Мнагапёравыя (Polypteridae) — сямейства ганоідных рыб.

Апісанне Даўжыня да 90 см, у большасці відаў да 30 см. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная, ромбападобная. Восевы шкілет акасцянелы, маюцца покрыўныя скурыстыя косці на галаве, дзве гулярныя пласціны. Пазванкі маюць акасцянелыя целы і неўральны канал. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (ад 5 да 18), кожны з якіх мае адзіны шып, да якога мацуецца адзін або некалькі мяккіх прамянёў. Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове, падтрымліваюцца шматлікімі акасцянелымі радыяліямі, якія прымацоўваюцца да храшчовай пласціны і двух палачкападобных элементаў, і цераз іх — да лапаткі і каракоіда. Хваставы плаўнік вонкава сіметрычны, верхняя лопасць без лускі.

Шчэлепных дуг 4. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. Адтуліна пырскальца вялікая, але канал страчаны. Рот вялікі, сківіцы з зубамі, верхняя сківіца трывала мацуецца да чэрапа. Кішэчнік мае спіральны клапан. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю.

Пашырэнне Вядомы з сярэдзіны мелавога перыяду. Адзінае сямейства атрада мнагапёрападобных, падзяляецца на 2 роды (мнагапёры і каламаіхты), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі.

Асаблівасці біялогіі Актыўныя ўначы. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай.

Нераст у перыяд дажджоў, дробную ікру адкладваюць на водныя расліны ў залітай абалоне.

Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі.

Промысел Аб'ект мясцовага промыслу.

Літаратура

Катэгорыя:Сямействы рыб