Касцё́л Беззага́ннага Зача́цця Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і (таксама Найсвяцейшай Панны Марыі) — рыма-каталіцкі парафіяльны касцёл у Бабруйску, помнік архітэктуры неаготыкі пачатку XX стагоддзя. Знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай, 121 (гістарычная Касцёльная, раней Разенмаркаўская). Адзіны дзейны каталіцкі храм горада і цэнтр парафіі, якая ўваходзіць у Бабруйскі дэканат Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Мураваны касцёл быў закладзены ў 1903 годзе і збудаваны ў 1906 годзе на месцы згарэлага драўлянага касцёла; 9 верасня 1912 года святыню і яе галоўны алтар кансэкраваў магілёўскі арцыбіскуп-мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі.Маліноўскі В. ...Толькі касцёл // Наша вера. — 2012. — № 3 (61). У 1960-я гады галоўны фасад і вежу часткова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак; першапачатковы выгляд касцёла дагэтуль не адноўлены.
Папярэднія святыні парафіі
Папярэднім парафіяльным касцёлам Бабруйска быў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Паводле Віктара Маліноўскага, гэта была рэнесансная святыня, пабудаваная ў 1630-я гады; у старэйшай літаратуры яе заснаванне датавалася 1615 годам і звязвалася з бабруйскім старостам Пятром Трызнам. Касцёл цярпеў ад пажараў у 1648, 1655 і 1859 гадах, а 15 снежня 1885 года канчаткова згарэў.Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 2: Djecezja mińska. Z. 15: Dekanat ihumeński, Dekanat bobrujski. — Warszawa — Petersburg, 1914. — S. 251—252.
4 лютага 1808 года ў старым парафіяльным касцёле быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які нарадзіўся ў той жа дзень у фальварку Панюшкавічы. Мемарыяльная шыльда пра гэты хрост цяпер размешчана ў сучасным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, хоць у 1808 годзе гэтай святыні яшчэ не існавала.«Узгадваюць раз на два гады». Як у Бабруйску ўшаноўваюць памяць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому сёлета 215 гадоў // Будзьма беларусамі!. — 6 лютага 2023.
Пасля пажару 1885 года ўратаваныя касцёльныя рэчы перанеслі ў суседнюю двухпавярховую плябанію, дзе адзін з пакояў быў прыстасаваны пад капліцу прыкладна на 70 чалавек. Паколькі землі з былым парафіяльным касцёлам і плябаніяй знаходзіліся ў межах Бабруйскай крэпасці, каталіцкая супольнасць пачала дамагацца месца для новай святыні ў іншай частцы горада.
У 1895 годзе на Слуцкім фарштаце, па вуліцы Разенмаркаўскай, пачалося будаўніцтва новага драўлянага касцёла і плябаніі. Богаслужэнні ў ім пачаліся 1 мая 1896 года. У 1901 годзе драўляны касцёл згарэў, што стала непасрэднай прычынай будаўніцтва цяперашняга мураванага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Ад гэтай лініі парафіяльных святынь трэба адрозніваць былы езуіцкі касцёл Святога Станіслава Косткі, узведзены ў XVIII стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Бабруйскай крэпасці.
Гісторыя
У 1901 годзе ксёндз Ян Красоўскі быў прызначаны выконваючым абавязкі дэкана Бабруйскага дэканата, а ў 1902 годзе стаў дэканам і парафіяльным пробашчам. Пасля пажару драўлянага касцёла ён арганізаваў будаўніцтва новай мураванай святыні.
8 мая 1903 года ў Бабруйску быў закладзены краевугольны камень неагатычнага касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Красоўскага і інжынера Станіслава Шабунеўскага. Архітэктар быў звязаны з Бабруйскам біяграфічна: у дзяцінстве ён жыў у горадзе і вучыўся ў мясцовай прагімназіі, бо яго бацька Апалінарый-Даніла Шабунеўскі служыў у Бабруйскай павятовай паштовай канторы.Шабунеўскія і Бабруйск. Да Ночы расстраляных паэтаў // 1387.io. — 29 кастрычніка 2023. Сярод ахвярадаўцаў крыніцы называюць Шымана Забелу, Баляслава Тышкевіча, Вінцэнта і Марыю Козел-Паклеўскіх, Юзэфу фон Урдман, сем'і Сыраколяў-Булгакаў, Зарубаў, Кяльчэўскіх і Мурашкаў, а таксама генерала Яблонскага, князёўну Радзівіл, маркграфіню Веляпольскую і Эдгара Булгака.Кур’ер Польскі. — 9 чэрвеня 1903.
У другой палове 1906 года будаўніцтва касцёла было завершана. Паводле Маліноўскага, цягам наступных гадоў у адзіным стылі былі выкананы галоўны алтар, канфесіяналы, амбон, лавы, балюстрада паміж навай і прэзбітэрыем, а ў 1908 годзе на хорах былі ўсталяваны арганы фірмы братоў Рыгераў. 9 верасня 1912 года касцёл і галоўны алтар кансэкраваў магілёўскі арцыбіскуп-мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі.
У 1902/1906—1912 гадах пробашчам парафіі і дэканам бабруйскім быў ксёндз-канонік Ян Красоўскі. У 1906—1920 гадах у парафіі працавалі ксяндзы Вітальд Івіцкі, Вацлаў Пацэвіч, Ян Брэчка, Вінцэнт Латарэвіч, Караль Бялініс і Адам Пучкар-Хмялеўскі. На пачатку XX стагоддзя ў бабруйскім касцёле служыў таксама святар, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля). Падчас Першай сусветнай вайны ў касцёле служыў Міхал Сапоцька.Касцёл у Бабруйску вернікам пакуль не аддадуць. Разбіраемся ў гісторыі шматпакутнай святыні // Белсат. — 21 студзеня 2023.
У 1934 годзе касцёл адабралі ў вернікаў; паводле іншых звестак, службы ў ім былі забароненыя ў 1935 годзе. Будынак выкарыстоўваўся пад сельскагаспадарчую выставу, збожжасховішча і склад. Падчас нямецкай акупацыі ў 1941 годзе касцёл зноў адчынілі для богаслужэнняў, але пасля вяртання савецкай улады службы былі забароненыя. У 1946 годзе касцёл зноў афіцыйна закрыты.
У 1921—1944 гадах парафіяй апекаваўся ксёндз Фелікс Выліжынскі. У 1930-я гады ён быў рэпрэсаваны, пасля вызвалення вярнуўся ў Бабруйск і падчас нямецкай акупацыі зноў служыў у парафіі. У 1944 годзе святар памёр; першапачаткова яго пахавалі каля касцёла, а ў 1967 годзе парэшткі перапахавалі на хрысціянскіх могілках па вуліцы Мінскай.Tadeusz Poleski. Pastoral work by the Catholic Church in Belorussia (1917—1984) // Religion in Communist Lands. — 1985. — Vol. 13, № 3. — P. 298—313. DOI: 10.1080/09637498508431211.
З 1946 года да канца 1960-х гадоў у будынку размяшчаліся філіял краязнаўчага музея, архіў і кіналекторый. У 1967—1968 гадах, падчас перабудовы пад будынак упраўлення будаўнічага трэста, фасад касцёла быў забудаваны, шатровае завяршэнне вежы знесена, а сама вежа ўмуравана ў пяціпавярховы адміністрацыйны корпус. Залу касцёла ператварылі ў клуб са сцэнай у прэзбітэрыі. Першапачаткова ў прыбудове планавалі інтэрнат на 197 асобаў, але ўрэшце ў ёй размясцілася адміністрацыя домабудаўнічага камбіната. У публікацыі 1387.by/«Будзьма» адзначалася, што ў розных крыніцах перабудову датуюць 1963, 1964 або 1968 гадамі.
У кастрычніку 1989 года Бабруйскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра вяртанне касцёла каталіцкай супольнасці. Фактычная перадача адбылася 1 сакавіка 1990 года, а 13 ліпеня 1990 года біскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў адрамантаваную святыню. Тады касцёлу і парафіі быў нададзены тытул Святых Апосталаў Пятра і Паўла; 9 снежня 1996 года мітрапаліт, кардынал Казімір Свёнтак здзейсніў рэкансэкрацыю, пасля якой касцёлу і парафіі вярнулі гістарычны тытул Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
У 2017 годзе ААТ «Бабруйскбудкомплекс», адміністрацыйны будынак якога быў прыбудаваны да касцёла, збанкрутавала. У тым жа годзе жыхары Бабруйска сабралі больш за 500 подпісаў за аднаўленне касцёла, аднак гэта не прывяло да практычнага вырашэння пытання. У кастрычніку 2018 года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў будынак касцёла безгаспадарным і перадаў яго ў камунальную ўласнасць. У 2021 годзе пытанне касцёла абмяркоўваў з магілёўскімі ўладамі біскуп Казімір Велікаселец, а ў 2022 годзе з бабруйскімі ўладамі сустракаўся мітрапаліт Юзаф Станеўскі. У студзені 2023 года стала вядома пра патрабаванне заключыць дамову арэнды памяшканняў касцёла; пытанне поўнага вяртання будынка парафіі заставалася нявырашаным.Касцёл у Бабруйску: вернікі амаль два гады павінны плаціць арэнду за карыстанне будынкам // Царква і палітычны крызіс у Беларусі. — 13 снежня 2024.
Архітэктура
Першапачаткова касцёл быў вырашаны ў стылі неаготыкі. Паводле апісання Віктара Маліноўскага, гэта быў трохнававы мураваны храм даўжынёй каля 36 м, шырынёй каля 19 м і вышынёй каля 17 м. Званіца з шатровым завяршэннем дасягала каля 42,5 м і была завершана металічным крыжам.
У галоўным алтары знаходзіўся абраз Беззаганнай Мадонны — копія твора іспанскага мастака XVII стагоддзя Барталаме Мурыльё. Над алтарамі бакавых наваў размяшчаліся абразы Маці Божай Вастрабрамскай і Сэрца Збавіцеля. Тэрыторыя вакол касцёла і плябаніі была абнесена цаглянай агароджай з каванымі пралётамі.
Пасля савецкай перабудовы 1960-х гадоў галоўны фасад і вежа касцёла страцілі першапачатковы выгляд. Уваход у святыню цяпер звязаны з прыбудаваным пяціпавярховым корпусам, які ў савецкі час выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.
Сучасныя пробашчы парафіі
Час кіравання Імя з 13 ліпеня 1990 Анджэй Шчэнсны з 15 сакавіка 1993 Раман Факсінскі з 30 студзеня 2000 Антоній Клімантовіч люты—жнівень 2001 Аляксандр Тарасевіч з 7 жніўня 2001 Генрых Акалатовіч з 21 жніўня 2005 Уладзімір Русак, адміністратар з 18 кастрычніка 2005 Юрый Быкаў з 3 жніўня 2014 Андрэй Яркавец
Касцёл у культуры
Касцёл апісаны ў аповесці Фларыяна Чарнышэвіча «Nadberezyńcy» («Надбярэзынцы»), аўтар паказаў яго важным рэлігійным асяродкам палякаў ва Усходняй Беларусі, месцам пілігрымак і арганізацыі свят, якія адначасова былі маніфестацыямі польскасці.Florian Czarnyszewicz: XIII Na Białą Procesję. W: Nadberezyńcy. T. 1. S. 89.
Гл. таксама
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Бабруйск) Касцёл Святога Станіслава Косткі і калегіум езуітаў (Бабруйск) Бабруйская крэпасць
Крыніцы
Літаратура Малiноўскi В. Л. I будуць расчынены брамы : гісторыя касцёлаў Бабруйска. — Мінск : Про Хрысто, 2008. — 112 с., л. фат. — ISBN 978-985-6628-99-9. Фларыян Чарнышэвіч: Nadberezyńcy. Powieść w trzech tomach osnuta na tle prawdziwych wydarzeń. Выд. 1. Кракоў: ARCANA sp. z o.o., 2010. — 638 s. — ISBN 978-83-60940-69-3. Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 2: Djecezja mińska. Z. 15: Dekanat ihumeński, Dekanat bobrujski. — Warszawa — Petersburg, 1914.
Спасылкі
Афіцыйны сайт Рыма-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску Старонка «Аднаўленне бабруйскага касцёла» ў Facebook Здымкі на Radzima.org Здымкі на Globustut.by «Мы напоўнім Твой храм ззяннем нашых вачэй…»
Бабруйск Катэгорыя:Касцёлы Бабруйска Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Катэгорыя:1906 год у Бабруйску