялікай небяспецы і ледзьве жывы ўскочыў у наш манастыр, вымушаны быў дзеля аховы свайго здароўя скінуць бернардзінскую расу і апрануць базылянскую».
Перабудаваны ў 1752 г. пасля пажараў 1738 і 1740 гг., у выніку чаго ён набыў цяперашнія рысыПечанко С. «Мінская спадчына» зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл Св. Язэпа // «Наша Ніва», 29 студзеня 2010 г.. Паводле польскага гісторыка архітэктуры Войцэха Бабэрскага аўтарам рэканструкцыі можа быць архітэктар Абрагам Вюрцнер.
У 1753 г. на ахвяраванні рэчыцкага харунжага Я. Юдзіцкага памерам 8 тысяч злотых пры кляштары заснавана брацтва Святой Ганны. Дзейнічала школа філасофіі, у якой 1753—1799 гадах было 8—10 навучэнцаў, 2 выкладчыкі.
Пад уладай Расійскай імперыі У 1819 годзе заснавана пачатковая школа з навучаннем па сістэме Бэла—Ланкастэра (88 вучняў), у 1830 годзе ў кляштары было 13 манахаў і 12 клірыкаў. Зноў пашкоджаны пажарамі ў 1809 і 1835 гг., але ў хуткім часе адноўлены.
Манастырскі комплекс, які ўключаў касцёл Св. Іосіфа, жылыя дамы, трапезную, школу, шпіталь, 2 стайні, піваварню і іншыя гаспадарчыя пабудовы (захаваліся часткова), уваходзіў у ансамбль плошчы Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды) і вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірылы і Мяфодзія). 3 паўднёвага боку каля касцёла ў 1810—1817 гг. пабудаваны гандлёвыя рады.
У XIX стагоддзі ў кляштары знаходзілася бібліятэка на 1532 тамы (у 1817 годзе яе нанова скамплектавалі). Паводле У. Сыракомлі, манахі к 1850-м гадам «не сабраліся ўпарадкаваць тут кнігасховішча», што пацярпела ад агню ў 1835 годзе. Т. Корзан сведчыў, што да 1850-х гадоў сам бываў у «некалькіх келлях», кляштар быў «шматлюдны».
У 1862 годзе ў кляштары здарыўся пажар, у выніку якога былі знішчаны і папсаваны начынне і аздобы. Аднак манахі неўзабаве зрабілі рамонт.
У 1864 г. кляштар скасаваны і пераўтвораны ў праваслаўны мужчынскі Свята-Духаў манастыр. У 1864 г. манастырскія будынкі часова выкарыстоўваліся пад следчую турму для ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў, пазней перададзены ваеннаму ведамству. Касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св. Кірыла і Мяфодзія, а кляштарныя карпусы былі ператвораныя ў казармы Каломенскага пяхотнага палка і памяшканні следчай камісіі.
3 1872 года пасля скасавання касцёла ён выкарыстоўваўся пад архівы.
Найноўшы час Да 1922 года будынак касцёла меў адрас Мала-Манастырскі завулак, 4Архивное дело в БССР (1918—1968). Сборник законодательных и руководящих документов. Минск, 1972. С. 17..
З 1923 года ў будынку касцёла па адрасе вул. Бакуніна, 4 размяшчаўся Менскі абласны архіў. Тут знаходзілася канцылярыя архіва, а архівасховішча размяшчалася ў суседнім будынку былога Свята-Духавага сабора па вул. Бакуніна, 3Спіс абанентаў Менскай АТС. — Мн., 1939. — 215, с. ; 26 см. — 4000 экз. — 4 р.. У час нямецкай акупацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны ў будынку касцёла дзейнічаў Менскі акруговы архіў Менскага акруговага камісарыятаГернович, Т. Д. Минский окружной архив в годы Великой Отечественной войны (по материалам Государственного архива Минской области) // Архивы и война. К 75-летию Победы над фашизмом [Электронный ресурс]: материалы междунар. науч. конф., Минск, 4 нояб. 2020 г. / Белорус. гос. ун-т; под общ. ред. А. Г. Кохановского; науч. ред. М. Ф. Шумейко. — Минск : БГУ, 2021. — С. 34-39..
У выніку рэканструкцыі ў пачатку 1960-х гадоў прастора залы расчлянёна на паверхі 2 жалезабетоннымі перакрыццямі. У 1963 годзе Мінскі абласны архіў пераехаў у новы будынак па вул. Даўгабродскай, 32 (цяпер вул. Казлова, 26). З 1969 года ў былым касцёле месціўся Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР. У будынку кляштара ў савецкі час знаходзілася ваенная камендатура.
У 1984 годзе фасады касцёла часткова рэстаўрыраваныя (архітэктар Г. Босак). Быў адноўлены фігурны шчыт, за ўзор якога ўзяты шчыт уніяцкай царквы ў Барунах. У 1988 годзе разглядалася магчымасць стварыць тут музей этнаграфіі і старажытнабеларускага мастацтва.
З 1992 года ў ім знаходзіцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі.
З 19 сакавіка 2005 года сябры рымска-каталіцкай парафіі Святога Іосіфа ладзілі штодзённыя вячэрнія малебны за вяртанне будынка касцёла вернікам. 15 ліпеня 2009 года ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што касцёл бернардзінцаў не могуць вярнуць каталікам праз тое, што няма сховішча, куды можна перамясціць фонды архіваўМінскі кляштар бернардзінцаў вернікам не аддадуць // Наша Ніва, 15 ліпеня 2009 г..
У 2009—2014 гадах былы кляштар рэканструявалі пад гатэль «Манастырскі», адкрыццё якога прымеркавалі да Чэмпіянату свету па хакеі 2014 году.
У 2022 годзе га галоўным фасадзе касцёла праведзеныя працы па аднаўленні гістарычнага каларыту (арх. Р. Забела).
Архітэктура
Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Трохнефавая 6-слуповая бязвежавая базіліка з 5-граннай апсідай, накрыта агульным высокім двухсхільным дахам. Бакавыя нефы ўтвараюць па 3 злучаныя паміж сабой капліцы, накрытыя аднасхільнымі дахамі.
У архітэктуры пануе пластычны сілуэт галоўнага фасада, які мае хвалістую паверхню, раскрапаваную 4 шырокімі іанічнымі пілястрамі на 3 часткі, цэнтральная з якіх завершана фігурным шчытом з валютамі па баках. Уваход вырашаны шырокім парталам, над якім прабіта вялікае 3-лопасцевае арачнае акно хораў, абапал якога паміж пілястрамі — нішы, дзе стаялі стукавыя скульптуры святых. Сцены бакавых фасадаў расчлянёны арачнымі і лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках, контрфорсамі на апсідзе.
Інтэр’ер Унутры цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем (абрынулася ў гады Вялікай Айчыннай вайны), бакавыя капліцы, адна з якіх фундавана ў 1676 годзе К. Завішам — крыжовымі. Скляпенне над прэсбітэрыем мела фрэскавы роспіс. У тоўшчы сцяны галоўнага фасада вітыя лесвіцы на хоры і ў склеп. Дэкор і жывапіс 9 алтароў, за выключэннем лепкі капітэляў пілястраў і слупоў, не захаваліся. Алтары Св. Антонія, Бязгрэшнага Зачацця, Св. Роха, Маці Божай Ружанцовай у 1864 г. перанесены ў касцёл езуітаў. У сакрысціі меліся 3 партрэты апекуноў кляштара генерала Мараўскага, памешчыкаў Станішэўскага і Чапскай. На хорах быў пастаўлены 10-галосы арган, які ў пачатку XIX стагоддзя быў заменены на новы «на 22 галасы і з 4 мяхамі».
У выніку апошняй рэканструкцыі (пачатак 1960-х гг.) прастора залы расчлянёна на паверхі 2 жалезабетоннымі перакрыццямі.
Кляштар 3 паўночнага ўсходу да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане кляштарны корпус. Архітэктурны рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры ў прасценках. Галерэйная планіроўка аб’ядноўвае манаскія келлі, трапезную, бібліятэку і інш. Тэрыторыя кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамай.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Касцёл Святога Іосіфа рамесніка і кляштар бернардзінцаў на Radzima.org
Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў 1652 годзе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Мінску Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінска Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Вуліца Кірыла і Мяфодзія (Мінск) Катэгорыя:1652 год у Еўропе